Ехалі ў маўчанні. Некалькі разоў яго парушаў стары — ён усё імкнуўся высветліць, якую плату з яго возьмуць за немалую паслугу — уцёкі з псіхушкі, але і Кірыл, які сядзеў побач з ім на заднім сядзенні, і тым больш крутаплечы Дзяніс наперадзе адгаворваліся нязначнымі словамі, а то і проста выклічнікамі, і стары таксама змоўк.
Хвілін праз дваццаць язды па пакручастай дарозе, якая вілася то полем, то праз лес, Дзяніс спыніў машыну і сказаў:
— Ну, а далей ножкамі. Тут праз лясок і станцыя недалёка.
Між тым ледзь-ледзь пасвятлела. Зоркі і месяц пачалі знікаць, быццам раставалі ў халодным небе — першая прыкмета раніцы.
Санітар Кірыл адчыніў дзверцы кабіны, спрытна выкінуў вонкі сваё гнуткае цела і сказаў:
— Пайшлі, дзядзька.
Віктар Малец з палёгкай вылез з машыны. Яны з Кірылам збочылі на вузкую сцяжынку, што вяла ў лес, і неўзабаве цемра паглынула абодвух.
Санітар Дзяніс моўчкі глядзеў, як зніклі іх постаці, выцягнуў з пачка цыгарэту і запаліў. Ён відавочна нерваваўся, бо некалькі разоў апускаў шкло кабіны і прыслухоўваўся. Але, акрамя рыпу соснаў пад слабым ветрам і далёкага шуму машын, ён нічога не пачуў і ўрэшце выкінуў недапалак і зноў падняў шкло. Ён адкінуў сядзенне быццам з намерам падрамаць, але праз якую хвіліну-дзве ўключыў транзістар, знайшоў музычную праграму і пачаў слухаць.
Так прайшло хвілін дзесяць. Санітар Дзяніс выключыў прыёмнік, адчыніў кабіну і зноў прыслухаўся. Халоднае паветра падзьмула ў салон, выцягнула цыгарэтны дым. Світала.
Кірыл нечакана вынырнуў з цемнаты, плюхнуўся на сядзенне побач, зачыніў дзверцы, прыпаліў ад запальнічкі і сказаў:
— Ну, блякнем адсюль.
Машына імкліва рванула з месца і набрала хуткасць. Дарога спрэс была ў выбоінах, абодвух трэсла, але санітар Дзяніс не збаўляў хуткасці. Ён выключыў фары: ужо прыкметна развіднела, і ў прасвеце між дрэвамі над дарогай можна было бачыць рэдкія шэрыя аблокі, якія, змяняючыся, адно за адным беглі па небе з усходу на захад. Урэшце яны апынуліся на раздарожжы перад бальшаком. Дзяніс затармазіў і выключыў рухавік.
— Вы б яго ў горадзе лепш мачылі, — сказаў ён.
— Хто гэта — вы? — перасмыкнула Кірыла.
— Ты і хаўрусніца твая, Валянціна. Тут яшчэ засвецішся з табой, нумар машыны хто запомніць, мала што...
— Дома, кажаш? — вышчарыўся раптам Кірыл. — А потым куды? У чамадане па частках на сметнік? Ты ж думай — макітру ўключы.
— Ну, згода, я сваё адрабіў, залаці ручку.
Але Кірыл быццам і не чуў апошняй заўвагі.
— Ты зразумей, — працягваў ён, — такі наш варыянт — поўная страхоўка. Сам ведаеш: тых, сатырыкаў[15], хто з лякарні ўцякае, — амаль не шукаюць, а калі і знойдуць цела, то справу не заводзяць: у «канторы» зараз іншых спраў хапае. А тут — яўнае самазабойства, я ўсё як трэба пакінуў. Пішыце «мусаркі» адразу пратакол і рапарт: усе канцы сыходзяцца. А мянты — яны надта работы не любяць. Ды што тлумачыць дарэмна? Чаго спыніўся? Шызіка шкада? Дык на цябе гэта не падобна — шкадаваць.
— Трэба разлічыцца, Кіруха, — сказаў Дзяніс. — З цябе «штука», як і дамаўляліся.
— Я што, фінагент?! — той брыдка вылаяўся і зрабіў непрыстойны жэст. — Так, можа, разлічымся?
Дзяніс павярнуў галаву і скоса зірнуў у твар напарніку. Вочы яго нядобра бліснулі.
— Без істэрык. Шалясці, радной.
— Не раней як Валянціна аформіць кватэру і прадасць. Трэба час. Тыдзень, два, а то і месяц...
— Не тапчы вушы. У вас гэта ўжо другая ціхая. З ваўчыцай той — Валянцінай, вы ў абласной псіхушцы такім жа макарам укоцалі дзядзю. А кватэру яго прадалі.
— Адкуль ты ведаеш? — насцярожыўся Кірыл.
— Вы за тую кватэру дваццаць штук узялі, — праігнараваў яго пытанне Дзяніс, — ва ўсякім разе не менш. Цяпер вось зноў лоха знайшлі. Давай шалясці, Кіруха.
— Разлічымся, не круці панты.
— Не. Грошы, як дамаўляліся.
— Едзем адсюль, дурань. Тут небяспечна, мала што. Да таго ж ён мне шыю падрапаў, кроў цячэ. Дзе аптэчка?
[15] Сатырык — чалавек з дзівацтвамі, непаўнаварты (блатн.).