Хто ведае, хто можа сказаць, чаму закаханыя гэтак хочуць дакрануцца адно аднаго рукамі? Не зважаючы ні на людзей, ні на час, цалюткімі днямі, не расплятаючы рук, яны сонна блэндаюць па зямлі, — як нешта адзінае, суцэльнае, непадуладнае ні людзям, ні свету... І глядзяць вакол сябе дзіўнымі замглёнымі вачыма, бо, мабыць, чуюць і бачаць тады штосьці іншае, — што іх яднае і чаго ў звычайным жыцці людзі не бачаць і не чуюць.
О-о, што ёсць каханне?..
Яно, каханне, усіх яднае: і вуркатлівых гуллівых галубоў, якія, галава да галавы, штодня гугукаюцца між сабою, і белых гордых лебедзяў, што аднойчы паруюцца на ўсё жыццё ў нястрымнай радасці, і гордых магутных ласёў, якія дзеля кахання калечаць сябе і сабе падобных, і рыб, якія па вясне, ломячы прыбярэжныя травы, клупцяцца і клупцяцца адна ля адной... Не толькі звяры і птушкі, мурашы і казюркі, але і травы і кусты напоўнены каханнем, — салодкімі пахкімі кветкамі яны вымольваюць пчол і мятлікаў, каб тыя паядналі іх... Усё, усё пранізана каханнем, без якога ніхто жыць не можа...
І хто асмеліцца расказаць пра гэту таямніцу?..
Асілак Сын мядзведзя ўсё гэтак, як і дагэтуль, злосна касавурыўся на шчаслівых рыбакоў, на ўзбуджаную Маю. Ён пакусваў вусны. Штосьці задумаў, гэта людзі разумелі, але што?
Сына мядзведзя ў родзе не надта любілі. Ні з таго ні з сяго ён мог зазлаваць і тады ніхто, апроч Руна і ягонай жонкі, не мог яго суцішыць. Яго аббягаў нават бязвінны ваўчок — неяк людзі бачылі, як Сын мядзведзя без прычыны нечакана нагою шпурнуў ваўчка ад сябе. Той ударыўся аб сасну і пакутліва заскуголіў. Пасля гэтага ваўчок аббягаў Сына мядзведзя і, як толькі яго бачыў, шчэрыў зубкі, шыпеў злосна, а то і гыркаў, не зводзячы вочак з яго. Сын мядзведзя тут жа хапаўся за палку, каб прыбіць ці змусіць ваўчка замоўкнуць, але той, адбегшы, шчэрыў зубкі. Людзі глядзелі на сутычкі ваўчка і Сына мядзведзя і пасміхаліся. Пасміхаліся, канечне ж, з гэтага асілка, які нічога не мог парабіць з маленькім ваўчком.
Урэшце Сын мядзведзя штосьці надумаў — пайшоў у будан, дзе ляжалі дзіды і сякеры, узяў каменную сякеру і знік у гушчары лесу.
Людзі моўчкі глядзелі яму ўслед — на ягоную магутную валасатую спіну, на тоўстыя калодзістыя рукі і ногі, на калматыя немаведама калі мытыя валасы, што грываю спадалі на шырокія, трохі сутулыя, плечы. Пасля таго, як Сын мядзведзя знік у гушчары, людзі неяк разам вальней уздыхнулі, як гэта бывае, калі ад іх сыходзіць нечым нялюбы па духу чалавек. Сын мядзведзя не любіў і не разумеў жартаў, а гэта для людзей роду многае азначала, бо калі чалавек не любіць жартаў, то яго трэба асцерагацца.
Хутка з лесу пачуўся стук каменнай сякеры, трэск ламачча.
— Рун, навошта Сын мядзведзя без прычыны палохае звяроў і птушак? Чаму ты, Рун, не спыніў яго? — спытаў хтосьці з паляўнічых.
Рун нічога не адказаў. Ён толькі моўчкі глядзеў у той бок, адкуль чуўся ляскат каменнай сякеры. Рун быў заклапочаны, ён штосьці абдумваў — гэта ўсе бачылі.
Людзі ведалі, што Рун — стары паляўнічы, ведалі, калі ён скалечыцца на паляванні, то Сын мядзведзя тут жа на сходзе роду запатрабуе, каб яго абралі старэйшынаю. І гэта адных палохала, другіх насцярожвала, некаторыя — былі і такія — ужо цяпер лісліва заглядвалі ў вочкі Сыну мядзведзя.
У апошні час нешта нядобрае тварылася ў родзе. Паляўнічыя хадзілі на паляванне, лавілі ў Пры рыбу, жанчыны збіралі ў лесе грыбы, ягады, травы і карэнне, якія патрэбны былі сцюдзёнай парою — усё, здавалася, ішло звыклым парадкам, а між тым нядобрая трывога пранізвала, здавалася, што гэтая трывога лунае ў паветры. І зыходзіла яна ад Сына мядзведзя. Настырна і надта пільна ён глядзеў у вочы кожнаму чалавеку. Ад ягонага бліскучага чорнага позірку людзі адчувалі сябе ніякавата — і вінаватымі невядома за што. Усё часцей, не пытаючыся дазволу ў Руна, ні з кім не раячыся, Сын мядзведзя сыходзіў у лес, а то яшчэ, як гэта часта робяць некаторыя людзі, рабіў выгляд, што не чуе, калі да яго хтосьці звяртаецца з просьбаю. «Аа — аа, што ты кажаш? Паўтары, я не чую», — казаў ён і яшчэ далонь прыкладваў да вуха. І прыніжаны чалавек, ведаючы, што Сын мядзведзя ўсё добра чуе, змушаны быў ці замаўкаць, ці паўтараць сваю просьбу...
Го-о-о-о, як лёгка можна скалечыць і прынізіць чалавека! Не трэба біць яго, не трэба голадам марыць, не трэба... Можна ўсяго толькі сказаць адно адзінае слоўца, можна зрабіць выгляд, што не заўважаеш позірку змучаных стомленых вачэй, можна проста адвярнуцца ад яго і — усё, ты — уладар, а ён — прыніжаны...
Але ці доўга ты будзеш цешыцца шчасцем сваім? Бо тут жа хваля крыўды пакрыўджанага пачне захлістваць цябе і, калі не адразу, дык потым адчуеш сябе прыніжаным перад нечым грозным і непазбежным, што некалі абавязкова спасцігне цябе і што зыходзіць не ад чалавека, — яно, тое грознае і непазбежнае, нікому з жывых непадуладнае і аточвае душу пакутлівым маўклівым колам адзіноты. І тады ўжо — жах непазбежнай расплаты ахоплівае чалавека...
Нарэшце, калі агонь нагрэў каменне, Вая перастала яго карміць. На гарачае каменне паляўнічыя палажылі дубовае сырое лісце, а на яго абкладзенага травамі і грыбамі сома. Зверху, каб ён лепей засмажыўся, яго ўкрылі дубовым лісцем.
Хутка па стаянцы разнёсся салодкі пах. Тады паляўнічыя дзідамі асцярожна перавярнулі рыбіну на другі бок. Навокал соладка пахла, што асцярожны шэры кот не вытрымаў, высунуўся з кустоў і, аблізваючы маленькім чырвоным язычком доўгія вусы, намякнуў людзям: «Мяя-ааў!..» Людзі, гледзячы на ката, усміхаліся.
У гэты час з гушчару высунуўся Сын мядзведзя. У адной руцэ ён трымаў каменную сякеру, а ў другой вялізную дубовую дубіну. Ён падышоў да Руна і глуха прабубнеў:
— Я зрабіў новую дубіну.
Мабыць, Сын мядзведзя чакаў воклічаў захаплення, якія тут нядаўна чуліся. Але маўчалі людзі. Дубіна была такая вялікая і цяжкая, што толькі Сын мядзведзя мог цягаць яе з сабою. Рун агледзеў дубіну. Ён нават аберуч патрымаў яе. А затым, каб супакоіць Сына мядзведзя, сказаў:
— Добрая дубіна. Я скажу паляўнічым, каб яны яе не чапалі. Яна будзе тваёй. Толькі трэба, каб дубіну апаліла Сонца. Тады яна стане лёгкай. І яшчэ трэба, каб агонь даў ёй сваю сілу.
Сын Мядзведзя палажыў дубіну навідавоку перад уваходам у будан і горда агледзеў род, чакаючы слоў калі не захаплення, то хоць бы ўдзячнасці. Але зноўку — ніхто ні слова не сказаў, нават малыя дзеці і тыя блізка не падыходзілі да Сына мядзведзя. А яны — і гэта ўсім вядома — без слоў ведаюць, хто перад імі; добры чалавек ці злы. І ўвогуле любоў людскую, як і каханне, ніякай сілаю, а тым больш дубінаю, не заслужыш, тут штосьці іншае патрэбна...
Нарэшце паляўнічыя дасталі з ямкі засмажанага сома і паклалі яго на чыстую траву, куды звычайна клалі смажаніну.
Крэмневым скрабком Рун адломваў кавалкі смажанай рыбіны і раздаваў супляменнікам. Першыя кавалкі сома ён даў дзецям, пасля — жанчынам, прадаўжальніцам роду. За імі елі старыя паляўнічыя, скалечаная Вая. Апошнімі — тыя, хто здабыў і сам Рун.
Людзі елі смакату і час ад часу пазіралі то на Руна, то на Сына мядзведзя. Яны ведалі, — калі той стане старэйшынаю, то напачатку ля спажывы будзе ён, за ім — паляўнічыя, а потым ужо — жанчыны, дзеці, старыя і ўсе тыя нямоглыя, хто не можа пастаяць за сябе.
Мабыць, людзі якраз і адрозніваліся ад ваўкоў тым, што спазналі закон Таго ўсемагутнага, які жыў наверсе: памажы слабейшаму — і табе ўсё вернецца...
Сом быў з’едзены. Людзі, канечне ж, не забыліся на ката, Мая аднесла яму ў кусты частку плаўніка. Калі косткі рыбіны былі перанесены ў будан, а навокал усё чыста прыбрана, Рун сказаў:
— Сягоння ў нас будзе сход. І на гэтым сходзе мы будзем гаварыць...
Нечакана для ўсіх падняўся з травы Сын мядзведзя і, перабіваючы
Руна — чаго дагэтуль ніхто ніколі не рабіў — прагудзеў: