— За 6 злотых у 1930-я гады мінулага стагоддзя можна было купіць 3 бутэлькі гарэлкі. Добрыя боты каштавалі 7 злотых, касцюм — 14 злотых. А карову можна было купіць за 60–70 злотых.
— Значыць, для сям’і быў нядрэнны заробак?
— Нядрэнны, таму і прыйшлося мне тых цялят пасвіць да верасня 1939 года. Цяляты знаходзіліся ў лесніка Сітніка, і я кожны дзень са свайго хутара Зарэчча прыходзіў туды, выганяў цялят і пасвіў іх па лесе. Акрамя заробку, Пуслоўскі дазваляў майму бацьку бясплатна нарыхтоўваць для сябе дровы.
— А чым займаўся ваш бацька?
— Мой бацька быў бондарам: вырабляў з дрэва бочкі, балеі, лыжкі, вокны, дзверы, вуллі. Яму патрабаваўся лес. І Пуслоўскі бясплатна яго даваў.
— Ці цяжка было працаваць пастухом?
— Нялёгка. Але я ніколі цялят у лесе не губляў. Я іх так да сябе прывучыў, што яны заўсёды былі побач. На дзвюх цялушках нават катаўся. А выганяў іх да ўсходу сонца. Неяк праспаў і спазніўся, каб своечасова выгнаць жывёл на пашу, дык мяне Сітнік за гэта добра набіў кіем. Бацька паехаў і паскардзіўся наконт гэтага пану Пуслоўскаму. Пан моцна лаяў Сітніка.
— А ці сустракаліся вы з самім Уладзіславам Пуслоўскім?
— Сустракаўся. Ён часта наведваўся да ляснічага ў такой лёгкай карэце. Сустракаўся і з яго сынам Ксаверыям, які прыязджаў у савіцкі лес на паляванне. Але сын быў разбэшчаны, любіў выпіць і пагуляць з жанчынамі.
— На якой мове размаўляў пан Пуслоўскі?
— Ён размаўляў толькі на беларускай мове. Можа, з багатымі на фэстах гутарыў па-польску, але я чуў ад яго толькі беларускую мову.
— А ў палацы Пуслоўскага ў Альбярціне вам не пашанцавала пабываць?
— Быў з бацькам і ў Альбярціне, у канторы Пуслоўскага, дзе бацька атрымліваў за мяне заробак. Але ў самім палацы пабываць не давялося. Тады ў Альбярціне было ўсё вельмі прыгожа, чыста, культурна. Ды і пан Пуслоўскі да людзей адносіўся дужа шчыра, добра, па чалавечы міла. Калі ў каго было якое няшчасце — заўсёды дапамагаў. Хата згарыць — дасць бясплатна лесу, карова здохне — купіць карову. Людзі яго вельмі паважалі і любілі за такую дабрыню.
— А ці памятаеце, як Пуслоўскія ў 1939 годзе пакінулі Альбярцін?
— Не, не памятаю. Але мне расказваў бацька, што за два тыдні да прыходу ў Слонім бальшавікоў усе Пуслоўскія на цягніку выехалі кудысьці на Захад, мусіць у Францыю і ў Англію...
Сапраўды, у самым пачатку верасня 1939 года Уладзіслаў Пуслоўскі з сям’ёй назаўсёды пакінуў Альбярцін. Месцам жыхарства ён выбраў Парыж. У пажылым веку (пражыў 93 гады) спадар Пуслоўскі захапляўся гістарычнымі даследаваннямі. Ён быў жанаты на Крысціне Марыі Піньятэллі д’Арагон, прадстаўніцы італьянска-іспанскага княжаскага роду[9]. Яны мелі сыноў — Францішака і Ксаверыя, і дачку Марыю (Крысціну). Францішак з 1939 года жыў у ЗША, працаваў у Польскім інстытуце ў Нью-Йорку, а Ксаверый пасяліўся ў Іспаніі. Цяпер нашчадкі Пуслоўскіх жывуць у многіх краінах свету. І пра Альбярцін яны ведаюць з успамінаў сваіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў, а бачаць яго толькі на старых сямейных фотаздымках.
Суперыёры і выкладчыкі ўсходняй місіі айцоў езуітаў у Альбярціне (1924-1942 гг.)
У выніку заключанай у сакавіку 1921 года Рыжскай дамовы паміж РСФСР і БССР з аднаго боку, і II Рэччу Паспалітай , з другога, шэраг этнічных беларускіх зямель увайшлі ў адміністрацыйныя межы Польскай дзяржавы. Каталіцкая царква была незадаволена фактам перабольшання на тэрыторыі ўходніх ваяводстваў насельніцтва праваслаўнага веравызнання, хаця былі яны пераважна патомкамі колішніх уніятаў, якіх адлучылі ад каталіцкага касцёлу сто гадоў таму. Ішлі гады, але пераход у каталіцызм стаў рэдкай з’явай у выніку мабілізацыі праваслаўнай царквы, адсутнасцю арганізаванай акцыі з боку католікаў, нежаданне многіх праваслаўных мяняць веравызнанне, што многімі ўспрымалася як здрада сваёй нацыянальнасці. Таму нарадзілася ідэя прыцягненне дысідэнтаў да касцельнага адзінства без змены абраду, пры захаванні моўных, культурных і бытавых адасобленасцей. Папа Пій XI у энцыкліцы Ecclesiam Dei з нагоды юбілею святога Язафата Кунцэвіча ў 1923 годзе паўторна звярнуўся да праваслаўных з заклікам вярнуцца да касцельнага адзінства, гарантуючы ім шанаванне свайго абраду. Тады падляшскі біскуп Генрык Пшаздзецкі запрапанаваў план стварэння прыходаў уніяцкага абраду, падпарадкаваных мясцовым лацінскім біскупам. Ён прапанаваў таксама, каб у рэалізацыю плана актыўна ўключыць Ордэн езуітаў. Пій XI план падтрымаў, а генерал Ордэна Уладзімір Ледухоўскі абавязаўся яго выканаць. Такім чынам узнікла “ўсходняе адгалінаванне” Таварыства Ісуса.
24 ліпеня 1924 года віленскі біскуп Юры Матулевіч выдаў дэкрэт аб утварэнні Альбярцінскай парафіі славяна-візантыйскага абраду. У траўні 1924 года ў Альбярціне з’явіліся першыя два айцы езуіты — а.Караль Буржуа і а.Міхал Маліноўскі, якія 4 лістапада заклалі пачатак усходняй місіі айцоў езуітаў сярод беларусаў.
Караль Буржуа (1887-1963) нарадзіўся ў Парыжы. Гэта быў першы неауніяцкі езуіт у Польшчы, а таксама ў Альбярціне. Тут ён працаваў з траўня 1924 да снежня 1925 гадоў. Выконваў абавязкі кіраўніка місіі. Аб сваёй працы напісаў успаміны і надрукаваў у газеце “Etudes” (№ 191, 1927 год). Пасля Альбярціна працаваў настаўнікам французскай мовы ў Празе, у Эстоніі, а з 1950 года жыў сярод рускіх эмігрантаў у Сан-Паўлу ў Бразіліі, дзе і памёр.
Міхал Маліноўскі (1887-1942) вучыўся ў Пецярбургскай духоўнай семінарыі, быў прафесарам духоўнай семінарыі ў Вільні. У Альбярціне знаходзіўся з 1924 да 1927 гадоў. Пасля працаваў суперыёрам і мадэратарам Марыянскай садаліцыі ў Варшаве, Познані, Лодзі. У 1940 годзе быў арыштаваны немцамі і загінуў у канцлагеры ў Дахау.
Уладзіслаў Пуслоўскі, якому ў той час належаў Альбярцін, падтрымаў працу айцоў езуітаў, і ахвяраваў на гэтыя мэты свой будынак. Ён быў занядбаны, але езуіты абяцалі, што яны навядуць там парадак. Побач знаходзілася каплічка лацінскага абраду. А адзін з пакояў старога будынку пераабсталявалі пад каплічку ўсходняга абраду, у якой пачаў служыць а. Караль Буржуа. Айцец Міхал Маліноўскі ахапіў абслугаю каплічку лацінскага абраду. Наогул, альбярцінскія айцы належалі да розных нацыянальнасцей. Гэта былі немцы, палякі, чэхі, балгары, украінцы, французы, беларусы, румыны, славакі і іншыя. Але агульнай мэтай для іх была і засталася павага найперш да беларускага народа, сярод якога яны вялі сваю місійную дзейнасць.
У 1925 годзе сакратар генерала ордэна езуітаў Уладзімір Пянткевіч стаў протаігуменам адткрытага там манастыра. Але ў 1930-1932 гадах, як пісаў часопіс “Zlucennie”, супраць унійскае акцыі пачаліся прэсавыя кампаніі і перашкоды, маўляў, уніяты праводзяць русіфікацыю. “Трэба было бараніцца жывым словам і пяром, ездзіць да адзінак ураду на высокіх становішчах. Слабае здароўе протаігумена а.Пянткевіча не вытрымала гэтых фізічных і маральных цярпенняў. У сакавіку 1933 года было зложана яго цела на мясцовым магільніку пад соснамі”[10]. (Праўда, Уладзімір Пянткевіч яшчэ паспеў напісаць невялікую кніжачку на польскай мове “Праўда аб Альбярціне” і выдаць яе ў 1932 годзе ў Кракаве. У ёй ён даў грунтоўны адказ сп. Есьману з Бярдовіч (вёска на Слонімшчыне — С.Ч.) і каноніку Адаму Абрамовічу з Беластока, якія ўсюды пісалі і гаварылі, што нібыта дзейнасць уніяцкага руху ў Альбярціне праводзіцца на расейскай мове. Уладзімір Пянткевіч у “Праўдзе аб Альбярціне” пісаў: “Імправізуе тады і сп.Есьман ды расказвае, што пасля нашага пасялення на Слонімшчыне мы загадзя вырашылі, што як у набажэнствах, так і ў кантактах з усходнім насельніцтвам будзем пастаянна карыстацца выключна рускай мовай і ўсю прапаганду весці на ёй жа… Перш за ўсё хачу супакоіць чытачоў, што мы ніколі не прынялі для сябе такога неразумнага прынцыпу, які нашы крытыкі сілаю спрабуюць нам унушаць. Які ж быў бы сэнс і які ж дзіўны праект, каб уніяцкую працу ў Польшчы, ці хаця б нават на Слонімшчыне, весці выключна на рускай мове?! Які ж быў бы сэнс і проста вар’яцтва ў людзей, якія хаця не вучыліся уніяцкай працы ні ў рэдакцыі беластоцкай “Заранкі”, ні ў сп.Есьмана ў Бердавічах, аднак не зваліліся на крэсы з месяца і безнадзейна не страцілі пачуцця рэчаіснасці, каб не ведаць, што Слонімшчына і Навагрудчына — гэта не Калуга ці Вязьма, і не разумець, што уніяцкая акцыя на крэсах Польшчы — галоўным і першачарговым чынам, а ў пераважнай большасці выпадкаў нават выключна — мусіць весціся на беларускай і ўкраінскай мовах”[11].
Тым не менш, Альбярцін хутка атрымаў статус першага ў Заходняй Беларусі прыхода ўсходне-славянскага абраду, а ў 1926 годзе місія была зацверджана як навіцыят (установа для падрыхтоўкі да ўступлення ў сябры манаскага ордэна), які заснаваў свой філіял у вёсцы Сынковічы (гэта 15 кіламетраў ад Альбярціна), а Сынковіцкая крэпасць-царква стала цэнтрам прыхода ўсходне-славянскага абраду. У 1927-1931 гадах у Альбярцін прыбылі новыя групы навіцыяў, з ліку мясцовай беларускай і польскай моладзі; у канцы 1932 года тут прайшлі падрыхтоўку больш за 60 святароў, а манастыр у Альбярціне і філіял у Сынковічах мелі 25 місіянераў[12].
У 1927 годзе ў Альбярцін з Варшавы прыехалі Павел Мацэвіч і Эдвард Войтчак. А ў 1928 годзе на дапамогу альбярцінскім айцам быў пасланы француз Піліп дэ Рэжыс. Ён вельмі хутка вывучыў беларускую і польскія мовы. Працаваў соцыем майстра навіцыята і адміністратарам прыхода ў Альбярціне. У 1932 годзе стаў майстрам навіцыята і выкладчыкам візантыйска-славянскай літургіі. Праз год перавёўся ў Рым, а пасле пераехаў у Аргенціну, дзе ў 1955 годзе памёр у Буэнэс-Айрэсе.
Заслужаным уніяцкім дзеячам і арганізатарам усходняй місіі быў Антон Дуброўскі (Дамброўскі) (1896-1947). Нарадзіўся ён на Браслаўшчыне, вывучаў філасофію і багаслоўе ў Кракаве і ў Рыме, жыў і працаваў у Альбярціне. Спачатку духоўным айцом, потым — міністрам дому, соцыем магістра навіцыята і адміністратарам неауніяцкага прыхода, суперыёрам усходняй місіі, рэктарам і магістрам навіцыята ў Альбярціне. Шмат пісаў артыкулаў на тэму усходняй місіі і грэка-славянскага абраду, якія чыталіся на уніяцкіх кангрэсах.
У 1935 годзе ў Альбярцін прыехаў малады айцец Станіслаў Ласкі (1904-1944). Ігумен і майстар навіцыята адразу актыўна ўзяўся за працу. Ён пабудаваў царкву і касцёл лацінскага абраду ў Альбярціне, а таксама шырока займаўся публічнай дзейнасцю на карысць касцельнай уніі. У 1944 годзе яго арыштавалі ў Польшчы немцы і вывезлі ў канцлагер Маўтгаўзен, дзе Станіслаў Ласкі быў расстраляны.
Амерыканскі езуіт польскага паходжання Вальтэр Цішэк (1904-1984) быў місіянерам у Альбярціне з 1938 года. У 1941 годзе ён быў рэпрэсіраваны. Памёр у ЗША.
Год аперырыем працаваў у Альбярціне і ў Жыровічах Тадэвуш Мацяёўскі (1912-1994), майстрам навіцыята ў Альбярціне — Стэфан Сакач (1890-1973), суперыёрам і міністрам з 1931 да 1936 гадоў — Антоні Зомбэк (1899-1989) і іншыя святары візантыйска-славянскага абраду. Іх дзейнасць і жыццё заслугоўваюць асобных манаграфій.
Згадваючы пра даваенны Альбярцін, нельга абмінуць і яшчэ дзве яркія асобы — Антона Неманцэвіча (1893-1943) і Антоні Гжыбоўскага (1904-1943).
[9] Polski slownik biograficzny. Wroclaw, 1986. T.XXIX/3. Zesz.122. S.422.
[10] Zlucennie. 1938, студзень. С. 9.
[11] Piatkewiecz Wiadzimierz. Prawda o Albietynie. Krakow, 1932. С. 11. Пераклад Віталя Лубы.
[12] Рэлігія і царква на Беларусі. Мн., 2001. С.13