— А каб ты Шэкспіра толькі што дастала?
Яна, відаць, адчувала сябе азадачанай.
— Лухта, — сказала яна ўрэшце. — Вы, мужчыны, абрыдліва лагічныя. А мы жывём гэтым днём.
— Вы?
— Ну, я. І дарэмна я так забылася, што дала гэтаму чужому адчаю авалодаць сабой. Уначы ўсё перабольшваеш.
Ён амаль ненавідзеў яе ў гэту хвіліну.
— І ты можаш так жыць?
— Я заўсёды жыла так. Такія, як ты, — захопнікі. А такія, як я… Як у вас завуць тых матылёў, што жывуць адзін дзень?
— Аўсянікамі.
— Непрыгожа… Эфемерыда — лепей. Я — эфемерыда. Мне страшна, калі я ўяўляю ўсе вякі, што былі, і ўсе, што будуць… А ты клічаш мяне туды… А мне добра з маім таршэрам. Я не хачу, каб побач з ім…
— Што?
— Не хачу пампейскага свяцільніка і атамнай лямпы, якую калі-небудзь вынайдуць. Не хачу.
Ён сеў і закурыў.
— Што ж, — з сумнай усмешкай сказаў ён. — Сапраўды, нельга жыць ні ў якім дні, акрамя як у "сёння". Пра-а-авільна па форме. А па сутнасці гэта чорт ведае што. Здзек.
— Такія жанчыны.
— Мана! Мана! Як жа тады думаць аб дзецях?
— І яны будуць "сёння". І наогул, не хачу. Адразу, паслухайся цябе, папаўзуць бог ведае якія прывіды: "будучыя пакаленні", "святое мінулае", "праца для ўсяго гэтага", "вярніся да роднай зямлі". За гэта не плацяць! Нікому гэтага не трэба!
— Ясна, — сказаў Івар. — Я аднаго такога белетрыста ведаю. Ніжэй сярэдняй рукі. У яго таршэр… А паколькі… хто яго ведае, што ў сённяшнім мастацтве добра, а што дрэнна, які мастак выйдзе ў вялікія, а які не, то ў яго на сценах карціны Клевера… Пастаўшчыка двара яго імператарскай вялікасці… У кнігах ён, мабыць, не за імператара, а што на справе? Мяшчанота!
Спрэчка перайшла ў варожасць. Раніцаю Івара накіравалі ў Салотчу і далей. Ён ездзіў і ездзіў, імкнучыся забыць пра той прыкры выпадак. І не мог.
…І вось яны сядзелі на адхоне, а перад імі былі вільготныя паплавы, на якіх згасала вясёлка. Свяцілася толькі ля самай зямлі, як рознакаляровае вогнішча.
— Заўтра я еду, — сказаў ён другі сказ за ўсе гэтыя гадзіны.
— Куды? У заўтра?
"Лухта. Няўжо яна нарываецца на спрэчку?"
Івар скоса зірнуў на яе. Ніка глядзела на яго быццам са здзіўленнем, бо бровы няроўна прыўзнятыя. А можа, гэта іронія?
— У заўтра. Што перадаць?
— У мяне сваё заўтра, — здрыгануліся яе вусны. — Без гасцінцаў роднай Беларусі, без фатоннай ракеты і без мастака з Галынічаў. Майму "заўтра" не будзе справы да гэтай фікцыі.
— Добра, — сказаў ён. — Давай тады на развітанне з'ездзім ва "ўчора".
— Вельмі мне тое прыемна, — сказала яна.
— У будучыню не магу, — падаў ён руку, — а ў былое давай… Уставай.
— Што ж, падзецца ўсё адно няма куды. Давай тады паедзем.