З табою ляжа і краса таксама,
Якая б накш твой здзейсніла тастамант.
5
Мастак цудоўны, незраўнаны час,
Нам творыць дзівы дзіўныя няспынна.
І ён жа ўсё, што захапляла нас,
Нібы тыран, знішчае ў міг адзіны.
Пазбыўшы лета, ён зіму вядзе
Ў наш засмучоны свет, такі знямелы,
Дзе ані кветкі, ні лістка нідзе,
Адзін прасцяг сцюдзёны, снежна-белы.
І каб не кветак хараство за шклом,
Зачыненых у ільдзяной вязніцы,
На цуды, створаныя мастаком,
Маглі б напэўна мы ураз забыцца.
Зіхценне кветкі страцілі зімой,
Але душа іх з той жа пекнатой.
6
Пільнуй, каб лета і твайго прыход
Бязлітасна зіма не зруйнавала,
Пакуль дасі красе ў скарбніцу плод
І не напоўніш слодыччу фіяла.
Ты не ліхвяр, калі за ўласны дар
Бярэш аддзяку шчыра, без умовы.
Ты сам свайму багаццю гаспадар,
Сябе паўторыш дзесяціразова.
Калі ўсе новыя ўдзесяцярых
Разоў па дзесяць вобраз твой адновяць, -
І смерць не страшна ў твой апошні міг,
Тваё патомства — вось твая адповедзь!