Перш за ўсё да свядомасці дайшло адчуванне мізэрнасці і марнасці ўсіх яго колішніх пякельных крыўд. Які ён быў дурны, крыўдуючы калісьці на маці, айчыма, балюча перажываючы дробныя нягоды вайсковай службы – старшынову строгасць, нячуласць таварышаў, сцюжу і голад, страх смерці. Якое ўсё гэта было далёкае і надзіва нязначнае, дробязнае ў параўнанні з толькі што перажытай трагедыяй пагібелі тых, каму болей, чымся сабе, верыў ён і каго гэтак паважаў у жыцці. Відаць, гэтае няшчасце было яго першым пасля смерці бацькі сапраўды жахлівым няшчасцем. Хлопец невыразна адчуваў, што, перажыўшы яго, ён ужо не мог застацца ранейшым – ціхманым, боязкім Глечыкам, нешта новае – мужнае і цвёрдае – уваходзіла ў яго характар.
Але, здаецца, выжыць яму не давядзецца. У поле з вёскі выехала яшчэ некалькі машын, яны падаліся ў аб’езд, у бок лагчыны. На пагорку, відаць, на прамую наводку, ставілі, акопвалі некалькі гармат – ворагі рыхтаваліся грунтоўна і пэўна. А жыць так хацелася – хоць як-небудзь: у сцюжы, голадзе, страху, хоць у такім жудасным пекле, якім была вайна, – усё роўна хацелася жыць.
Глечык, зажмурыўшыся, усім нямытым, запэцканым слязьмі тварам паглядзеў угору на сонца – яно было яшчэ высока і свяціла, не спяшаючыся на сустрэчу з ноччу, якая так патрэбна была байцу. У той жа момант да яго слыху даляцелі дзіўныя журботныя гукі, ад якіх ён яшчэ вышэй задраў галаву і ўгледзеўся ў паднябессе. Ён заўсміхаўся і тужліва, з незразумелым, нечакана салодкім болем у душы доўга глядзеў у неба. Марудна пасоўваючыся пад аблокамі і самотна-квола курлыкаючы, ляцеў там у невядомую далеч невялікі ланцужок журавоў.
У спапялелую ад гора душу байца дыхнула замілаванай шчаслівай мінуўшчынай яго дзяцінства, шчымлівым болем па ўсім тым, што перажыта, пакінута і назаўжды ўжо страчана для васемнаццацігадовага юнака. Ён ледзьве ўтрымаў крыўдлівую спазму ў горле і глядзеў, глядзеў услед чародцы родных з маленства птушак, якія прынеслі ў яго пачуцці дзесяткі да болю нясцерпных адчуванняў... I калі ўжо яго зрок ледзь-ледзь нашчупваў у шэрай засмужанай высі тую рухавую рыску, з неба зляцеў на зямлю другі, роспачна-абрывісты гук, поўны трывогі, просьбы і безнадзейнага журботнага клічу:
– Курл!.. Курл!.. Курл!..
Наўздагон за зніклай чарадой, з апошніх сіл перабіраючы крыллямі, не дужа высока ляцеў, быццам шкандыбаў у паветраным абшары, адсталы падбіты журавок. Ад яго амаль чалавечай роспачы аж здрыгануўся здзіўлены Глечык, нешта суладнае сваім затоеным пакутам пачуў ён у тым жалобным голасе, і грымаса болю і жалю скрывіла яго круглявы хлапечы твар. А журавель крычаў, кідаў у ветраны прастор дарэмныя гукі трывогі, махаў і махаў аслабелымі крыламі, пяўся наперад сваёй доўгай выгінастай шыяй, але дагнаць чародку не мог.
Ад жахлівае роспачы птушкі нясцерпнай самотай захлынула хлапечае сэрца. Глечык аберуч ухапіўся за галаву, зацяў вушы, напяўся, з усяе сілы сціснуўся, каб толькі стрываць. Так ён сядзеў доўга, зусім змярцвелы і абыякавы да ўсяго, збіты з панталыку тым нестрываным жураўліным сумам. Пасля ён адняў ад вушэй рукі і, нават не зірнуўшы ў неба, у якім даўно растала бедная птушка, усё яшчэ чуў перапоўнены горам і роспаччу тужлівы крык жураўка.
А ў душы, прарваўшыся з памяці ад таго незвычайнага напамінку, ужо шырыліся, грымелі тугой пяшчотныя, дарагія ўспаміны з таго далёкага, што стала ўжо мінулым і такім нясцерпна замілаваным. Як жывая паўстала ў памяці маці – маладая і прыгожая, але не такая прыветная і пяшчотная, як была заўсёды, а з гаротай на твары па ім, яе сыну. Успомнілася настаўніца Клаўдзія Якаўлеўна, якая любіла яго ў школе, несучы яму са свае шчодрай на ласку душы сарамяжлівую і цёплую жаночую прыхільнасць. З’явіўся перад вачыма непаседлівы Алёшка Бондар і з ім – дураслівыя іх забавы, паходы ў Селіцкую пушчу і такія тады зманлівыя гульні ў вайну – самае праклятае з усіх ліхаў, заведзеных жыццём на зямлі. Зашчымела ў душы старое раскаянне за Людку, выдуманым каханнем да якой некалі дражнілі яго ў школе, за што ён зненавідзеў і аднойчы пакрыўдзіў гэтую бялявую дзяўчынку з задуменнымі сінімі вачыма.
Ахоплены ўладарнаю сілай успамінаў, не адразу заўважыў ён, як узняўся аднекуль суцэльны далёкі гул. Хлопец ачнуўся, калі на пагорак абапал дарогі выпаўз статак крыжастых страшыдлаў, загрукатала ўсё наваколле і да самага споду задрыжала зямля. Скочыўшы з бруствера, Глечык схапіў адзіную сваю гранату, прыціснуўся спіной да дрыготкай сцяны траншэі і чакаў. Ён разумеў, што гэта канец, і з усяе сілы зацяў у сабе нясцерпную журботу душы, у якой вялікаю прагай да жыцця ўсё біўся далёкі прызыўны жураўліны крык...
1959
Аблава
Прырэчная лугавая імшарына з раскіданымі па ёй бухматымі купкамі лазняку ды грыўкамі зрудзелага бярэзніку дружна зелянела позняю восеньскай атавай. У доле скрозь было мокра, няўходна, мох часам асядаў пад нагамі, і тады з-пад яго цвіркала мутная жыжа. Але мох дужа не правальваўся, дрыгвы тут не было. Гэта цяпер, увосень, імшарына набрыняла вадой і стала падобнаю на балота, а ўлетку, у пару сенакосу, дык тут скрозь было суха, вольна хадзілі касцы, бабы і нават ездзілі на брыках, калі звозілі сена. Дзе-нідзе ў доле яшчэ і цяпер налітыя чорнай вадой блішчэлі сляды конскіх ног. Пасля дажджоў прырэчнае балота шырока разлілося, заліло імшарыну, якая, бы цеста на дражджах, пачала пухнуць мяккім вільготным мохам. Скураныя пасталы на нагах у чалавека даўно раскіслі ад балотнай вады, анучы наскрозь змакрэлі. Але чалавек не заўважаў таго і між кустоўя ўпарта імкнуўся кудысьці. Наўкола стаяла цішыня, нідзе не было нікога. Людзі завіхаліся на палетках, выбіралі бульбу, - нашто цяпер каму гэтая дальняя прырэчная імшарына? Чалавек, мабыць, ведаў тое і ўсё ж адчуваў сябе неспакойна, нават трывожна; хада яго была такая насцярожаная, што, здавалася, варта недзе каркнуць вароне, як ён здрыганецца і абамрэ на месцы.
Быў ён немаладога веку, даўгалыгі і шырокі ў плячах, але надта худы, з жылаватай выцягнутай шыяй. На даўно не голеным твары чырванеў даўгі прастуджаны нос, з-пад святлявых броваў насцярожана зыркалі шэрыя вочы. Рот яго быў трохі разяўлены - ад стомы ці залішняй увагі, і з-пад абвіслых вусоў вытыркаліся два ніжнія зубы, іншых спераду не было відаць. Дыханне ў чалавека чулася сіпатае і частае - усё ж, мусіць, далася яму ў знакі гэтая хада па балоце. Апрануты ён быў у зрудзелы ад старасці вясковы армячок-паддзёўку, залаплены на плячы чорным суконным лапікам, на запалым жываце скасабочана трымалася раменная папружка. Пакамечаная кепка на галаве даўно ўжо страціла сваю ранейшую форму і выглядала нібы аблавушка - відаць, насілі яе не адзін год. Мабыць, таксама, як і порткі, спераду і ззаду абсаджаныя лапікамі, на якія, у сваю чаргу, былі прышыты новыя лапікі - такія зношаныя былі порткі. Бадай, самае спраўнае на чалавеку былі ягоныя пасталы, хоць і раскіслыя ад вады, але з моцнай сырамятнай скуры, туга сцягненыя на нагах вераўчанымі забэрскамі, канцы якіх былі абкручаны аднізу на калашынах тых нехуцавых порткаў. Ніякай ношы ці хатулька ў чалавека не было відаць, вольныя рукі яго, аднак, не матляліся, а напаўсагнутыя насцярожана віселі па баках.
Відаць было па ўсім, што чалавек даўно ішоў адзін, звыкся са сваёй адзінотай і старанна абмінаў людзей. Людзі для яго былі найвялікшаю небяспекай у полі, на дарогах, ці не таму ён выбіраў шлях воддаль ад дарог, паселішчаў, між параснікаў і балацявін або цераз лес. За час блукання ён адвык ад чалавечага голасу, сам маўчаў, толькі напружана, да болю ў галаве, думаў і безупынна ўзіраўся ў наваколле. Слых яго стаў такі востры, што ён лёгка заўважаў самы кволы птушыны шолах у кустоўі, за вярсту лавіў стук калёс на дарозе; нягучны дзіцячы вокрык даваў яму знаць, дзе пасвіцца вясковы статак. Статка ён не баяўся, ужо разы тры, натрапіўшы на пастушкоў, разжываўся ў іх хлебам ці бульбінай, аднойчы нават паспытаў трохі сала. Сала дала дзяўчынка, якая разам з другой гэткай жа малечай пасвіла шэсць каровак на ржышчы пад лесам, і ён, вылезшы з кустоўя, спярша папытаўся, якая вёска здаля на пагорку і як клічуць дзяўчынку. Мусіць, тая ўсё ж напалохалася, але адразу выняла з кішэні бацькавай світкі загорнуты ў чыстую анучку свой полудзень і моўчкі аддала дзядзьку. Ён узяў, адышоўся і, хоць быў згаладнелы, бы воўк, не мог узяцца есці - так узрушыў яго той яснавокі позіркі дзяўчаці, які неспадзеўкі нагадаў яму ягоную дачушку Волечку. Добра адышоўшыся па ўзлеску, ён зашыўся ў гушчар і не стрымаўся - заплакаў, мо першы раз з таго часу як пахаваў дачушку. Не суджана было ёй пабачыць сваю зямельку, прыбраў бог на чужой старане, навек супакоіў над жвіровым абрывам далёкай сцюдзёнай ракі.
А бацька дайшоў.
Прырэчная імшарына разам з ракой крута паварочвала ўбок, наперадзе між кустоўя засінеўся хвойны грудок, і Хведар Роўба запаволіў хаду, гатовы зусім спыніцца. На твары яго адбіўся выраз тугі, нават болю, ён зморшчыўся сваімі зашчаціненымі маршчакамі, нібы збіраўся заплакаць. Ды і сапраўды ледзь не заплакаў, расчулены, можа, пазнаўшы памятную з дзяцінства мясціну - той пясчаны грудок сярод балацявіны, на якім зімой і ўлетку зелянела купка стромкіх старых хваін. Там, ведаў, была дарога, якою ён калісьці ездзіў на станцыю, у мястэчка, малы - з бацькамі на кірмашы, затым у раён да начальства, колькі разоў вазіў нарыхтоўкі збожжа, падатак просты і два разы цвёрды. Грудок, здаецца, не змяніўся за ўсе доўгія пяць гадоў, як Хведар не бачыў яго, хвойкі нібы папрыгажэлі нават і бухмата зелянелі зводдаль, быццам слалі яму прывітанне з таго даўняга самотнага дня, як ён апошні раз глядзеў на іх з воза па дарозе на станцыю.
Вельмі яму хацелася падысці да грудка, каб хоць зірнуць на знаёмыя мядзяныя камлі хвой, сухі жвірысты дол, ды ён не пайшоў. Блізка было і жадана, але... Наперадзе, мусіць, чакалі яго і яшчэ болей родныя мясціны, а там, за грудком на дарозе, маглі паявіцца людзі. Свае, знаёмыя, дзеравенцы. Але сустрэчы са сваімі і знаёмымі ён баяўся болей за ўсё.
«Божа літасцівы, чаму ж я такі нешчаслівы? - звыкла падумалася Хведару, як думалася бадай штодня ўсе пяць гадоў ягоных пакут. - Жывуць людзі, спакойна ходзяць па гэтай зямельцы, і, мусіць, ніхто не ведае, як без яе. А я...» А ён, калісьці гвалтам адарваны ад яе, здаецца, здзічэў нутром ад самоты па ёй, спарахнеў розумам. Двойчы за апошні год ён уцякаў - па-дурному, без падрыхтоўкі і аніякага шанцу, дзе ж было дапяцца да ўдачы. Але во ці не пашэнціла ўсё ж, калі ўжо зніклі ўсе спадзяванкі. Здаецца, і напраўду хутка ён убачыць свой родны кут, сваё поле, стрэхі маленечкай падлеснай вёскі Нядолішча, з яе малаўрадлівымі палеткамі, балоцістым выганам і параснікамі, дзе мінулі яго маладыя гады, дзе будучыня колісь паклікала яго да незабыўнага, зманлівага шчасця. Няўжо цяпер яму надарыцца такое? Ад таго грудка па дарозе заставалася тры вярсты да канчатковае мэты яго падарожжа. Няўжо яна спраўдзіцца?
Каб не ісці па дарозе і размінуцца з грудком, трэба было неяк праскочыць па вузенькай голай лагчынцы з ручаём, перайсці па той бок дарогі, бо на гэтым пачыналася балота, па якім ён, мабыць, не пройдзе. Тут ужо ён наскрозь усё ведаў, не трэба было пытацца. Ён і раней ні пра што не пытаўся, хіба дзе ў пастушкоў, аднойчы - у бабкі, што з кійком у руках брыла па дарозе ў полі. І ніколі - у мужчын ці маладых хлопцаў, дзевак, якія хутка маглі яго затрымаць, здаць у міліцыю. На маладых надзеі не было ніякай, тыя цяпер спрэс камсамольцы, выхаваныя ў нянавісці, падазрэнні да кожнага чужога, незнаёмага. А да такога знаёмага, як ён, - тым болей.
Дарогу ён перабег удала, паблізу нікога не было відаць, і, трохі захінуўшыся за кустамі алешніку, даклыпаў да большага лесу. То быў край вялікага Казённага лесу, у якім некалі выдзялялі дрэвы сялянам - на пабудову. Ён і сам пілаваў тут на хату, як будаваўся пасля вайны на сваім толькі што прыдбаным надзеле, які тады наразаў яму сельсавет - дванаццаць дзесяцін - па дзве дзесяціны на душу. А было ў яго тады шэсць душ: ён з жонкай Ганнай, двое старых, сынок Мікалай ды малая дачушка Волечка, якая ў той год нарадзілася. І ён, пагарджаны парабак, патомны беззямелец, стаў уладаром гэткага багацця зямлі з былога панскага прасцягу пад лесам. Помніў, душа яго спявала ад шчасця, белы свет здаваўся несканчона зіхоткім раем. Пабудаваў хату, гумно, хляўкі - зажылі...
Недзе тут, у лесе, між негустых таўшчэзных хваін, павінна была трапіцца яму старая дарожка, але ён не стаў шукаць яе, пайшоў наўпрост. Стомлены, згаладнелы, з настылымі мокрымі нагамі, ён не мог адолець у сабе трывожнага неспакою і міжволі імкнуўся наперад - каб толькі хутчэй. Часам нават забываўся на асцярогу і шыбаваў наўпрост, праз хмызняк і кустоўе, хрускаючы апалым суччом; перайшоў беразнячок-падлесак і выбраўся на амаль чысты і голы расцяроб-дзялянку. Дзесьці паблізу была і ягоная дзялянка, дзе ён са шваграм Тамашом пілаваў узімку бярвенне, падлетак Міколка памагаў тады абсякаць суччо. Дзе цяпер той Тамаш?..
Усё ж ён трохі прабег па зарослай травой лесавой дарожцы - ісці спакойна ўжо не ставала сілы, - усё ў ім імкнулася наперад, туды, дзе на ўзлеску павінна было паказацца поле і ягоная асірацелая без гаспадара сядзіба. Канешне, не пустуе, хтось там жыве... А няшчасны гаспадар, здаецца, траціў развагу ад нецярпення, узрушэнне калаціла яго нервовай дрыжакай, так хацелася яму згледзець хутчэй дранкавы дах з чырвоным комінам, саламяныя стрэхі хляўкоў, гародчык пад вокнамі, некалі поўны вяргіняў, яблынькі ў садку па-над сажалкай. Як садзіў ды прышчэпліваў, былі яшчэ малыя, са жменькай лісточкаў у суччы, а цяпер... Цяпер, мабыць, ужо стаяць з яблыкамі. Не дзіва, мінула столькі гадоў.
Ён выбраўся на ўзлесак ля старой, знаёмай з дзяцінства раскарэкі-грушыны, травяны дол пад якой быў спрэс абсыпаны свежымі і ўжо гнілаватымі грушамі; безліч іх жаўцела ў пажухлай лістоце. Адсюль ужо добра відаць быў вялізны прасцяг узаранага на зябліва поля. Хведар марудна клыпаў па ўзлеску, усё пазіраючы ўніз, да ручая, дзе ляжаў ягоны сіроцкі надзел. За ім віднеліся ўдалечы крайнія хаты Нядолішча - стрэхі хляўкоў, садкі і платы ля гародаў. На крайнім агародным шнурку, сагнуўшыся, поркалася жанчына ў чырвонай хусціне, мусіць, нехта з Антосевых баб выбіраў бульбу. Але дзе ж ягоная сядзіба, дзе хаты і будынкі? На раўнінным, трохі пакатым пляцы надзелу з слабенькай восеньскай рунню гойдалася на ветры некалькі велікаватых ужо дрэў садка, ніводнай жа будыніны не было побач. Скрозь ляжаў прасцяг голага поля - ад лесу аж да самай сажалкі ўнізе.
Хведар яшчэ ішоў, нязграбна шоргаючы пасталамі ў сухім быльнягу ля ўзлеску, але сілы яго ўсё марнелі, крок рабіўся ўсё цяжэйшы, і ён стаў. Пасля вяла апусціўся на ўзмежак ля альховых кустоў і знерухомеў.
Ну во і дабрыў. Дапяўся. Бадай што праз тры месяцы неверагоднага шляху, пакут і цярпення. Але на што было спадзявацца і на што наракаць? Чаго ён хацеў? На што разлічваў? Найперш, каб пабачыць. Ну вось і пабачыў... Ці тут павінен яго хто сустракаць, хто прывячаць - уцекача з таго свету? Ці хоць бы ашчаджаць яго пакінутую сядзібу - мусіць, пайшла на патрэбу іншым. Можа, кудысь перавезеная, дала прытулак добраму чалавеку. З дзецьмі і старымі. Ужо, напэўна, шчаслівейшаму, чым ён. А зямля?.. Зямля во засталася і нават зелянее рунню. Здаецца, і неблагая рунь. Толькі на тым канцы каля сажалкі зачарнелася ад вільгаці, там заўжды ўсё пасеянае вымакала. Некалі ён стараўся там саджаць бульбу, два разы сеяў каноплі. Збажына ж каля сажалкі не радзіла. Але гэтыя цяпер, мусіць, не ведаюць. Засеялі ўвесь прасцяг жытам, думаюць, будзе расці...
Ён сядзеў так, апанураны, у абсалютнай знямозе, і глядзеў на ўсё тое, чаго не бачыў гады і да чаго гэтак імкнуўся. Над полем і вёскай маркатнеў восеньскі адвячорак, з лесу плыў густы пошум ветру, і кудысь ляцелі ўгары раскудлачаныя дажджавыя хмары. На полі і паблізу не было нікога, людзі адно трохі варушыліся ў вёсцы на гародах і падворках, за платамі і парканамі. З канца вуліцы выехалі калёсы з падлеткам, які сярдзіта махаў пугаўём на гнядога кастлявага коніка - з ціхім грукатам калёсы пакаціліся ў раўчук за вёскай. Падлетка Хведар ужо не стараўся і пазнаць, хоць тут, вядома, некалі ведаў кожнага, старога і малога. Але ж мінулі гады, за якія, мабыць, сышлі на той свет старыя, павырасталі малыя. Ці ён пазнае каторага? Але не дай бог, каб тут пазналі і яго. Ці хоць бы заўважылі. Схамянуўшыся, споўз з узмежка, стуліўся, сеў ніжай. Нядаўняе ўзрушэнне патроху міналася, ён ужо болей спакойна стаў пазіраць на знаёмае з дзяцінства поле, палетак азіміны, рэдкія адзінокія дрэўцы на былых межах, кустоўе ў нізінах і каля балотцаў. У тым канцы вёскі зелянела шыракаватая купка хвоек, нешта бялелася пад імі. То былі тутэйшыя могілкі з усёй ягонай раднёй, старымі, дзядамі і прадзедамі - усім яго родам. І шмат якімі вясковымі родамі, што адышлі, аджылі сваё, адпакутавалі. Зайздросная ўсё ж доля, падумаў Хведар: навек разам з усімі, у сваім кутку. А ягоная жонка Гануля, спакутаваная вясковая кабетка, не ашчаслівілася нават і гэткаю доляй - легла ў балотную ямку пад сцюдзёным Котласам. Ці думалася калі. Ці хто чуў тут тую незразумелую назву, якая во стала яе страшным лёсам. Ды ледзьве не стала і яго таксама.
Хведар доўга сядзеў на ўзмежку з кустоўем, узіраўся ў прасцяг. Пачалі зябнуць яго мокрыя ногі, ды і самому стала халаднавата, прыкметна халаднела пад вечар. Відаць было, у вёсцы ішло звычайнае вечаровае жыццё, людзі, мусіць, прыйшоўшы з поля, ладзілі свае дваровыя клопаты. Па сцежцы на гародзе прайшла баба з каромыслам на плячах, нетаропка набрала вады са студні, паазіралася, счакала і, цяжка ступаючы, панесла ваду назад. У хатах запалілі грубкі, пачалі варыць бульбачку на вячэру, з двух ці трох комінаў вецер панёс клочча дыму. Хведар прагна азіраў наваколле, узіраўся ў падворкі, але найбольш ягоную ўвагу прыцягвала сваё колішняе жытло. Здавалася яму, што ля ўцалелага садка ўсё ж застаўся нейкі няпэўны след ад ягоных будынін, можа, не ўсё там панішчана. Адгэтуль відаць быў густы зараснік быльнягу, нешта грувасцілася там - на месцы падмурка, ці што. І ён думаў, што трэба ўсё ж дабрысці туды, паглядзець, хоць бы памацаць зямельку, якая некалі абяцала яму столькі радасці, а дала - адно гора. Але было яшчэ відна, трэба было счакаць. І ён цярпліва чакаў. Як хаты ў вёсцы трохі завалакло вечаровым сутоннем і ўжо мала што ў полі можна было згледзець, устаў. Хістаючыся, пабрыў наўкось па азіміне да ледзьве прыкметнай у ветраной шэрані купкі садовых дрэўцаў.
Як ён і здагадваўся, котлішча не было заарана, някратаным застаўся падворак, ацалелі падмуроўка ад хаты і вуглавыя камяні ад свірна... Камяні былі аграмадныя, асабліва адзін, што паклалі пад ніжні вугол будыніны. Іх прывалаклі з Гараняў. Яшчэ тады яму памагаў швагер Тамаш, і яны ўдвух ледзьве ўскацілі на калёсы гэты камень, які і цяпер гладкім бокам вытыркаўся з зарасніку крапівы, ніхто яго не зрушыў. Падмуроўка пад хатай месцамі выкрышылася, абрасла пустазеллем, ганка з трох пляскатых камянёў не было зусім, мусіць, тыя камяні ўзялі разам з хатай на новае месца. Там, дзе некалі была печ, грувасцілася аброслая палыном куча бітае цэглы - усё, што засталося ад печы. Яно і вядома, болей не магло застацца: цэгла была нехуцавая, дрэнна абпаленая, ён бачыў гэта тады, як купляў, ды на Савацееўскай цагельні не было лепшай: там не хапала паліва. Тады казалі: нічога, для печы згадзіцца. Яно і згадзілася, печ неяк праслужыла год з восем, толькі комін мусілі перакласці - на комін ён прывёз ад Тамаша сотню старых цаглін, яшчэ даўняй, царскага часу фармоўкі. Сумна яму было сланяцца па гэтым пабураным котлішчы, душа аблівалася крывавымі слязьмі. Адно што парадавала яго - дык гэта садок, дрэўцы ўвабраліся ў самую сілу і былі куды большыя за яго чалавечы рост. Яны бесклапотна ляскаталі лісцём на ветры, нібы зусім безуважныя да таго, хто даў ім жыццё. Тры антонаўкі прышчапіў на другім годзе свайго тут жыцця, дзве грушкі - праз год. Чаранкі прывёз аж з Фарынава, купіў у знаёмага настаўніка на станцыі. Першы прывой, аднак, не прыняўся, увосень прышчэпліваў зноў, тады ўдалося лепей. Цяпер ён абышоў дрэўцы, пакратаў іх таўставатыя камлі, нібы павітаўся з кожным. Было ўжо цемнавата, і яго зацікавілі яблыкі - ці было хоць што ў суччы? Паўзіраўшыся ў цёмнае лісце, пакратаў навобмацак ніжнія галіны, трошкі страсянуў крайнюю антонаўку. Не, нідзе нічога не варухнулася нават і не ўпала долу. Ці абабралі ўжо? І тады ён згледзеў апушчаны долу паламаны сук, другі, што ляжаў у траве, і зразумеў, што, мабыць, яблыкаў тут даўно ўжо няма. Як тут ім быць - садок сярод поля, неабгароджаны, занядбаны, без гаспадара і догляду. Ведаў здаўна: яблыні, як кветкі, без чалавечай любові расці не будуць.
Хведар абышоў і іншыя мясціны котлішча. Там, дзе быў калодзеж, зеўрала аброслая быльнягом яміна, ад зруба ці калаўрота не засталося і знаку; на дрывотні ў голым доле трохі прыкметны былі зляжалыя трэскі, але дроў тут не відаць было ні палена. Пастаяў, узлезшы на кучу бітае цэглы сярод быльнягу, успомніў, як некалі грэўся на печы, прыехаўшы ўзімку з лесу ці з дарогі, як тут спалі старыя ды і жонка Гануля таксама. Але бядотная яго Ганулька, можа, меней за ўсіх тут грэлася - болей тупала перад чалеснікам, кожнага рання гатуючы харч на немалую сямейку, чыгуны бульбачкі для жывёлы. Не мела часу і пагрэцца нават у маразы і сцюжу, калі сіберныя ветры выдзьмувалі іх хутар. А цяпер ужо навек супакоілася і ніколі ўжо не пагрэецца, лежачы ў чужой мёрзлай зямлі, акрай сумных балотных могілак. Хварэла яна нядоўга, перад тым як легчы, штодня цягалася на лесасекі, дзе з брыгадай такіх, як і сама, жанчын збірала і паліла суччо. Нямоглая была ўжо даўно, з грамніц, дужа кашляла ноччу, жалілася на боль у баку, але да дактароў не хацела - баялася дактароў, таксама як і начальства, старалася як мага менш з імі знацца. Узімку ёй трохі памагла загаворам старая Банадысіха, высланая аднекуль з-за Воршы зямлячка, казала тады, быццам зрабілася лепей. Але ненадоўга. Якраз у чысты чацвер, прывалокшыся з дзялянкі, лягла і болей не ўстала. Яму не было як даглядаць яе, самога выганялі штодня на тралёўку, рыхтаваліся да веснавога сплаву, трэба было назапасіць шмат дрэва да крыгаходу. Начальнік участка не даваў нікому дыхнуць, і брыгады рабілі ў лесе ад зары да змяркання. І ён, абліваючыся горкімі слязьмі ў душы, кінуў яе на малую Волечку, якая цэлы дзень то плакала, то тоненькім дзіцячым галаском пяяла маці ўлюбёную ёю «Вутачку». Мабыць, так яна і адышла з гэтага свету пад жаласны спеў дачушкі, і, як ён прыплёўся ўвечары ў барак, Волечка сядзела, ціхенькая і журботная, сказала: мамачка спіць. Ён кінуўся да Ганулькі на нары, затузаў, загукаў, пасля разгарнуў ашмоцце, якім яна была ўкручана, - Ганулька ўжо асцюдзянела. Удваіх з Волечкай пачалі плакаць - яна голасна і няўцешна, ён - моўчкі, душачыся нутранымі слязьмі.
Назаўтра яго аслабанілі ад працы, з прыкрасцю і незадаволенасцю начальнік сказаў: да паўдня. За гэтыя паўдня трэба было выкапаць магілку, змайстраваць якую труну, адвезці на могілкі акрай пасёлка, у балоцістай голай нізінцы. Могілкі там былі новыя, можа, другі год як распачатыя, хоць крыжоў сабралося ўжо багата - спецперасяленцы паміралі дружна, асабліва старэйшыя людзі, - не прыжываліся на гэтай дзікаватай зямлі. Зрэшты, мёрлі і маладзейшыя - ад непасільнае працы, галадухі і сухотаў, якія валілі нават дужых маладых мужчын. Казалі разумныя людзі - найбольш, аднак, ад суму-тугі па родных мясцінах, ад нуды вечнага і імі расстання. Яно, можа, і праўда.