— Ну што, пераканаўся? — з вышыні спытаў Ігар. — Чаму ж ён мяне не ўкусіў?
— Смелы малец, малайчына.
— А калі б кінуўся — ды за горла?
— Усё-такі звер.
— Якія тут жарты, дзягу зняць ды аперазаць…
— А воўк несапраўдны, не…
— Замест вартаўніка не пакінеш.
— З яго карысці, што ад свечкі цяпла.
— Лепш тую шаўку, што пад нагамі бегае. Яна хоць гаўкаць умее!
Акцёр, які толькі апрытомнеў і перамог немалую боязь, раптам адчуў гонар за сына.
— Ну што, — спытаў ён у Карнюшкі, — чаму твой звер не кусае?
Карнюшка ссунуў шапку са змакрэлага лоба.
— Дзіўна, — сказаў ён. — Цуд!
Мастак, які назіраў увесь час за ваўком, зрабіў крок наперад і скінуў рукзак.
— Больш не раю нікому падыходзіць, — сказаў ён змрочна. — Я іх звычкі крыху ведаю. Папярэджваю — не рабіце глупства!
— Чаму? — спытаў Акцёр.
— Ваўкі незвычайна чуллівыя і нервовыя істоты, — растлумачыў Мастак. — Пра іх мне шмат парасказвалі. Па-першае, яны беспамылкова вызначаюць небяспечных для сябе людзей, а па-другое — ён дзіцё пашкадаваў, а даросламу не даруе.
Мастак хацеў ісці далей, але раптам перадумаў. Ён выцягнуў з рукзака вялікі блакнот, з бакавой кішэні дастаў аловак і пачаў маляваць. З’явіліся лабатая галава, моцныя лапы, падгалістае тулава, ланцуг.
Студэнт з цікаўнасцю зазірнуў яму ў блакнот жоўтымі вачыма.
— А вось і Мастак з’явіўся, — з павагай сказаў ён.
Акцёр апусціў на зямлю сына і ўсхвалявана агледзеў купку людзей.
— Людзі! — сказаў ён. — Людзі мы ці не? Чаму пакутуе жывёла на ланцугу? Што мы збіліся, як авечкі ў дождж?
— Волю ваўку! — падтрымаў яго Студэнт. — Ён дастойны яе!
— Так, — ажывіўся Філосаф. — Волю яму!
— Адпусці звера!
— Няхай жыве!
— У лес яго!
— Яшчэ чаго, — сказаў Карнюшка. — Карміў колькі, а цяпер адпусціць? Няма дурных!
— Досыць! — ускіпеў Акцёр. Ён зняў з галавы капялюш (галава аказалася вялікая, а на макаўцы была лысіна), выцягнуў з кішэні чырвонец і кінуў туды. — Вось усё, што маю! Падтрымайце! Выкупім жывёліну, і няхай яна будзе вольная! Навошта яму ненавідзець нас, а нам яго!
У натоўпе заварушыліся.