— А як тады мядзведзі, рысі, совы, коршакі? Усе ж яны мясам харчуюцца! Дык што, усіх пад корань? Мо і кітоў — яны ж таксама бялок ужываюць, хаця і раслінны?
— На тое флатылія «Слава», — сказаў Акцёр. — Нават оперу стварылі, фільм каляровы паставілі. Гранатамі кітам у спіны — і ўсё пад музыку! Я, між іншым, такога ніколі не прыму!
— Кіты ўплываюць на клімат усёй планеты, — заўважыў Мешчанін.
Філосаф выкінуў недакурак.
— Свет хаатычны, ім ніхто не кіруе, — падвёў ён вынік. — Цягнік ляціць, а наперадзе бездань і машыністаў даўно няма.
Акцёр стаў у позу:
— Чытаю днямі ў кнізе: каго мы возьмем з сабой у наасферу? І далей пералік ідзе. Таго ашчаслівім, а другога на той свет накіруем. Мядзведзя, магчыма, возьмем, бо ён толькі ранняй вясной мяса ўжывае, а потым — вегетарыянец, а ваўка ці там рысь не возьмем. Так вось. А сам ці трапіць туды, малпа дурная? Я чалавека маю на ўвазе. Бо хто ён, як не саманадзейная малпа? І Чарнобыль нічому не навучыў! У наасферу, бач ты, сабраліся. Пакуль тое, дык адны клапы і застануцца. Казаў жа калісьці Дастаеўскі, што вечнасць, магчыма, будзе звычайнай лазняй з павукамі па вуглах!
— Брава! Вось гэта прамова! Ніколі такога і не чуў!
Да іх купкі, а некаторыя, паглядзеўшы на Лупа, разыходзіліся, падышоў малады хлопец. Высокі, сутулаваты, ён з цікавасцю агледзеў ваўка і людзей навокал жоўтымі, шырока расстаўленымі вачыма. Светлыя валасы яршом стаялі над яго лобам.
— Іш, ваўчара, — сказаў ён ласкава. — Прадаецца?
— Купі, — вяла прапанаваў Карнюшка.
— Няма купіла, — усміхнуўся той.
Акцёр заўважыў:
— Вочы ў цябе і ваўка падобныя, аднолькавыя, ці што.
— Я ж не звяруга які, а звычайны студэнт. Так вось, дзядзька.
— Калі адзін від занадта размножыцца, то ён натуральна пагражае іншым, — зноў пачаў мужчына з тэр’ерам, — а вось што з ім самім потым будзе?
— Пакуль такое назіраецца толькі за чалавекам, — сказаў Акцёр.
— Я гадоў пяць таму і трусоў біў, і свінню мог шылам у сэрца, а цяпер не, не магу, — умяшаўся раптам Студэнт. — Прыеду ў вёску да маці, да сваякоў і, як ні ўпрошваюць, не магу.
Студэнт паглядзеў на Лупа, сустрэўся з ім позіркам і адвёў вочы першы. Ён раптам успомніў, адкуль ідзе, з кім быў некалькі гадзін запар, і нібы гарачая хваля падступіла яму да сэрца. Студэнт быў закаханы і правёў ноч са сваёй дзяўчынай, але вымушаны быў рана пайсці ад яе, бо яна жыла ў асобным пакойчыку ў інтэрнаце, куды ён вечарам ледзь-ледзь прайшоў, бо пасварыўся з вахцёркай. Цяпер ён быў у тым асаблівым узрушаным настроі, калі хочацца зрабіць нешта добрае, значнае, і забрыў сюды, на рынак, проста так, але смела далучыўся да падзей, якія разгортваліся перад ім у гэтым кутку, адкуль пабліскваў на яго вачыма воўк, да якога ён таксама адчуваў нейкую незразумелую сімпатыю.
— Пэўна, з узростам, са свядомасцю прыходзіць і спачуванне, — сказаў Акцёр.
— У каго як, — кпліва кіўнуў на Карнюшку Мешчанін.
Карнюшка зразумеў:
— А ён што, травой харчуецца? На волі толькі і робіць, што забівае!
Філосаф пакратаў зуб і паморшчыўся.
— У яго праграма — санітарныя функцыі выконваць, ён жа драпежнік. Але ў наш час ён не патрэбны.
Мешчанін захваляваўся:
— А многа іх у нас, ваўкоў? Ну, тысяча ў рэспубліцы, не больш. А сабак у горадзе тысяч трыццаць будзе, а на Зямлі, чытаў, больш як паўмільярда. Колькі яны таго ж бялку з’ядаюць?
Філосаф падумаў і прызнаў:
— Так, ланцуг — гэта занадта. Забі, а не катуй.
— Дзіўная логіка, — усміхнуўся Студэнт.