Краса твая зусім са свету згіне,
Як не пакінеш нам яе ты ў сыне.
11
Не звянеш ты, бо закрасуеш зноў
Цераз дзяцей сваіх і з іх красою.
Сваёй ты назавеш нашчадкаў кроў,
Якую даў часінай маладою.
Ёсць мудрасць, прыгажосць у думцы той.
Без іх жа радасці і шчасця мала:
Калі б згадзіўся свет увесь з табой,
Дык праз капу гадоў жыцця б не стала.
Няхай пачвары, вырадкі усе
На свеце нашым згінуць без расплоду.
А ты, за ўсе дары тваёй красе,
Павінен шчыра дзякаваць прыроду.
Ты, як пячаць, што выразаў разьбяр,
Павінен шмат разоў вярнуць свой дар.
12
Калі гадзіннік адбівае час нам,
А дзень вясёлы нікне ў шэры змрок,
Ці сівізну на чорных бачу пасмах,
Фіялкі кволае паніклы зрок,
Калі пабачу дрэвы пры дарозе —
Ўсе без лістоў, без засені густой,
Або пласты сухой травы на возе,
Нядаўна што была жывой травой, -
Тады цябе міжвольна я згадаю:
Тваёй красы не вечны такжа цвет.
Адно жыве, другое памірае,
А трэцяе ў жыццё цярэбіць след.