Менавіта такога кшталту магчымае для чалавека й у чалавеку шукаюць філёзафы, калі гавораць пра заўсёдную неабходнасьць нашага нараджэньня ў якасьці мысьлячых (аўтэнтычна, жыва(сама)-прысутных ува ўласным досьведзе й разумеючых гэтую сваю прысутнасьць) і пры гэтым зьвінавачваюць нашае звыклае паўсядзённае існаваньне ў няпраўднасьці, аўтаматызме, самнамбулізме.
Такое магчымае шукаў Сакрат, які сваёй гіроніяй падштурхоўваў суразмоўцаў да “прыгадваньня” таго, што іхная душа даведалася да ўвасабленьня, падчас сустрэч з Богам. Такім самым быў і Дэкарт, які хацеў мець справу з чалавекам, што нарадзіўся другі раз, г.зн. ужо “не ад бацькоў”; нарадзіўся як істота, якая мысьліць і мысьленьне якой імкнецца быць не “мысьленьнем, прабітым звонку”, як кажуць сучасныя філёзафы, але мысьленьнем згодна з уласным правілам. Гэта й Ніцшэ, які спадзяваўся на здольнасьць чалавека да вымогаў вырашальнага самавызначэньня й працы нараджэньня ў сабе “звышчалавека”. Гэта й Сартр, які абвясьціў глыбіннай — хоць і недасягальнай (“дарэмнай”), але разам з тым канстытутыўнай для чалавечага існаваньня — онталягічнай структурай “чалавечай рэальнасьці” жарсьць “быць Богам”. Іншымі словамі, чалавек, пра якога гавораць філёзафы, заўсёды яшчэ павінен нарадзіцца ўнутры нас, і ён павінен нараджацца ўнутры нас увесь час.
Менавіта са здольнасьцю філязофскага (мэтафізычнага) дыскурсу выконваць працу скрайняга, найрадыкальнейшага самаўсьведамленьня нашага досьведу, што ажыцьцяўляецца ў прасторы паміж скрайнімі палюсамі (індывідуацыі нашага досьведу й унівэрсуму “далёкага”, “сутнаснага”) — празь іхнае спалучэньне,— і можна, на мой погляд, зьвязваць надзеі на запатрабаванасьць філязофіі.
Філязофскі статус і сэнс праблемы індывідуацыі досьведу можна, такім чынам, задаць праз мэтафізыку “прысутнасьці” й онталёгію свабоды. А пра першасны жыцьцёвы сэнс філязофіі, ейны незьнішчальны патас, унутраныя жыцьцядайныя вытокі мэтафізычнага чыну думкі можна казаць як аб працы па ўзнаўленьні нашай уласнай прысутнасьці паўсюль, дзе яна абарвалася. Інакш кажучы, філёзаф імкнецца па магчымасьці зьвесьці да мінімуму “лакуны”, месцы “адсутнасьці”, г.зн. тыя месцы канстытуяваньня сэнсаў і значэньняў нашага досьведу, дзе мы адпачатку “адсутнічалі”. Менавіта мэтафізыка — гэтая філязофія “бясконца высокіх энэргій” — зь ейнымі паняткамі “далёкага”, “належнага”, зь ейнымі спэцыфічным рэжымам мысьленьня ў сутнасным “фармаце” патрабуе максымальнага ўдзелу, прысутнасьці індывіда ў прадметах і сувязях ягонага досьведу, і ў той самы час яна “размыкае” гэтую прысутнасьць, адкрываючы яго ўнівэрсальнасьці, аб’ектыўнасьці, робячы магчымай прысутнасьць праўды іншага ў нашым індывідуальным досьведзе.
У гэтым кантэксьце можна сьцьвярджаць, што, вымагаючы ад чалавека індывідуацыі досьведу, філязофія, па сутнасьці, зьяўляецца ні чым іншым, як мэтафізыкай “прысутнасьці” чалавека. “Гіронія” Сакрата, “ідалы” Бэкана, “сумнеў” Дэкарта, трансцэндэнтальнае адзінства апэрцэпцыі Канта, “рэдукцыя” Гусэрля, “захопленасьць” Гайдэгера, cogito, праект і “аўтарства” Сартра й інш. — за гэтымі рознымі тэрміналягічнымі азначэньнямі хаваюцца выкананыя ў розных пэрспэктывах і ракурсах філязофскія пошукі сродкаў, тэхнік і спосабаў зьменшыць у нас зоны дзеяньня “Яно”. А тым самым — пашырыць зоны й межы разуменьня нашай прысутнасьці ў досьведзе[11].
Прысутнасьць чалавека ў прадметах і сувязях ягонага досьведу, такім чынам, ёсьць заўсёднай мэтай і задачай філёзафа, якія ўвесь час узнаўляюцца. І гэта робіць філязофію роднаснай жыцьцю, у якім “прысутнасьць” чалавека зьяўляецца перамогай, што безупынна высьлізгвае, г.зн. перамогай, якую нельга атрымаць раз і назаўсёды, але якую трэба здабываць зноў і зноў.
“Мэтафізыка прысутнасьці” — філязофскі шлях асэнсаваньня “чалавечага кону” й спосаб пошуку магчымасьцяў для чалавека зразумець сваё жыцьцё й самавызначыцца ў ім і адносна яго.
З моманту свайго ўзьнікненьня й да сёньня гэтае намаганьне самаўсьведамленьня чалавечага досьведу жывіцца, калі можна так сказаць, “надзеяй без надзеі” спасьцігнуць Быцьцё, Ягоную Праўду. Пра мужнасьць вялікіх філёзафаў, якія не абнадзейваліся лёгкасьцю гэтай задачы, можна, перафразуючы Сартра, сказаць, што іхнае філязафаваньне — зусім не “дарэмная жарсьць” мысьліць… Бо менавіта ў гэтым імкненьні да недасяжнага нашае жыцьцё й здольнае трансфармаваць і арганізоўваць сябе; у ім магчымае нараджэньне новых форм чалавечага ў сьвеце-самаажыцьцяўленьня, узьнікненьне таго, што нельга ані дэдукаваць з фактычнага, наяўнага, ані рэдукаваць да яго; менавіта ў ім магчымы абсалютны “прырост Быцьця” (М.Бярдзяеў).
Raison d’кtre пастаяннага ўтрыманьня філёзафамі ўсіх эпох несупадзеньня, разрыву й супрацьпастаўленьня фактычнага (наяўнага) і належнага (ці “абсалютаў” прасторы філязофскай рэфлексіі) палягае, на маё разуменьне, у тым, што гэты фундамэнтальны разрыў нейкім чынам насамрэч унутрана злучаны са сьветам рэальнага існаваньня чалавека, г.зн. існаваньня заўсёдна нявыяўленага й недавыяўленага, нерэалізаванага й недарэалізаванага ў імклівай плыні ягонага паўсядзённага жыцьця. Гэтая недавыяўленая праўда існаваньня заўсёды яшчэ мусіць быць знойдзена намі ў нас саміх і, каб асягнуць яе, заўсёды яшчэ трэба будзе прыкласьці намаганьне. Пастаяннае ўтрыманьне ў полі філязофскай рэфлексіі гэтага разрыву сьведчыць і пра тое, што “далёкае”, магчымае й належнае (як онталягічнае патрабаваньне выкананасьці структур “сутнаснага” ў рэальным досьведзе, які імкнецца да сваёй аўтэнтычнасьці) філёзафаў ёсьць для іх і самім спосабам пазнаньня (разуменьня) рэальнага, і самою ведай. Менавіта таму, што гэтае належнае, магчымае, “далёкае” складае фундамэнтальную праўду існаваньня чалавека й ягонага сьвету, гэты зазор, гэтае несупадзеньне, якое канстытуюе й у якім працуе філязафічная рэфлексія, можна назваць перадумоваю
і такога моцнага, шчырага болю, “тугі” філёзафаў па “іншым беразе”, “іншым сьвеце”, па “радзіме” чалавека, па “іншым чалавеку”;
і такой непахіснай, зьвінавачвальнай, крытычнай пазыцыі філёзафаў адносна “разбэрсанай” паўсядзённасьці;
і, нарэшце, такой патрабавальнай іхнай веры ў чалавечыя магчымасьці пазнаньня, разуменьня й трансфармацыі свайго ўласнага існаваньня.
Філязофскае патрабаваньне індывідуацыі й адкрытасьці нашага досьведу перад “далёкім”, “належным” як нашым “магчымым” падштурхоўвае нас да мысьленьня як чыну негарантаванага й рызыкоўнага, які вымагае нашай падрыхтаванасьці й здольнасьці паставіць сябе “на кон”.
“Думка аддаляе ад жыцьця, калі яе мала, і набліжае да яго, калі яе шмат”,— казалі ў старажытнасьці. Настойваючы на тым, што стратэгія думкі — захаваньне сэнсу жыцьця, Ул.Бібіхін вельмі дакладна, на мой погляд, зазначыў: “Думка захоўвае сябе толькі сваёй непрыстасаванасьцю да жыцьця. Больш за тое, толькі ў такім выпадку яна можа стацца гарантам жыцьця[12]”. Менавіта таму ў складаных і “мудрагелістых” кнігах філёзафаў так шмат жывой пакуты, непадробнай тугі; так шмат упартасьці й “прыкрасьці” ў дачыненьні да эмпірыі — “непаслухмянай”, разбэрсанай, вялай, размытай, слабой і “разрэджанай” у параўнаньні са скрайне канцэнтраванай сфэрай дакладных, сухіх, звонкіх філязафічных “сутнасьцяў”, з тэрыторыяй філязофскіх “асноваў”; так шмат дзіўнага непрызнаньня, ігнараваньня глухой, непаслухмянай рэальнасьці.
Пашыраючы межы нашага сьвядомага досьведу, філязафаваньне замінае нашаму “бязьвіннаму” (у няведаньні) зьліцьцю зь нібыта натуральным, эмпірычным ладам сьвету й нашым непасрэдным жыцьцём. Узьдзейнічаючы, як карозія, на нашае паўсядзённае існаваньне ў рэжыме ананімнасьці, неаўтаномнасьці, яно (філязафаваньне) дапамагае нам “выпрастацца”. А ўступаючы ў барацьбу з самнамбулізмам паўсядзённасьці, яно здольнае стацца стылем і стымулам думкі й жыцьця чалавека, ператвараючы тым самым веду ў кропку не-вяртаньня.
Нарэшце, вырываючы індывіда з-пад усепаглынальнае моцы й улады звыклай і “няўласнай прысутнасьці”, даючы яму магчымасьці й сродкі быць “крытычным супраць самога сябе” (Гайдэгер), яно пашырае й узмацняе нашыя здольнасьці ўзнаўляць і ажыцьцяўляць сябе ў сьвеце як уласную й усьведамляльную сябе прысутнасьць.
Верай у чалавека, даверам да яго й ягоных магчымасьцяў прасякнута ўся гісторыя мэтафізыкі зь ейнай атмасфэрай строгасьці й патрабавальнасьці да чалавека. І крэдыт гэтага даверу далёка яшчэ ня вычарпаны. Прынамсі, я глыбока пераканана, што крэдыт даверу да чалавека ёсьць канстытутывам самой філязофіі; а яна ёсьць (можа быць) толькі там, дзе ёсьць ён. І наадварот, пакуль ёсьць яна, заўсёды ёсьць (павінен быць) і ён, якімі б вартымі жалю ці пачварнымі, бездапаможнымі ці ня вартымі даверу ні выглядалі мы ў паўсядзённым жыцьці ці ў аналітычных, дэтэрмінісцкіх, аб’ектывальных (рэдукцыянісцкіх) дыскурсах. Бо гэта яшчэ ня ўся праўда пра нас. І далёка не самая галоўная праўда пра нас. Таму пра філязофію можна казаць як пра “сродак вызваленьня й выратаваньня” чалавека (Сартр), сродак вызваленьня й выратаваньня ўласна чалавечага ў чалавеку.
Ідэал поўнай індывідуацыі й інтэграцыі нашага досьведу, ягонай поўнай самасьвядомасьці калі й дасягальны, дык, магчыма,— толькі ў вымярэньні, імя якому бясконцасьць. Мы ж канечныя. Але й тое, што нам дадзена, заўсёды пакідае нам шанец выканаць нашую (і толькі нашую) працу сьвядомасьці ў гэтым сьвеце — працу самавызначэньня й саматрансфармацыі, якая дазваляе ўсталяваць у сьвеце заўсёдна адкрытую й заўсёдна актуальную магчымасьць маральнага ладу й свабоды. А да таго ж, ніхто, акрамя нас, ня зможа паказаць, дый засьведчыць, што чалавечае ў чалавеку магчымае, што ў сьвеце магчымыя думка, гонар, свабода, нарэшце, што ў сьвеце магчымае “жывое жыцьцё”.
1999 г.
Фінал лёгацэнтрычнай парадыгмы
Культурнай сытуацыі мяжы ХХ—ХХI стст. — як у сацыяльна-гістарычным, так і ў навукова-пазнаваўчым вымерах — уласьціва відавочная нелінейнасьць працэсаў разьвіцьця. Сучаснае грамадзтва ажыцьцяўляе радыкальны цывілізацыйны паварот, які прадугледжвае арыентаваньне на ідэал глябальнай цывілізацыі як адзінага плянэтарнага комплексу, што паўстае на аснове этнакультурнага й арганізацыйнага поліцэнтрызму. Такі ідэал прадугледжвае адмаўленьне ад прэзумпцыі лінейнага прагрэсу, заснаванага на ідэі ўніфікацыі шляхоў і форм разьвіцьця.
Несумнеўным лідэрам у досьледах лінейных працэсаў выступае сёньня сынэргетыка, якая наўпрост асэнсоўвае сябе ў якасьці канцэпцыі нелінейных дынамік. У сфэры гуманітарных навук аналягічныя тэндэнцыі можна знайсьці ў тэарытычных канструкцыях, прапанаваных філязофіяй постмадэрнізму. Гэтыя канструкцыі адкрыты для аналізу ў якасьці канцэптуальных мадэляў нелінейных дынамік: нелінейнае пісьмо, нелінейная тэмпаральнасьць, нелінейная мадэль дынамікі неўсьвядомленага, “генэалёгія” замест лінейнай “гісторыі” й г.д. А самі прадстаўнікі постмадэрнізму экспліцытна ацэньваюць прэзумпцыі сучаснай філязофіі як такія, што адмаўляюць клясычны стыль мысьленьня.
1. Парадыгма нэадэтэрмінізму ў культуры мяжы стагодзьдзяў: прыродазнаўчая праекцыя
Ідэя лінейнага дэтэрмінізму (і, адпаведна, лінейнага прагрэсу) заснаваная на прэзумпцыі наяўнасьці фэномэну прычыны, была дамінантнай для эўрапейскай культуры цягам амаль усёй ейнай гісторыі. І калі, з ацэнкі Р.Нісбэта, “на працягу амаль трох тысячагодзьдзяў ніводная ідэя не была больш значнай ці хаця б настолькі ж значнай, як ідэя прагрэсу для заходняй цывілізацыі”, дык сёньня О.Тофлер ацэньвае “сучасны этап паскарэньня сацыяльных зьменаў” як такі, што мае нелінейны характар. Сучасная культура (як у межах прыродазнаўчай, так і ў межах сваёй гуманітарнай традыцыяў) азначана радыкальным паваротам да арыентаваньня на новы кшталт дэтэрмінізму.
Так, новая фізыка, на думку А.Кестлера, фундуецца прэзумпцыяй неабходнасьці “вызваліцца з кайданаў” дэтэрмінізму, зразумелага ў якасьці зьнешняга супрычыненьня. А Дж.Лайтхіл, на той час прэзыдэнт Міжнароднага Саюзу тэарытычнай і прыкладной мэханікі, публічна папрасіў прабачэньня ад імя мэханікі за тое, што “цягам трох стагодзьдзяў адукаваную публіку ўводзілі ў зман апалёгіяй дэтэрмінізму, заснаванага на сыстэме Ньютана, між тым, як можна лічыць даказаным, …што гэты дэтэрмінізм быў памылковым”.
Калі для прыродазнаўства пераход да нелінейнай парадыгмы абумоўлены менавіта станаўленьнем неклясычнае навукі (ад квантавай мэханікі да тэорыі катастроф), то ў дачыненьні да гуманітарнай сфэры зараджэньне ідэяў нелінейнасьці правамоцна аднесці да значна больш раньняга пэрыяду. У першую чаргу гэта тычыцца філязофіі й дысцыплінарнай гісторыі: фіксацыя ўвагі на фэномэне “невыпадковасьці” (неэлімінаванасьці) выпадку ўпершыню адбылася менавіта ў гэтых галінах — адлік тут можна распачаць з ідэі Эпікура пра адвольнае адхіленьне атамаў. Паралельна традыцыі жорсткага дэтэрмінізму, якая трактавала выпадковасьць як онталягізацыю кагнітыўнай недастатковасьці (ад Дэмакрыта да Новай Эўропы) ці як вынік узаемадзеяньня (перакрыжаваньня) нязначных прычын (гегельянства — марксізм), у гісторыі філязофіі можна вылучыць і традыцыю, што залічвала фэномэн выпадковасьці да свайго дэпартамэнту (ад канцэптуальнай эксплікацыі азначаных ідэяў у У.Пеці й А.Кетле да іхнага парадыгмальнага канстытуяваньня й аксыялягічнага дамінаваньня ў постмадэрнізме).
Паводле рэтраспэктыўнай ацэнкі Ж.-Ф.Льётарам клясычнай традыцыі, у межах апошняй унівэрсальна прадугледжвалася, што ў якасьці прадмету прыродазнаўчых навук “прырода зьяўляецца бесстароньнім бясхітрасным супернікам”. Такі падыход прадуглеждвае наяўнасьць у прадмеце досьледаў іманэнтнай і імпліцытнай лёгікі разьвіцьця, якая паступова разгортваецца ў працэсе ягонай эвалюцыі й якая з прычыны гэтых абставінаў можа быць прадстаўлена ў якасьці паступальнага шэрагу этапаў, кожны зь якіх беспасярэдне вынікае з папярэдняга. У дачыненьні да носьбітаў навуковай рацыянальнасьці клясычнага тыпу А.Уайтхэд адзначаў уласьцівую ім “непахісную веру ў тое, што любую падрабязна вывучаную зьяву можна абсалютна пэўным чынам — шляхам спэцыялізацыі агульных прынцыпаў — суаднесьці з папярэднімі ёй зьявамі. Менавіта гэта інстынктыўная перакананасьць… зьяўляецца рухальнай сілай навуковых досьледаў, перакананасьць у тым, што існуе нейкая таямніца й што гэтая таямніца можа быць раскрыта”. Такі падыход да прадмету інсьпіруе канстытуяваньне ў прыродазнаўчай прэзумпцыі наколькі татальнага, настолькі ж і лінейнага дэдуктывізму.
Зь пераходам да неклясычнай навукі, аднак, гэтая парадыгма ўжо больш не ўспрымаецца як задавальняльная. У супрацьлегласьць клясыцы, прапанаванае сучасным прыродазнаўствам бачаньне сьвету заснавана на радыкальна іншым, а менавіта — на нелінейным тыпе дэтэрмінізму. Як піша I.Прыгожын, “мы ўсё больш і больш схільныя думаць, што фундамэнтальныя законы прыроды апісваюць працэсы, зьвязаныя з выпадковасьцю й незваротнасьцю, між тым, як законы, якія апісваюць дэтэрмінісцкія й зваротныя працэсы, маюць толькі абмежаванае ўжываненьне”. Самым значным аспэктам разуменьня дэтэрмінізму як нелінейнага зьяўляецца адмова ад ідэі прымусовай казуальнасьці, якая прадугледжвае наяўнасьць зьнешняй прычыны, г.зн. прэзумпцыі таго, што М.Маісееў называе “адсутнасьцю кіравальнага пачатку”.
Дадзены момант зьяўляецца прынцыпова значным з гледзішча гнасэалёгіі. Сынэргетыка больш ня можа абапірацца на традыцыйную (фактычна ўзыходную да гілемарфізму) ідэю пра тое, што вывучэньне зьнешняй прычыны, якая, зьяўляючыся адкрытай для аналізу, дазваляе (з сваёй суаднесенасьці, у арыстотэлеўскай тэрміналёгіі, з фармальнай прычынай як эйдасам будучага выніку супрычыненьня) спрагназаваць будучы стан сыстэмы, якая зьмяняецца (ці, дакладней, якую зьмяняюць — і ў гэтым сутнасьць). У працэсах, якія дасьледуе сынэргетыка, гэтак званыя неабходныя й выпадковыя фактары зьяўляюцца практычна аднолькава значнымі, а спэцыфіка эвалюцыйнага працэсу вызначаецца, урэшце рэшт, іхнымі ўнікальнымі камбінацыямі.
2. Постмадэрнізм і парадыгма нэадэтэрмінізму ў сучаснай гуманістыцы
[11] Менавіта гэтыя мэты перасьледуюць сакратава, бэканава, картэзіянскае, гусэрлева, сартрава патрабаваньне “відавочнасьці”, “наяўнай відавочнасьці”, “уласнай прысутнасьці”, “чыстай рэфлексіі” й інш.
[12] Бибихин В.В. Язык философии. М., 1993. С.38.