Палкоўнік бываў часам надзіва неглыбокі, недалёкі, занадта будзённы, амаль агідны, то зноўку выказваў такія прыгожыя думкі, што я шчыра дзівіўся. Рабіў ён усё гэта з блазенскім смехам. На сур’ёзную размову яго было не выцягнуць. Было відавочна, што ў пустэчы бессэнсоўнага жыцця хацеў утапіць нейкі вялікі, надзвычай вялікі боль. Калі выпіваў, дык ягоным аповедам і жартам не было канца. У ягоных апавяданнях і анекдотах фігуравалі пераважна габрэі. Калі з гэтай прычыны я спытаў яго, чаму ён гэтак любіць біблейскі народ, адказаў мне так:
— Наіўны ты. Чаму можна смяяцца з армяніна, цыгана, немца і кожнага іншага чалавека, але, барані Бог, не з габрэя? Во, талдычаць: антысемітызм, юдафобства… Чаму не смяяцца з іх, калі яны смешныя са сваёй богаабранасцю, шавінізмам, неталерантнасцю? Я для іх гой і акум — я ведаю, што ў вачах габрэя найапошні недалужны аднапляменнік у тысячу разоў лепшы ад самага лепшага гоя. У нас такога няма. Габрэі самі адасабляюцца, замыкаюцца ў старых, дзівачных формах жыцця і яшчэ дзівяцца, што смешныя. Крылоў сказаў: «Смяяцца зусім не грэшна, калі нам што смешна».
— Пакінь ты габрэяў у спакоі, лепш вып’ем, — сказаў я. — Мы таксама з габрэяў паходзім, ад Іяфета.
І без лішніх слоў я кульнуў сваю немалую чарку.
— Якое марнатраўства! — раптам выкрыкнуў былы белагвардзеец. — Такім агідным спосабам марнаваць чароўны нектар можа толькі варвар. Хіба ты не ведаеш, вар’яцкі чалавек, што гарэлачка далікатная, як дзяўчына пасля трыццаці? Яна любіць, каб з ёй разумна абыходзіліся, а не такой дозай і так па-хамску: цап-хап і ў рот клац. Тэк-с, панове.
Мы зноў выпілі.
— Палкоўнік, а ці ты ведаеш, што такое падводная вайна? — я спытаў яго. — Як камандзір, ты павінен ведаць.
— Чаму не? — адказаў. — Ведаю. Я ж, да д’ябла, сын Марса. Пяць гадоў на фронце, адзінаццаць ранаў.
— Дык што ж гэта за звер?
— Ну, вайна на моры. Пад вадой.
— Хопіць, далей не тлумач. У бальшавікоў гэта зусім нешта іншае, — перапыніў я яго. — У іх «падводная вайна» вядзецца ў лясах, на палях і стэпах. Наогул на сушы. Садзяць салдат карнага атрада на п-а-а-д-в-о-о-д-ы і едуць ваяваць з дэзерцірамі, партызанамі, паўстанцамі і іншымі «контррэвалюцыйнымі элементамі», якіх абагульняюць калярова: «белыя або зялёныя бандыты».
— Цьфу, д’ябал. А ці вадзяра ў іх ёсць?
— Афіцыйна — не. Толькі самагонка, выпадковая, або паскуднае віно «дзеля лекавых мэтаў». А яно прадаецца па завоблачных коштах.
— Пагінуць яны, як рудыя мышы. І краіна адбрыкнецца. Ні за што. Бо калі чалавек алкаголем не дэзінфікуецца, дык можа падхапіць якую хочаш заразу. Супраціўляльнасць знікае. Тэк-с.
Піў ён гарэлку маленькімі кілішкамі, але запар і часта. Я і Уладак пілі паўшклянкамі. Час праводзілі пераважна за выпіўкай. У Баранавічах не было дзе па-сур’ёзнаму развеяцца. Сумнае места, сумныя наваколлі, адзін кіназалік, тэатра зусім няма. Часам збіралася нас больш, тады выпіўка чаргавалася вясёлай гутаркай, у якой Палкоўнік вёў рэй. Ягоным анекдотам канца не было; з тых, што можна пераказаць, прывяду два:
— Схапілі жандары ў лесе трох габрэяў, дэзерціраў. Два прызыўнога веку, — апавядае Палкоўнік, — а трэцяму за шэсцьдзесят. Жандары яго пытаюць: «А ты чаго ад войска ўхіляешся? Ты ж стары». А габрэй кажа: «А хіба я ведаю. А можа мяне хочуць генералам зрабіць?» Другі: аднойчы ўвечары на паліцэйскі пост уляцеў спалоханы габрэй. Без капелюша, адзежа расхрыстаная. «Ай-вай, — крычыць, — пан начальнік, вялікае забойства». — «Што, дзе?» — «На шашы двое забітых». — «Хто такія?» — пытае дзяжурны. — «Адзін я, — кажа габрэй, — а другі зараз прыйдзе».
Калі Палкоўнік напампоўваўся, тады браў гітару і спяваў куплеты, з вялікім майстэрствам імітуючы жэсты і гаворку габрэяў. Так весяліў кампанію.
Дзіўлюся, адкуль Палкоўнік мае гэтулькі запалу і весялосці, бо жыццё яго і становішча вельмі сумныя. Пасля рэвалюцыі страціў у Расеі ўсю сям’ю і, колісь заможны, стаў валацугам. Жылося яму кепска. Для ілюстрацыі прывяду такі факт. Не быўшы набожным, уступіў у секту баптыстаў, каб атрымаць новую вопратку, паліто і чаравікі, бо свае знасіліся. Пра гэта распавёў мне Уладак. Не меў ён анічога наперадзе, а за плячыма — адна чорная горыч. Засталася яму адзіная суцяшальніца засмучаных — гарэліца. Галодны быў, а піў. Прапіваў кожны здабыты выпадковай працай грош.
Мне шчасціць на п’яніц — любяць мяне, і я іх люблю. Няраз глыбока задумваўся, чаму сярод п’яніц гэтак шмат добрых людзей: таварыскіх, зычлівых, шчырых, чулых на чужую бяду. Кажу такое пра п’яніц у вялікім маштабе, пра гэткіх расейскіх горкіх п’яніц. Можа яно таму, што каб стаць такім п’яніцам, чалавек павінен мець нейкія цяжэзныя перажыванні і збалелую душу. Гэта робіць яго спачувальным і адкрытым для іншых. Пераканаўся, што чалавек, які сам не бываў галодны, не зразумее галоднага. Які не цярпеў цяжкіх пакут і няшчасця, не зразумее бяды іншага. Разуменне чужой нядолі ў людзей шчаслівых бывае зазвычай штучным, хоць сам у гэта свята верыць. Найлепш зразумее злодзей злодзея, вулічная дзеўка — прастытутку, а чалавека няшчаснага — чалавек сам няшчасны.
Мы сядзелі ўтрох: Палкоўнік, Уладак і я. У мяне былі падрыхтаваны два камплекты фальшывых савецкіх дакументаў. Адзін цывільны і адзін вайсковы: пасведчанне асобы і адпускны білет. На адпаведных бланках. Калі мы выпілі, я выняў з партаманета дакументы. Уладак, які меў прыгожы почырк, запоўніў іх паводле маіх указанняў.
— Ну, Палкоўнік, — сказаў я, — падмахні, як камісар, чырвоным чартлам.
— Давай.
З вялікай сур’ёзнасцю падпісаў дакументы ўласным, добра вядомым у Саветах, прозвішчам контррэвалюцыянера. Пасля распісаўся, як сакратар, таксама сваім прозвішчам. Уладак падпісаў дакументы хімічным алоўкам (савецкая мода).
— Клёва, — сказаў Палкоўнік, разглядаючы бланкі. — Як Расея вялікая і шырокая, вузкая, тонкая і глыбокая, худая, дурная і высокая, такіх «жалезных» дакументаў не знойдзецца. Абмыем на шчасце.
Мы пілі далей, на развітанне, бо сёння ўвечары я павінен быў выйсці ў дарогу. Спявалі «Інтэрнацыянал», перакручаны з адпаведнай расейцам злой вастрынёй:
Уладак дзеля жарту праспяваў іншую, ужо тутэйшую пераробку таго ж «Інтэрнацыянала», мякчэйшую, але не меней дасціпную:
Развітваліся мы позна ўвечары. Палкоўнік і Уладак расчуліліся. Уладак, п’яны, сціскаў мне далонь і ўсё крычаў штосьці бессэнсоўнае. Палкоўнік роў:
— Раманік, памятай, халера: усё, што на дарозе — вораг. Ну, давай напрыканцы, нашу, партызанскую. Згадаем даўніну.
Палкоўнік правёў мяне на вуліцу.
— Ромку! — крычаў стары ваяка. — Памятай. Яны не пашкадуюць. У іх сэрцаў няма. І-дэ-я-лі-сты-ы. Толькі моцнага баяцца, слабога задушаць. За ідэю маці роднай вантробы павыпорваюць. І ты не шкадуй. Глядзі.