З цёмных старадаўніх хат выбіліся на святло, як парастак з зямлі, насупор нягодам, бурам, сухавеям, тысячам навалаў.
Узраслі.
І за гэта дзякуй табе, беларускі народ. За дабрыню, за таленавітасць, за ўсеўладную сілу, з якой агорваў і агораеш самую страшную бяду.
Народ аратаяў, работнікаў, вечных працаўнікоў.
І ты, дружа, у якім, нягледзячы на высакалобасць, столькі ўсё ж сялянскага, абшарнага, аратайскага — частка гэтага люду.
Лепшыя з нас менавіта гэткія. І таму хопіць цябе яшчэ на век з беларускім гакам.
Бо вакол твая і мая зямля, зямля сяброў і людзей, наша зямля.
Калі прыйдзе мой час — я пайду з яе спакойна, бо я любіў і мяне любілі, бо я меў цябе, родны абшар, меў сяброў, - і сярод іх таго сябра, пра якога я сказаў вам некалькі слоў.
Пакуль гэта сэрца б'ецца
Заўсёды цяжка гаварыць аб тым, што любіш. І асабліва цяжка сказаць словы любві, калі гэтая любоў ужо не мае мяжы…
Я памятаю час, калі мне ўпершыню трапіла ў рукі кніга Купалы. Магчыма, зарана, бо гэта была "дарослая" кніга, а я быў яшчэ зусім малы. На "дарослыя" кнігі была накладзена забарона, і чытаць іх даводзілася ўпотай. Таму я чакаў, калі ўсе ў доме заснуць, і ў адной сарочцы забіраўся ў ціхі куток. "Забароненыя плады" былі там. І яшчэ там было старое пацёртае крэсла, а на падлозе, на мяккай аўсянай саломе, ляжалі яблыкі. Можна было набраць з шафаў або з кніжнай гары ў кутку хоць дзесяць кніг і чытаць, пакуль між яблынь за акном не ўстане перадранішні туман. Я асабліва любіў вершы. Чаравала самая іх музыка, нават тады, калі сэнс не даходзіў. Гэта здавалася дзівам, большага за якое не было на зямлі.
Я забіраўся ў крэсла, нацягваў сарочку на голыя ногі, і час знікаў. Толькі парыпванне маснічын — яны рыпелі самі — адрывала часам ад радкоў, і тады можна было прыўзняць галаву і глядзець, як далёка-далёка ў цёмным садзе трапеча адбітак маёй свечкі. Часам здавалася, што гэта блішчыць ліхтарык у маленькага хохліка, які стаіўся там, між дрэў, і здалёк глядзіць у акно. Трэба было б папрасіць у яго, каб даў мне доўгі век, больш такіх вось начэй у маўклівым доме, больш гэтага ап'янення і яшчэ — ну, што яму варта! — каб я сам мог, хоць дрэнна, хоць не так, як у гэтых кнігах, ствараць такое дзіва.
Відаць, не выпрасіў.
А радкі адзываліся ў душы і жахам, і холадам, і гарачай дрыготай, як тады, калі працягнеш рукі да агню і цеплыня льецца ад далоняў у цела.
І вось мне трапіла ў рукі кніга ў папяровай вокладцы. Я разгарнуў яе і ўбачыў:
Гэта было як ноч, як агеньчык у цёмным садзе і як водар яблыкаў на аўсянай саломе. І так гэта засталося на ўсё жыццё.
Я чытаў тады ўсю ноч і нарэшце дайшоў да таго стану, калі ўжо нічога, ані паловы слова не разумееш, але ўрачыстая, мернагучная хада радкоў прымушае валасы дыбарам стаяць на галаве.
Гэта было проста і добра. Гэта была тая самая пявучая родная мова, на якой гаварыла мая нянька, — так пяшчотна, — і мой бацька, — так грубавата. Я шмат чытаў для свайго ўзросту, гэта былі радкі, накшталт радкоў нямецкага паэта Мюлера:
І раптам:
Гэта было дзіва. Восьмы — а для мяне першы — цуд свету. А потым былі "Магіла льва", "Бандароўна", — і змяніўся свет. Назаўжды.
Я не ўяўляю сабе жыцця без яго. Каб не было той ночы і той кнігі — я ніколі не пісаў бы так, як пішу. Ды і ці пісаў бы наогул?
Шмат радкоў напісаў я аб ім. Менш надрукаваў. Бо словы слабыя, бо словы часам нічога не могуць сказаць.
А беларусы ж нікога не маюць…
Мы маем шмат каго: і Багушэвіча з яго ўтрапёнай нянавісцю, і Багдановіча з яго ўтрапёнай пяшчотай. І ўсё адно Купала застанецца першай нашай любоўю, нашымі вачыма, нашым сумленнем, нашым вечна жывым сэрцам.
Мне давялося бачыць яго толькі аднойчы. Мне тады было, напэўна, год сем. На вуліцах Оршы грымела музыкай нейкае свята. Брат паказаў мне яго, і я здзівіўся: мне здавалася, што ён павінен быць нават фізічна дужэйшы, на дзве галавы вышэйшы за ўсіх іншых людзей. І дзіўна было, што ён жыве ў Ляўках, зусім недалёка, цераз Дняпро.
З таго часу мінула шмат год. Вайна забрала дом. Вайна забрала брата. Вайна, што б там ні казалі, забрала і Купалу. Толькі аднойчы бачыў я яго, але я ведаю, наколькі бяднейшым было б маё жыццё, каб не гэтая іскра ўспаміну з далёкіх дзіцячых год.
Пасля вайны я пабываў у Ляўках. Попел. Галавешкі. Знявечаныя адхоны над Дняпром, якія любіў Купала і якія, дзякуючы гэтаму, прымусілі мяне яшчэ больш, часам амаль нясцерпна любіць маю сціплую прыдняпроўскую зямлю…
Купалы ўжо не было. І на месцы яго дома быў попел.
Я не разумеў тады, што некаторыя легенды — гэта само жыццё, і не ведаў, што ў легендзе пра Фенікса больш праўды, чым нават у жыцці.
Зразумеў потым, калі ўдвох з сябрам адправіўся пешшу ў Вязынку і ўбачыў простую сялянскую хату, якая стала нашай Мекай. Там я зразумеў: ён жывы.