— Ззаду, за сядзеннем.
Дзяніс, аднак, не заводзіў рухавік, а назіраў, як яго напарнік знайшоў аўтааптэчку, расшпіліў футляр, дастаў адтуль бінт, пераламаў ампулу з ёдам і падкруціў на сябе люстэрка задняга бачання. У святле наступаючага дня пад падбародкам Кірыла сачылася крывёю свежая драпіна. Чамусьці гэта відовішча ўзрушыла Дзяніса. Вадзяністыя яго вочы заварожана спыніліся на твары напарніка. Кірыл між тым працягваў:
— Я ж цябе, Дзяніска, не пытаю, чаму ты таксама ў дурдом уладкаваўся — пэўна ж, маеш свае выгоды. Хіба не ад цябе ўсё аддзяленне жахаецца, як ты ідзеш? Хіба не цябе яны баяцца больш за ўсіх? Так, ты на макруху быццам не падпісваешся, але хто на тым тыдні рэбры хвораму паламаў, а на гэтым яго ўжо ў зямлю закапалі? А месяц таму, памятаеш? Ты ж любіш біць іх, га? Ты мне магілёўскімі справамі ў нос тыцкаеш, але я ў цябе таксама магу шмат чаго спытаць.
Кірыл падціраў кавалкам бінту кроў з шыі і ўсё больш нервова раскуражваўся. Ён пачаў гаварыць пра тое, пра што яму было лепш памаўчаць, але спыніцца ўжо не мог. Ён напомніў напарніку, што той усяго толькі студэнт-завочнік фізкультурнай акадэміі, бо стаў баяцца клеткі[16], таму што там яго аднойчы, у час матча, зламалі, і цяпер ён, Дзяніска, адыгрываецца на дурыках, іх жа можна хоць апускаць — ніхто не заступіцца. А маладзенькіх, бывае, і малалетніх наркаманак, якіх, здараецца, пасля ломкі ў лякарню прывозяць, хіба не ён гвалціць? А хто ім наркату за баксы, за рыж'ё носіць? Хто ў псіхушцы паханом сябе лічыць, га? І Кірыл, ужо больш памяркоўна, параіў напарніку не спускаць палканаў, гэта значыць, не абвастраць сітуацыі, тым больш што пра тое-сёе даўно здагадваецца галоўны лекар, а яму таксама трэба падмазваць язык, каб маўчаў і не паднімаў хіпежу.
— Ты мне запазыку вярні, і расход, — ціха і мякка, але з прыхаванай злосцю папрасіў Дзяніс. — Адкуль я ведаю, — можа, ты ногі мацаеш? Дзе я цябе тады шукаць буду, ва ўсесаюзным вышуку? Ты вось паўгадзіны таму зашмаргу на дэмана[17] накінуў, а заўтра, можа, і на бабу тую накінеш, ваўчыцу, пасля таго як яна хату прадасць. А потым зліняеш і — з канцамі.
Дзяніс, пакрысе запальваючыся ад сваіх жа слоў, зноў скасавурыў вокам на напарніка, і зноў выгляд крывавай пісягі на шыі Кірыла дзіўна ўсхваляваў яго. Раптам ён выхапіў з кішэні кнопачны нож, пстрыкнуўшы, выскачыла лязо, — і імгненным рухам саўгануў напарніку пад сківіцу. Кончык ляза трапіў якраз на свежую драпіну і на міліметр-два ўвайшоў таму пад скуру. Кірыл адхіснуўся, але галава яго ўперлася ў стойку кабіны, і лязо зноў яшчэ больш увайшло ў тое месца на шыі, дзе была ранка і адкуль адразу выцекла некалькі буйных крывавых кропель.
— Ты што, Дзяніска? — выдыхнуў ён. — Адпусці!
Санітар Дзяніс перахапіў яго правую руку сваёй левай, так што другая рука напарніка аказалася заціснутая яго ж тулавам і плячом напаўшага. Цяпер Кірыл быў амаль нерухомы, хіба што мог толькі соўгаць нагамі ці адкрываць і закрываць рот. Але як толькі ён скарыстаўся дзвюма гэтымі магчымасцямі, лязо нажа ў яго пад сківіцай увайшло глыбей яшчэ на некалькі міліметраў.
— Эйш, заспяваў, — прасіпеў яму ў твар санітар Дзяніс. — Ты лепш спявай пра тое, дзе, у якой кішэні ці ў якім месцы «зялёныя», што ты мне вінен, ляжаць.
— Фіняк убяры, Дзяніска, ты што, звар'яцеў?
— Я цябе адвучу вецер гнаць, жывёла!
Санітар Кірыл таргануў галавой назад, але гэтым рухам ён толькі пагоршыў сваё становішча. Дзяніс зноў націснуў рукой, і лязо ўехала ў шыю напарніка яшчэ на некалькі міліметраў. Кроў з-пад кончыка нажа пацякла мацней.
У кабіне машыны ўжо зусім пасвятлела ад наступіўшай раніцы, але вузкая лясная дарога была пустая.
— Пусці, я аддам! — хрыпеў Кірыл.
— Зараз аддасі? — спытаў Дзяніс. — Дзе ў цябе грошы? Гавары, ну!
— У нацельніку зашытыя, пусці!
Санітар Дзяніс падумаў некалькі доўгіх секунд і вырашыў схаваць нож, нават спыніў трымаць сваёй левай рукой руку напарніка, але якраз у гэты момант нібы незалежна ад яго волі лязо нажа мякка, нібы ў мучны пірог, увайшло на ўсю глыбіню ў горла Кірыла, і той захрыпеў, засоўгаў нагамі ў агоніі, выплёўваючы крывавую пену.
Здзіўлена, нібы забіваў не ён, а нехта іншы, санітар Дзяніс утаропіўся ў вочы напарніка, якія паступова патухалі, а потым адчыніў свабоднай рукой кабіну і выпіхнуў цела на дарогу. Ён адразу вылез следам, нервова агледзеўся па баках, але ніякай небяспекі не заўважыў: пустая дарога наперадзе гублялася ў лесе, за якім адразу пачынаўся бальшак, ззаду таксама не нагадвалася ніякага руху. Тады ён ухапіў цела былога напарніка за куртку і подбегам пацягнуў убок.
Неўзабаве Дзяніс вярнуўся, хутка, не пакідаючы сачыць за дарогай, адшукаў у багажніку кароткую сапёрную рыдлёўку і закідаў зямлёй крывавы след, што цягнуўся ад машыны. Потым зачыніў дзверцы кабіны і з рыдлёўкай вярнуўся ў ельнік.
Кірыл быў ужо мёртвы. Санітар Дзяніс расшпіліў яго куртку, агледзеў і выцягнуў усё з кішэняў, потым старанна абшукаў кішэні і ў спартыўных нагавіцах, і ўрэшце расшпіліў кашулю і дабраўся да нацельнай бялізны. Амаль адразу рука яго намацала над левым бокам трупа на цяльняшцы патайную кішэню. Санітар Дзяніс успароў яе нажом і выцягнуў невялічкі цэлафанавы скрутак. Ён таропка разгарнуў яго: у скрутку былі даляры. Пэўна, Кірыл, нікому не давяраючы, насіў усё сваё пры сабе.
Дзяніс пачаў капаць яму тут жа, ля дарогі. Рыдлёўка здавалася лялечнай у яго руках. Падмерзлая за ноч зямля спачатку паддавалася з цяжкасцю, быццам не хацела прымаць у сябе тое, што павінна была, але потым справа пайшла нашмат лягчэй, і яма паглыблялася даволі хутка. Часам санітар Дзяніс кідаў капаць, падыходзіў да машыны, дзе зноў нервова ўсё аглядаў, праціраў анучай кабіну, чуйна прыслухоўваўся да гукаў навокал і збочваў у лес. Урэшце глыбіня задаволіла яго, ён адным скачком скочыў з ямы наверх, нагамі спіхнуў туды труп і пачаў закідваць зямлёй.
Гаспадыня чакала званка, бо адразу падхапілася з канапы і, як і была, у халаце на голае цела, рушыла да дзвярэй і зірнула ў «вочка».
— Ай, Свецік прыйшоў, — радасна сказала яна.
Перасцерагальнік замка шчоўкнуў, дзверы адчыніліся.
— Ну, прывет, Валюха!
У кватэру ўвайшла маладая, гадоў дваццаці пяці, дзяўчына, у трусінай футэрцы, чорнавалосая, з кароткай моднай стрыжкай. Пульхныя яе вусны былі рэзка абведзены тонкай карычневай рысай памады. Прамы, невялікі нос пачырванеў ад холаду, а цёмныя вочы ледзь касавурылі. Востры падбародак быў з ямачкай пасярэдзіне.
— Ледзь не змарнела, пакуль чакала, — сказала Валянціна, нецярпліва дапамагаючы госці зняць футра. — Павесь сюды. Бачыш, як свабодна стала, усё каменне выкінула, дні тры запар суседскі алкаш выносіў.
Жанчыны пацалаваліся.
— А дзе старычок, вальтануты твой, усё там?
— У псіхушцы, дзе ж яму яшчэ быць. Ты праходзь, мы цяпер тут будзем сустракацца. Толькі вось нешта я не ў форме, зайчык.
[16] Клетка — рынг (спарт.).
[17] Дэман — вар'ят (блатн.).