Івар абняў яе, але яна адсунулася:
— І ведаеш, мне дзіўна і страшна, што ты са мною. Не трэба гэтага было. Толькі той падманшчык-дзень. А потым, пасля кветак, гэты пакой.
— Зменім, — нязграбна сказаў ён.
— Не. Я пайду адсюль… раніцай, як прыйшла ўчора…
І, нібы дакараючы сябе, сказала:
— Вось так жа… нечакана. У адзін дзень.
Ён сказаў спакойна, але гэта было, як адчайдушнае маленне:
— У мяне быў дзень і яшчэ тысяча да яго.
Яна маўчала, і тады ён адчуў, што сэрцу не хапае паветра. Хвіліну ён ляжаў у такім глыбокім адчаі, што цьмянела ў вачах, а потым зразумеў — не розумам, ўсёй істотаю сваёй, — што гэта канец, што да яго ў рукі сапраўды ўпаў толькі адзін дзень, а за ім не будзе нічога. Што здарылася — ён не разумеў, але адчуваў, што гэта непапраўна. І таму, што ён не разумеў нічога і лічыў, што яна з-за капрызу адбірае ў яго жыццё, абраза і гнеў на гэтую недарэчнасць выціснулі прэч адчай.
— Як хочаш, — сціснуўшы зубы, сказаў ён. — А я лічыў, што гэты дзень — першы. Што ўва мне і ў табе раптам дзіўна сышлося ўсё, што было, што будзе.
Бачыў яе вочы, што суха блішчалі ў цемры. І раптам яна сказала:
— А можа, яно і лепей… Нават напэўна лепей. Так я хаця буду помніць гэта ўсё без расчаравання, з удзячнасцю, са шчасцем. Адзін дзень… Хіба мала? — абаперлася на локаць, уздыхнула. — Ну вось, дурная. Я ж усё гэта ведала. І заплакала толькі таму, што занадта добра ведала, і на хвіліну мне здалося, што гэта — страта, што чалавек нешта ў жыцці можа затрымаць.
— Слухай, ты што гаворыш?
— А што? — непаразумела спытала яна. — Ты ж ведаеш, я так і лічыла, што ўсё на адзін дзень… Мне толькі вось зараз на хвіліну стала сумна. Прабач… Нічога, зараз усё добра. Усё стала на ранейшыя месцы.
— І што, — спытаў ён, — гэта ўстойліва? Звыкла? Прыемна?
Толькі намаганнем волі ён прымушаў не дрыжаць свой голас.
— Але. Усе так жывуць, — сказала яна. — Сённяшнія звычаі, сённяшняя мода, сённяшнія кнігі…
— Гэта якія?
— Ты… "Братоў Стронгаў" чытаў?.. Ну вось… І іншыя з таго ж кола.
— Гэта аднадзёнкі, — сказаў ён. — Зразумей.
Размова пачынала цікавіць яго. Ён сапраўды ўспомніў, што заўсёды бачыў у яе руках амаль толькі такія кнігі. Крыўда ўсё яшчэ жыла, расла ў ім; жанчына гаварыла спакойным, амаль радасным голасам, быццам вызвалілася ад наслання. Ён помніў, што раней ён не быў так ужо занадта патрэбен ёй.
Відаць, і сапраўды акіян кветак зрабіў сваю справу. Штурхнуў яе да таго, хто быў побач. Адчула на хвіліну цеплыню да яго, убачыла сокала ў небе, а потым вызвалілася сваім звычаем.
Ён быў першы ў яе. І таму яна, адчуваючы, што канец, што вяртаецца да звычайнага шэрага дзён, што прайшоў той, адзіны ў жыцці дзень, якога ўжо не будзе, трохі паплакала. А там і забудзе. І нічога не зробіш.
А ён не мог без яе. І толькі гонар стрымліваў яго, не дазваляў зрабіць нешта абразлівае для сябе. Але ён задыхаўся ад гора.
— Гм, аднадзёнкі, — сказала яна. — І што? Таму і добра. Іншых і чытаць не трэба, бо адказваюць на ўчарашні дзень.
— Заўтра іх забудуць, — сказаў ён.
— Будуць новыя.
Гнеў пачынаў сляпіць.
— Ты нядаўна чытала Дос Пасаса, — сказаў Івар. — Ён — гэта "ўчора".
— Я толькі што дастала, — усміхнулася яна. — Для мяне — "сёння".