V. Мая жонка
4/ІV 1904[22]. Сягоння раніцай скончыўся 21 год ад смерці маей жонкі. Сем не споўна гадоў трывала гэтае нешчаслівае пажыццё. Палажэнне было цяжкое, а дамовы спакой руйнавала інтрыганка, вельмі падобная да старой паненкі Вікторыі. Нябожчыца жонка мая была асоба добрая, гожая, вельмі мілая і ветлая ў стасунках з людзьмі. Спевам сваім кожнага магла абваражыць. Вартая была лепшай долі, чымсьці тая, якую яна мела: я яе ніколі не любіў і шмат чаго выкідаю сабе...
Мне перш за ўсё трэба было спазнаць сябе і ніколі не жаніцца або пайсці на грашовы інтарэс і забяспечыць сабе і бацькам быт, да каторага само сабой былі мы ўсе прывыкшы.
У дамовым пажыцці я быў жорсткі і карысны. Матэрыяльныя няўдачы з аднэй, а інтрыгі з другой стараны атруцілі нам жыццё...
У тваіх руках, божа, суд справядлівы...
VI. «Граф Бандзінелі»
Я падпісваюся па маіх беларускіх творах «Граф Бандзінелі»: гэта прозвішча маей бабкі, апошняй з гэтага роду, каторы выдаў такую знамянітасць, як папеж Аляксандр III. Бачыў я на plet fond[23] у залі «Трохсот» у палацы дожаў[24] сцэну: цэсар прымушан пасці ў ногі папежу. Папеж стаўляе адну нагу на сагнутым карку цэсара і кажа: «Super aspidem et basiliscum ambulabo et conculcabo draconem et bovem»[25]. Расшалелы ў сваім паніжэнні дэспат кажа: «Пакараюся Пятру, а не табе». А тады Аляксандр III граф Бандзінелі, становіцца абодвымі нагамі на яго імнератарскай спіне і зычным кажа голасам: «Et Petri et mihi»[26]. З роду Бандзінеліх быў слаўны тварэц «Laokoona». У італьянскай бацькаўшчыне слыў гэты магнацкі род і прыбыў у Польшчу як амбасадар[27] Неапалітанскі, за Яна III[28]. Гэты амбасадар неапалітанскі, уміраючы ў Варшаве, пакінуў сына, майго прашчура. Аляксандр граф Бандзінелі, падкаморы Дэрптскі, дзядзька маей бабкі, бачучы род свой угасаючым, усынавіў род Абуховічаў.
Пазываючыся ў подпісы на дзядоў сваіх, грудзі мае парушае пачуццё нечага вялікага, сільнага... Чытаючы ж Пушкіна, мяне дзівіць пазыванне на яго афрыканскае паходжанне. Куплены за бутэльку рому «Арап Пятра Вялікага» — гэта пратопляста Пушкіна. «Нечага хваліцца» — скажа кожны. Але іначай разумее гэта псіхалогія маскоўская: «Памілуйце, Царскі Дзяншчык!..» Гэта быццам нешта сярэдняе між чалавекам і анёлам святым!
Не Сібір, астрог, не кнут —
I не цела цяжкі мукі,
Але дух народу струт...
VII. Міраслаўскі
Пазнаў я яго каля 1860 года ў Парыжы. На Раsrоqо dі Соmmеrо была чытальня з польскай сталовай Жукоўскага (здаецца, Янкі). Брыдкая дзіра, брудная. Там за маіх часоў сходзілася кампанія польскай дэмакратыі. Скандалаў там, аднак, не было, як некалі на гuе Таrаnnе. Сходкі былі саўсім прыятныя, а генерал Міраслаўскі забаўляў кампанію сваей зручнай і дасціпнай размовай. Быў гэта, само сабой, шарлатан, але вельмі сімпатычны. Асыпаў нас патрыятычнымі фразамі і страляў вострым гумарам у сваіх палітычных праціўнікаў. З выгляду быў незвычайна гожы, душаўкладны, так што на дэмакрата саўсім не выглядаў, хутчэй на актора, бо і быў-такі камедыянтам. Ен ўзяў многае на сваё сумленне, прыспяшаючы здарэнні 63 году[29]. Часцю апраўдвае яго тое, што край знаў ён толькі з расказаў нейкіх паноў сваякоў ды мяшчан варшаўскіх, каторыя самі ведалі мала аб краю ды баялі, як аб жалезным воўку, а толькі патураючы шляхце, слалі сабе сцежкі да кар’еры.
Людвік Міраслаўскі хоць тры разы быў дыктатарам: у Бадэні, у Неапалі і ў Пазнаншчыне, але грошы не збіраў. Жыў заўсёды скромна, зарабляючы лекцыямі, а па смерці пакінуў усяго 1700 франкаў; які-колечы пазнаншчык гэтулькі міліёнаў пэўне б, на яго месцы будучы, саббраў бы.
Міраслаўскі быў — гэта знача выказваў сябе — атэістам, але ў яго пакойчыку вісеў на сцяне абраз Маці Божай Чэнстахоўскай. Раз Фелікс Вратноўскі адведаў яго ў хваробе; прыціснуты болямі, пан Людвік голасна ўзываў ласкі Маці Божай. Калі мінуў прыступ боляў, Вратноўскі спытаў Міраслаўскага, што гэта мае значыць? Той выкруціўся жартамі, што ён заўсёды гатоў шукаць ласкі ў кожнай паненкі.
Міраслаўскі ў мутнай вадзе рыбы не лавіў, але затое заўсёды гатоў быў у муці сабраць жменьку гразі, каб кінуць у вочы сваім палітычным праціўнікам. Не гэткага крою павінны быць стаўпы народаў, уваскрасіцелі Бацькаўшчыны!
VIII. Дзве смерці (3 мая 1894 г.)
Зваліліся дзве навіны, як гром з яснага неба, аб дзвёх смерцях: п. п. Адам Перасвет Солтан і Марка Узлоўскі ўчора развіталіся са светам. Абодвы ў ваколіцах Слуцка пражылі свой век. Варта аб іх пагаварыць. Пан Адам паходзіць са слаўнага роду Перасвет Салтанаў гербу Сыракомля. Адвечным гняздом гэтай галіны Салтаноў былі і ёсць маетнасць Горкі,— даўней у павеце Рэчыцкім, а цяпер Бабруйскім над ракой Арэсай. Адам радзіўся ў першай чвэрці XIX сталецця, вучыўся ў слуцкай гімназіі. У гімназіяльныя часы хоць быстратой лішне не выдзяляўся, але меў нахіл да літаратуры. Прабаваў пісаць вершы, але, сустрэўшыся з вострай крытыкай на свае польскія «трэны»[30], перакінуўся да пісання сатыры ў беларускай мове, што, трэба прызнаць, яму ўдавалася рабіць даволі гладка, аднак жа з гэтым крыўся і, чытаючы свае творы, выдаваў за чужыя, перапісаныя ім. Вышаўшы з гімназіі, здаецца, што саўсім закінуў свае літаратурныя спробы, прынамсі, ніколі не ўспамінаў аб іх. Ажаніўся дужа малады з Стэфаніей Баранцэвічанкай, асобай вялікага духу, дужа тактычнай і незвычайнага розуму. Нябожчык Адам бачыў высшасць духовую сваей жонкі і сам рад стушовываўся перад ёй, але і жонка мела той такт, уласцівы людзям выдатным, што ніколі свайго Адама не дапусціла да непрыстойнай ролі «мужа пад пантофлем». Жыццё іх плыло ціха і шчасліва. Ад малых дзён памятаю, што заўсёды гаворэна аб Адаме як аб дужа добрым, але крыху цяжкаватым чалавеку. Жыццё пана Адама можна прыраўняць да дня, ужо ж буднага, але каторы раніцай загарэўся чырвонай зоркай і да канца пагодна сышоў.
Солтан не меў ворагаў, не меў іх і Марка Узлоўскі — «пястун павету», Марачкам да смерці празывавы. Арыгінальны ў манерах, адкрытага сэрца, шырокай веды, незвычайна здольны і добры, гэты чалавек на сваю бяду няўдачна ажаніўся. Двох людзей толькі знаў я, абдарэных такой памяццю, якую меў пан Марка Узлоўскі: Владыслава Войзбона і князя Дзівеева.
IХ. П. П. Дашкевічу
Аб стасунках маіх з Дашкевічамі многа было б гаворкі, але ўсяго казаць не гожа. Пан Ігнацы быў калісь у дужа цяжкім палажэнні, я памог яму, меў у мяне прытулак, з гэтага вывязалася інтрыга, каторая на нейкі час папсавала нашы стасункі. Цяпер ужо ўсё гэта мінула. Ён да мяне прыязлівы, бо ўсё выйшла яму на дабро, і прызнае мне рацыю, а я не маю да яго нічога, бо быў ён тады дужа яшчэ малады і непрактычны.
Цяпер залічаю абоіх п. п. Дашкевічаў да маіх наймілейшых знаёмых; ён — шанаваны і добры чалавек, яна — гожая і разумная кабета, каторая патрапіла як найлепей устроіць быт мужа і яго дому. Паміма асабістых яе дадатных старон, маю я яшчэ і іншыя на яе ласкі: 1-е тое, што яна — матка трох ладных дзяўчынак, дробязь гэта яшчэ, бо найстарэйшая толькі што пачынае быць падлёткам, але міленькія і, дасць бог, вырастуць на карысць нашага краю; кажу: на карысць, бо бачыцца мне, што з іх будуць «людзі» ў шырокім гэтага слова разуменні. Пасля п. Дашкевічовая, сястра Мерэсоў, людзей добрых, учынных вельмі і заўсёды вельмі ўплывовых (ведаю, як гэткі стасунак можа быць карысцен для маіх маладых прыяцелеў, бедных вучняў слуцкай гімназіі).
Корыбуты — Дашкевічы — добрае гняздо. Але гэта вымагае каментарыяў.
[22] Тут памылковая дата. Аналагічная памылка і ў раздзеле «Спас». Трэба чытаць 4/ІV 1894. (Гл. кн.: Родчанка Р. Альгерд Абуховіч-Бандынэлі. Мн., 1984. С. 16-20).
[23] Plet fond (фр. скажонае) — столь.
[24] Дожы (гіст.) — галоўныя кіраўнікі рэспублікі ў сярэдневяковай Венецыі і Генуі.
[25] Super aspidem et basiliscum ambulabo et conculcabo draconem et bovem (лац.) — наступлю на аспіда і базіліска і патапчу дракона і быка.
[26] Et Petri et mihi (лац.) — і Пятру і мне.
[27] Амбасадар (польск.) — пасол.
[28] Ян III (Сабескі) — польскі кароль.
[29] Здарэнне 63 году — маецца на ўвазе паўстанне 1863 г.
[30] Трэны (польск.) — элегіі.