Занадта ты прыгожы, дасканалы,
Каб гэта ўсё здабыткам смерці стала.
7
Калі ў агні ўрачыстых, ясных шат
Ідзе з начы магутнае свяціла,
Ўзнімае ўсё жывое свой пагляд,
Вітае прамяністасць дзіўнай сілы.
Калі яно у залатых агнях
Ідзе па небу да свайго узвышша,
Тады ўсе з захапленнем у вачах
Глядзяць, нібы юнак чароўны выйшаў.
Калі ж яно на небакрай зірне,
Стамлёна ў дол пакоціць калясніцу,
Тады ўсе вочы недзе ў старане,
Пакуль яму да захаду хіліцца.
І ты без следу ў свеце знікнеш так,
Калі не застанецца сын-юнак.
8
У музыцы твая ўся асалода.
Чаму ж яе ты слухаеш з тугой?
Калі яна табе не даспадобы,
Чаму не развітаешся ты з ёй?
І хоць акорды жалем горкім поўны,
У іх сугучнасці табе дакор:
Хто без гармоніі жыве чароўнай,
Самотны той на ўвесь зямны прастор.
Ты чуў калі, як струны ў дружным ладзе
У перазвон гудзяць адна другой?
Так бацька з сынам, разам з імі маці
Шчаслівы спеў пяюць адной сям'ёй.