У натоўпе засмяяліся.
— Бадай, згодны на сініцу, — сказаў Філосаф Мешчаніну.
— Зойдзем потым да мяне, я вам і зерня дам на першы час, — адобрыў той.
— Вельмі ўдзячны, — сказаў Філосаф і задумаўся. Ён затушыў недакурак і машынальна закурыў новую цыгарэту. Пальцы ў яго былі жоўтыя ад нікаціну.
Філосафу, як ахрысціў яго Акцёр, было за трыццаць. Але ён усё яшчэ не мог трывала ўладкавацца ў жыцці, што даўно зрабілі яго аднагодкі і былыя аднакурснікі.
Філосаф жыў у інтэрнаце для маласямейных з жонкай і хворай дачкой. Зарабляў ён не так ужо і многа, але мусіў, як шмат такіх жа гаротнікаў, трываць, пакуль не атрымае кватэру. Птушыны рынак, які ён бачыў упершыню, зрабіў на яго моцнае ўражанне. Ён ніколі б і не здагадаўся, што ў вялікім горадзе побач з людзьмі і незаўважна ад іх можа існаваць столькі жывых істот, якіх прынеслі, прывялі ці прывезлі сюды людзі, каб прадаць, абмяняць ці неяк інакш спажыць для сваёй карысці. Філосаф і сам пакутаваў ад хваробы, — парадантозу, — у яго днямі вырвалі некалькі зубоў, настрой у яго быў кепскі. Але воўк на ланцугу, хмарнае халоднае наваколле і хвароба — усё гэта нейкім чынам уносіла ў яго душу адзіны сумны матыў і чамусьці супакойвала.
— Воўк увогуле лішняе звяно ў прыродзе, — звярнуўся Філосаф да Карнюшкі, — а калі ён усё-такі існуе, то павінен жыць там, дзе нарадзіўся.
— Многа ён у лесе пражыве, — скрывіўся Карнюшка, — заб’юць і прэмію атрымаюць.
— А заапарк навошта? Калі здаць туды небараку, дык і яму будзе добра, і грошы атрымаеш.
— А дзе той заапарк? Няма.
Філосаф задумаўся. Сапраўды, ён не ведаў паблізу ніводнага заапарку.
— Негуманна на ланцугу цягаць, — буркнуў Акцёр.
Мешчанін падтрымаў:
— Якая там гуманнасць! Вось я днямі чытаю ў паважанай газеце: паляўнічы пасткамі злавіў некалькі лісіц. А ў некаторых, хваліцца, лапы засталіся. А што адчувае жывёла, адгрызаючы сабе лапу?
— Калі квезала (птушка такая) пазбавіць волі, яна памірае ад разрыву сэрца, — сказаў Акцёр. Ён не ведаў, што гэта за птушка, але помніў выраз з нейкай ролі.
— А вы не задумваліся, што есці жывёл, такіх жа жыхароў планеты, як і мы, па меншай меры неэтычна? — спытаў Мешчанін. — Леанарда да Вінчы, напрыклад, не еў.
Акцёр фыркнуў.
— А што зробіш? Таблетак такіх пакуль няма, каб праглынуў — і сыты. Я не гурман, згодзен і на таблеткі.
— Усякае жыццё свяшчэннае, — сказаў Мешчанін.
— Як жа тады яго асноўны закон? — спытаў Філосаф.
— Які закон? — зацікавіўся Акцёр.
Філосаф выдыхнуў дым.
— Натуральны адбор. Адно жыццё адвяргае іншае. Слабейшы гіне.
— Калі ўсякае жыццё свяшчэннае, то навошта клапы, тараканы? — пасунуўся да іх мужчына з тэр'ерам. — Што нам іх існаванне?
— Пэўна ж, ёсць нейкі сэнс, — сказаў Філосаф, — некаторыя віды жывуць і па чатырыста гадоў. Шэрая варона, напрыклад, ці чарапаха.
— Крыўдна, — абурыўся Мешчанін. — Я памру хутка, а нейкі клоп нас усіх перажыве.
— Ведай, мала адпушчана чалавеку, — валена сказаў Акцёр. — Узнавіў да сябе падобных і памры!
У натоўпе заварушыліся, засмяяліся, загаманілі кожны сваё.
— Каб чалавеку жыць далей, яму ўсё больш трэба бялку, — сказаў Філосаф, — насельніцтва ж расце. Навошта тады нам воўк у экалагічнай нішы? Няхай яго месца зойме авечка.
Мешчанін захваляваўся: