Антон Неманцэвіч скончыў Пецярбурскую каталіцкую духоўную акадэмію і папскі Усходні інстытут у Рыме, абараніў доктарскую дысертацыю. Выконваў святарскія абавязкі ў Альбярціне і пры уніяцкай парафіі ў Сынковічах. У 1932-1937 гадах рэдагаваў беларускі уніяцкі часопіс “Да злучэньня”. А ў 1938 годзе разам з Янам Урбанам выдаваў часопіс “Злучэньне”.
У 1940 годзе львоўскім мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім нелегальна быў зацверджаны Беларускі Экзархат Грэка-Каталіцкай царквы, кананічна пацверджаны праз год Ватыканам і ўзначалены Антонам Неманцэвічам. Беларускі Экзарх, як духоўны прадстаўнік беларускага народу, мог выступаць ад ягонага імя ў Ватыкане.
У траўні 1942 года айцец Неманцэвіч разам са сваімі паплечнікамі заснаваў Апостальства Малітвы за Беларусь. Гэта значыць, кожны грэка-каталіцкі святар абавязаўся адзін раз у месяц праводзіць службу, на якой маліўся за беларускі народ. Але ўжо праз тры месяцы Антона Неманцэвіча арыштоўваюць супрацоўнікі СД, вывозяць яго ў Мінск і там расстрэльваюць.
Трагічным аказаўся лёс у Альбярціне і айца Антоні Гжыбоўскага. Пасля Кракава і Любліна, дзе ён вывучаў філасофію і багаслоўе, малады святар прыехаў у Альбярцін і быў прызначаны рэктарам лацінскага касцёла. Калі на Слонімшчыну прыйшлі немцы, айцец Гжыбоўскі вельмі шмат дапамагаў яўрэем, беларусам, палякам. Гэта не падабалася савецкім партызанам. Яны пераапрануліся ў нямецкую форму і 20 кастрычніка 1943 года ноччу ўварваліся ў яго дом, разбудзілі і вывезлі ў лес недалёка ад Альбярціна. Там яго расстралялі і закапалі ў зямлю…
Рэпрэсіі нямецкіх і савецкіх уладаў, а таксама знішчэнне айцоў Неманцэвіча і Гжыбоўскага, спынілі езуіцкую дзейнасць у Альбярціне. Пра апошнія гады дзейнасці ўсходняй місіі айцоў езуітаў у Альбярціне добра згадвае ў сваёй кнізе “З богам у Расеі” альбярцінскі ўніят Вальтэр Цішак: “Мая праца ў Альбярціне на дзве трэці была душпастырскай і на трэць настаўніцкай. Я выкладаў этыку маладым езуітам, якія вывучалі ў нашай місіі ўсходні абрад, і дзецям у школе — катэхізіс. Акрамя таго, быў вандроўным святаром, які наведваў у Альбярціне і навакольных вёсках сем’і, даючы ім парады, размаўляючы са старымі бабулямі і з хворымі, выконваючы тысячы дзеянняў, як і належыць душпастыру малога мястэчка. З-за таго, што нас у Альбярціне было мала, толькі трое святароў апрача начальніка а.Дамброўскага, і з-за таго, што я быў новапрыбылым чальцом, я атрымаў у спадчыну розныя дробныя павіннасці, якія звычайна выпадаюць на маладзейшага вікарыя.
Сам Альбярцін не быў горадам. Сапраўдным горадам быў Слонім над Шчарай, прамысловы асяродак на трасе галоўнай чыгуначнай лініі з Масквы ў Варшаву. Ад моста праз Шчару трэба было ісці пакручастай бруднай дарогай чатыры з паловай кіламетры да паселішча Альбярцін. Чыгунка таксама праходзіла праз Альбярцін, але гэта быў толькі прыпынак на трасе да Масквы. Адзінай магчымасцю далучыцца да гістарычнай славы, якую мог сабе дазволіць Альбярцін, быў напалеонаўскі гасцінец, які шырокім пасам прасцінаў лес у паўночным накірунку. Ён уяўляў сабой рэшткі дарогі, якая была збудавана пры Напалеоне ў час нападу на Расею.
Я прыбыў у Альбярцін у лістападзе 1938 года, адразу пасля канферэнцыі ў Мюнхене, на якой прынялі рашэнне раздзяліць Чэхаславаччыну і такім чынам забяспечыць, як выказаўся Чэмберлен, “мір у наш час”. Але хутка пасля майго прыезду Гітлер пачаў свой паход па здабыццю Гданьскага калідору. Усю зіму сітуацыя пагаршалася, ранняй вясной нават разышлася пагалоска, што пераапранутыя нямецкія салдаты прабраліся ў Гданьск і падрыхтаваліся да захопу горада раптоўнай атакай. Вяскоўцы ў Альбярціне сеялі яравыя не ведаючы, ці здолеюць у гэтым годзе зняць ураджай. Позняй вясной ужо паўсюль гаварылі пра вайну.
22 жніўня 1939 года Рыбентроп і Молатаў аб’явілі, што немцы і Расея падпісалі пакт аб узаемным ненападзе. Хутка пасля гэтага я атрымаў пасланне з амерыканскай амбасады ў Варшаве са звесткай, што неўзабаве можа выбухнуць вайна, і што я павінен падрыхтавацца пакінуць Польшчу. Абмеркаваў гэта з а. Дамброўскім і сказаў яму, што не хачу выязджаць. Я з’явіўся ў Польшчы, каб працаваць ва ўсходняй місіі, да таго ж я не пакідаў надзеі, што паеду ў Расею, і вайна можа даць мне магчымасць менавіта для гэтага. Адпісаў у амбасаду, што я патрэбны ў парафіі і застануся там, дзе я неабходны.
Праз некалькі дзён, 1 верасня 1939 года, Гітлер напаў на Польшчу. Увесь час слухалі радыё: навіны былі кепскія. На працягу невялікага часу нямецкія войскі акружылі Варшаву, горад быў абложаны і бамбаваны. Рэшткі польскага войска ішлі на ўсход уздоўж напалеонаўскага гасцінца праз Слонім і Альбярцін. Варшаўскае радыё змоўкла, і мы ўжо ведалі, што лёс Польшчы прадвызначаны. Што яшчэ горш, разышліся чуткі, што расейцы трымаюць велізарнае войска каля ўсходняй мяжы і хутка ўвойдуць у Польшчу.
Урэшце а.Дамброўскі вырашыў адаслаць езуіцкіх навіцыятаў дадому, прынамсі, да часу такога ўсталявання сітуацыі, каб можна было рабіць планы на будучыню. Ён сам паехаў у Вільню, каб спытацца ў біскупа, што рабіць з місіяй і парафіяй. З прычыны таго, што я амерыканскі грамадзянін, а. Дамброўскі вырашыў часова даверыць кіраўніцтва місіі мне. Айцец Грыбоўскі, які быў пробашчам парафіі лацінскага абраду, і а. Літвінскі, другі вікарый парафіі ўсходняга абраду, меліся заставацца з парафіянамі ў паселішчы.
Тады мы меркавалі, што немцы, а таксама і расейцы будуць паважаць амерыканскі пашпарт. У найгоршым выпадку амерыканская амбасада будзе заўсёды ведаць, дзе я, і здолее мне дапамагчы. Такім чынам сталася, што я, малады амерыканец, у дні, калі ўвайшлі расейцы, быў адзіным святаром місіі ў Альбярціне.
Першы расейскі афіцэр з’явіўся аднойчы пасля сняданку. Калі ён конна заехаў, каб паглядзець нашу езуіцкую місію, я знаходзіўся на падворку. Быў гэта чалавек сярэдняга ўзросту ў запыленым мундзіры колеру хакі з чырвонымі нашыўкамі расейкай арміі. Ветліва прывітаўся і аднёсся да мяне з павагай. Паглядаючы з-пад брыля, ён шчыра, так мне здалося, быццам просячы прабачэння, паведаміў, што можа ўзнікнуць патрэба ў раскватараванні некалькіх чальцоў штабу на некалькі дзён у нашых будынках. Ягоныя вочы выражалі стому. Ён здаваўся такім ветлівым, амаль прыязным, і я пачаў спадзявацца, што ўмовы жыцця ў Альбярціне пад расейскай акупацыяй, магчыма, не будуць кепскімі. На няшчасце, гэта быў апошні раз, калі я бачыў менавіта гэтага афіцэра. Думаю, ён у рэшце рэшт, вырашыў, што сядзіба графа Пуслоўскага будзе лепшай кватэрай для яго і ягонага штабу.
Пасля абеду таго дня з’явілася расейская вайсковая калона. Яе начальнік, малады капітан, не быў ні сімпатычным, ні агрэсіўным, а проста вельмі дзелавітым у практычных справах. Растлумачыў, што мае загад заняць семінарыю пад кватэры для войска. Паведаміў, што я магу захаваць за сабой пакой на другім паверсе і забраць, што хачу , з царкоўнага майна, бібліятэчных кніжак і маіх асабістых рэчаў, але астатнія будынкі з іх мэбляй будуць рэквізаваныя. Аднак абяцаў, што царква застанецца некранутай. Дзеля большай упэўненасці загадаў зрабіць праход праз падворак, каб людзі, ідучы ў царкву, не праходзілі па тэрыторыі, рэквізаванай для войска. Загадаў таксама замкнуць дзверы з семінарыі ў царкву, каб вайскоўцы не здолелі ўвайсці тым шляхам да царквы.
З’явіліся вайсковыя падраздзелы і занялі будынак. Пасля доўгіх дзён маршу жаўнеры кінуліся на семінарыю — як калісьці рэвалюцыянеры на Зімовы Палац. У двор заехалі грузавікі, і жаўнеры пачалі кідаць на іх праз вокны бібліятэкі ўсё, што трапляла ім у рукі. Кніжкі лёталі ва ўсіх накірунках. Жаўнеры ў двары смяяліся і жартавалі, крычалі на тых, што кідалі кніжкі праз вокны. Ім адказвалі гэтым жа. Урэшце, кніжкі былі вывезены на знішчэнне.
Калі гэта рабілася, я з жахам убачыў, як адзін з жаўнераў закінуў трос на манумент Найсвяцейшага Сэрца, што стаяў у двары, прывязаў да грузавіка і, пад гучныя крыкі жаўнераў, паваліў яго, разбіўшы на дробныя кавалкі. Абломкі пагрузілі на машыны і вывезлі. Назіраючы за гэтай сцэнай, я не мог зразумець, ці гэты асаблівы подзвіг быў выкананы па загадзе, ці гэта быў выбрык кагосьці з жаўнераў.
Наступная ноч было найгоршай з перажытых мной у Альбярціне. Спаць не мог, бо нада мной няспынна туды-сюды хадзілі жаўнеры. А назаўтра я быў выкліканы на асабістую гутарку з палітруком, агентам камуністычнай партыі альбо тайнай міліцыі, які меўся ў кожнай адзінцы Чырвонай Арміі. Ён хацеў даведацца, дзе ў Альбярціне знаходзяцца былыя чыноўнікі польскай улады. Я аб гэтым нічога не ведаў, так яму і сказаў. Ужываючы метад, з якім я добра пазнаёміўся пазней, палітрук задаў мне тое ж самае пытанне некалькі разоў у рознай форме. Настойваў на маім адказе, аргументуючы, што, калі я яму дапамагу, то тым самым дапамагу “народу”. “Мая дзейнасць з’яўляецца не палітычнай, а душпастырскай, — адказваў я. — Як пробашч дапамагаю людзям у духоўных справах і, калі маю магчымасць, у матэрыяльных”.
Тут ён разлаваўся, а з мяне гэтага было ўжо даволі. Я памкнуўся ўстаць, але ён мяне затрымаў, загадаўшы вярнуцца і сесці. Аднак астатнюю частку нашай “гутаркі” быў пачцівы і ветлівы. Неўзабаве праводзіў мяне да дзвярэй, кажучы, што хутка выкліча мяне зноў.
Замест яго праз некалькі дзён мяне выклікаў капітан. Паведаміў, што вайсковы статут забараняе цывільным асобам жыць у адным памяшканні з войскам. “Прапанаваў”, каб я перайшоў жыць у маленькі дамок у канцы саду місіі. Гэты сад некалі быў дворыкам яе нерухомай маёмасці. Перабраўся адразу пасля абеду, а вечарам да мяне далучыліся айцы Грыбоўскі і Літвінскі. Мы былі радыя, што жывем разам, супольна, але праз некаторы час мясцовы камуністычны камітэт вырашыў, што чатырохпакаёвы дамок для трох “буржуазных святароў”, гэта задужа. І прыслалі некалькі сем’яў, каб жылі з намі. Мы ўтрох занялі адзін пакой, дзве сям’і памясціліся ў вялікай сталовай, а тры — у меншым пакоі. Кухняй карысталіся пазменна…
Аднойчы раніцай, калі я прыйшоў у царкву, каб адправіць імшу, то застаў дзверцы ад кораба для святых дароў адкрытымі, а абрус з ахвярніка скінутым. Заўважыў таксама адсутнасць Найсвяцейшага Сакраманту. Я быў узрушаны. А калі заўважыў, што дзверы ў жаўнерскую дзяжурку ўжо не забітыя цвікамі, адразу зразумеў, што сталася і чаму.
Пасля абеду я паспрабаваў сустрэцца з капітанам, каб скласці скаргу, але безвынікова. Лацінская царква ў Альбярціне надалей функцыянавала нармальна, і наведвала яе больш людзей, чым калі-небудзь дагэтуль. Здавалася, што жаўнеры асабліва ненавідзелі каталікоў усходняга абраду, як чальцоў Царквы супрацьлеглай расейскаму праваслаўю, але амаль не перашкаджалі каталікам лацінскага абраду і шмат нашых вернікаў удзельнічалі ў святой імшы пераважна там. Таму я неахвотна вырашыў зачыніць царкву ўсходняга абраду. Перш чым зрабіць гэта, апошні раз абыйшоў яе з праверкай і выявіў, што жаўнеры, так каб ніхто аб гэтым не ведаў, ператварылі гарышча ў прыбіральню. З гэтага часу адпраўлялі імшу толькі ў лацінскай царкве альбо, для нешматлікіх парафіянаў, у нашым пакоі ў садовым дамку.
Менавіта ў гэты час прыйшла тэлеграма з амерыканскай амбасады. Прыйшла з Масквы, куды пераехала амбасада пасля падзення Варшавы. Мне раілі пераехаць у Маскву, адкуль маглі адправіць у Злучаныя Штаты, альбо, калі палічу гэта больш пажаданым, накіравацца ў амерыканскую амбасаду ў Румыніі. Я паказаў гэтую тэлеграму маім сябрам-святарам, і мы сумесна яе абмеркавалі. Палічылі, што я павінен выехаць. Праца ўсходняй місіі здавалася ў дадзены момант цалкам знішчанай.Асабіста я мала чаго здолеў бы зрабіць, таму мог быць лёгка заменены іншымі айцамі. Агент НКУС, праз чые рукі, мабыць, прайшла тэлеграма, таксама “падказваў”, што я, амерыканскі грамадзянін, павінен неадкладна пакінуць краіну. А я, насуперак тым прыспешванням, адчуваў, што адказваю за парафію і місію перад айцом Дамброўскім і павінен застацца да таго часу, пакуль не ўзгадню ўсё з ім. Аб гэтым пасля абеду напісаў у амбасаду, маўляў, вырашыў застацца ў парафіі, якая мне даверана. Не маю намеру пакідаць маіх авечак.
Крыху пазней прыйшла неспадзяванка. З езуіцкага аддзелу тэалогіі ў Львове прыбылі айцы Нястроў і Макар са звесткамі ад айца Дамброўскага, што біскуп вырашыў часова зачыніць усходнюю місію ў Альбярціне. Гэта было сапраўды дзіўнае спатканне для нас, трох мушкецёраў, тут, у гэтым маленькім дамку ў глыбіні сада, пад чорным покрывам акупацыі расейскімі войскамі.
Макар, высокі грузін, быў надзіва поўны захаплення. Са сваімі доўгімі хвалістымі валасамі, арліным носам і бліскучымі чорнымі вачыма, ён быў падобны на прыроджанага авантурыста, а падарожжа з Львова да Альбярціна яшчэ ўзмацніла ягоны запал. Нястроў прадстаўляў іншы тып авантурыста, хоць такім не выглядаў. Быў моцна складзены, амаль лысы, з мясістым носам, які рабіў яго падобным да талстога. Жаданне працаваць толькі ў Расеі штурхнула яго наперад, і ў той вечар ён быў вельмі ажыўлены. Ён сказаў мне, што адчувае: надыйшоў час ажыццяўлення нашых сумесных мараў. Расейцы занялі Польшчу, такім чынам, мы фактычна ў Расеі. А.Дамброўскі, зачыніўшы місію, вызваліў мяне ад абавязкаў у Альбярціне. А.Грыбоўскі, як меркавалася, мог заняцца тут лацінскай парафіяй. Чаму нам не выкарыстаць гэты шанец і не выслізнуць у глыб Расеі? Нястроў і Макар множылі аргументы, і мой энтузіязм рос. Урэшце разам вырашылі спрабаваць, калі згодзіцца наша начальства.
Дыскутавалі амаль да позняга ранку, і нашы планы станавіліся ўсё больш акрэсленымі. Нястроў і Макар меліся вярнуцца ў Львоў, а потым Макар павінен прыехаць за мною. З-за таго, што наша начальства знаходзілася ў Львове, усё павінна было пачацца адгэтуль. Я тым часам, не ўзбуджаючы падазрэнняў, што збіраюся з’ехаць, даводжу да ладу справы ў Альбярціне. Памятаю яшчэ свае словы да Нястрова пры развітанні з ім той ноччу: “У Расеі будзем вясною”.
Праз тыдзень, як і абяцаў, вярнуўся Макар, і на змярканні мы абодва выслізнулі з дому на дарогу да Слоніма. Цягнікі ўжо хадзілі не па раскладу, а на тыя, што хадзілі, нельга было набыць квіткі. Для майго грузінскага таварыша гэта паслужыла толькі выклікам. Мы дачакаліся на станцыі Слонім цягніка да Масквы і селі без квіткоў. Ні да каго не звяртаючыся праехалі Альбярцін. З вакна цягніка апошні раз убачылі сядзібу…”[13].
Саюз беларускай моладзі (СБМ)
У ліпені 1993 года, калі Савет Міністраў Беларусі ўзначальваў Вячаслаў Кебіч, некаторыя рэспубліканскія газеты апублікавалі на сваіх старонках інфармацыю “Ва ўрадзе рэспублікі”. У ёй, у прыватнасці, пісалася, што “Савет Міністраў Беларусі разгледзеў зварот Мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў вайны і працы, Камітэта па справах моладзі пры Саўміне, шэрагу іншых грамадскіх арганізацый і грамадзян, якія выказваюць пратэст і абурэнне ў сувязі са сходам, прысвечаным 50-годдзю стварэння Саюза беларускай моладзі (СБМ), які намячаўся на 26 чэрвеня г.г. у памяшканні Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы…Урад падтрымаў паступіўшыя ў яго адрас прапановы аб недапушчальнасці якіх-небудзь мерапрыемстваў, звязаных з юбілеем СБМ. Старшыня Савета Міністраў В.Ф.Кебіч падпісаў адпаведнае распараджэнне”. І хоць тадышні кебічаўскі Савет Міністраў забараніў святкаванне 50-годдзя СБМ, беларуская моладзь і дэмакратычныя сілы ўсё ж адзначылі слаўны юбілей Саюза беларускай моладзі — адну са старонак нашай гісторыі. Але што гэта была за арганізацыя і якое дачыненне да яе меў Альбярцін?
У пачатку чэрвеня 1942 года нямецкі рэйхсміністр акупіраваных усходніх тэрыторый Альфрэд Розэнберг выдаў дэкрэт аб стварэнні на акупіраваных усходніх тэрыторыях спецыяльнага маладзёжнага аддзелу ў нямецкім міністэрстве ўсходніх абшараў (ОМІ). Па-рознаму ўспрынялі гэты дэкрэт нямецкія акупацыйныя ўлады. Напрыклад, супраць былі генеральныя камісары ў Коўне фон Рэнтэльн, Кох на Украіне і некаторыя іншыя. А вось Вільгельм Кубэ на Беларусі, наадварот, быў прыхільнікам стварэння беларускай маладзёжнай арганізацыі. Ён шмат разоў ездзіў да Розэнберга, каб той афіцыйна даў дазвол на стварэнне такой арганізацыі. І на працягу некалькіх месяцаў Кубэ такі дазвол атрымаў. Ці не з’яўляецца гэта адной з прычын знішчэння Вільгельма Кубэ? Бо яшчэ ў снежні 1942 года “полицейские власти в Берлине и Минске начали компанию, имеющую целью политическую дискредитацию Кубэ, как проводника «противоречащих» интересам Германии белорусских национальных тенденций… 22 сентября 1943 года погиб в результате покушения, которое, возможно, было инспирировано СС»[14]. Менавіта Вільгельм Кубэ, як пісала далей гэта газета, пад лозунгам «Беларусь для беларусаў» прапагандаваў ідэі нямецка-беларускай супольнасці зацікаўлення і супрацоўніцтва, клапаціўся аб аднаўленні беларускіх школ і культурных устаноў, абараняў мінскія музеі і бібліятэкі ад рабавання і знішчэння арміямі. Але вернемся да стварэння СБМ і Альбярціна.
22 чэрвеня 1943 года, падчас урачыстасці ў Мінскім гарадскім тэатры, Кубэ аб'явіў аб стварэнні Саюза беларускай моладзі (СБМ). У прыватнасці ён сказаў:
1. Дзеля аднастайнага ўзгадавання і арганізацыі беларускае моладзі засноўваецца Саюз беларускай моладзі (СБМ).
[13] Ks.Walter Ciszek. Z Bogiem w Rosji (1939-1963). London, 1988. C.27-34. Пераклад Паўла Ляхновіча.
[14] Свободные новости. 1993, № 9, май