Зубр пакасіўся на нас, але вырашыў пакінуць двухногіх без увагі. Хутка яны зніклі.
Янка пасля казаў нешта ў гэтым родзе:
— Адзін яшчэ нічога. Можна вакол елкі бегаць. А як яны цябе пачнуць двох вакол яе ганяць. Наверх скакаць — скінуць рагамі. Да тарпанаў, - чорт іх ведае, што яно… Дый агароджу зубру разнесці — глупства.
Я ўявіў, як зубр разносіць лабыром загон, як у гэты момант тарпан хапае кагосьці з нас за мяккія часткі — і нервова зарагатаў.
…А тады, над Нёманам, паабапал дарог, што заблукалі ў палях, цвіла чырвоная канюшына і густыя зарасці чагосьці залатога.
— Жоўтае купалле, што ўплятаюць у вянкі, - адказаў Янка маім думкам.
Час, калі яго ўплятуць у вянкі, быў блізкі. Было 21 чэрвеня.
Размовы тут, сярод палёў, былі такія і не такія, як, скажам, на пасяджэннях у Мінску. Там таксама сядзіш поруч, бо так цікавей: адна думка, дзве рэплікі або проста позірк, які разумее другі (калі, прыпусцім, дакладчык уляпіў у кропку ці чаўпе невылазнае глупства).
Але там гэта размовы крытыкаў, зычлівых і строгіх, размовы людзей з аднаго цэха. А тут гэта былі шырокія, часам бязладныя, але душэўныя бяседы людзей, што ствараюць частку гэтых ніў, душа якіх жыве ў галінах тысячагадовага дуба ў Бабрах, а памяць продкаў — у апошняй, нежылой ужо, курнай хаце ў Маламажэйкаве.
Разумееце, мне, вядома, прыемна, як сустракаюць гэтага чалавека людзі, асабліва дзеці, як яго пазнаюць на вуліцах. Мне радасна, што мы адзін у аднаго першыя чытачы і крытыкі, што я чытаў "Птушкі і гнёзды" задоўга да надрукавання і яшчэ тады сказаў сам сабе, што гэта дужа своеасаблівы і сучасны раман, магчыма, лепшы за апошнія дзесяцігоддзі.
Усё гэта, вядома, радуе мяне, бо гэта частка вобліку блізкага мне чалавека. Але толькі частка, а не ўвесь чалавек. Больш, чым ёю, я даражу ў гэтым чалавеку тым, што сустракаецца значна радзей. Гэта бездакорная пісьменніцкая і чалавечая сумленнасць. Тое, што вышэй за ўсё цэніцца. А калі цэніцца, то няхай і застаецца назаўсёды на радасць сябрам і ўсім іншым людзям.
І, урэшце, больш за ўсё каштоўнае асабіста для мяне. Тое, што ён хароша чалавек і харошы друг. Чалавек. Асоба.
Каб ён ніколі ў жыцці не напісаў і радка, мы ўсе, вядома, былі б у тысячу разоў бяднейшыя. Але, думаю, што і тады кожны, з кім звёў бы яго лёс, адчуў бы і розум, і сумленне, і высокую даравітасць гэтага чалавека, і зрабіўся б яго другам…
…А тады, у тое падарожжа, зарадзілася яшчэ і тое, без чаго цяпер рэдка абыходзіцца кожная хоць трохі доўгая наша сустрэча. Гэта песні. У яго добры голас, і разам мы ствараем не такі ўжо кепскі дуэт.
Ехалі. Спявалі старажытныя рамансы, беларускія, польскія, украінскія, рускія песні.
Скажу толькі, што любаваўся я тады не толькі Наваградскім замкам, капцом Міцкевіча і Свіцяззю. Любаваўся яшчэ і ненасытнай чалавечай прагнасцю, з якой глядзеў на ўсё гэта, сто разоў бачанае ім, Янка. Нібы піў прыгажосць.
Прыгажосць поўнай з коптарам Свіцязі, з якой мы, седзячы ў чоўне, цягалі пярэстых, шурпатых акунёў, і прыгажосць паліванага збана з бярозавікам на ганку леснічоўкі, і прыгажосць лепшага ў свеце краявіду з Замкавай гары, калі наводдаль шырацца дрэвы — кожнае пад неба галавой.
І прыгажосць запусцення ў Варончанскім касцёле, і прыгажосць могілак наводдаль ад яго.
І мармуровай дзяўчыны на помніку ў нетрах дрэў.
Прыгожыя дзяўчаты жылі калісь у нашых вёсках і фальварках. І, на жаль, часам рана паміралі. Як гэтая.
Мне здавалася, што ён шкадуе аб ранняй смерці гэтай невядомай нам і, аднак, блізкай Фларыяны Ліпніцкай. Блізкай, бо сэрцу чалавечаму заўсёды блізкая прыгажосць.
А вакол стаялі таполі з аліўкава-зялёнымі, апырсканымі золатам стваламі, кучаравіліся хмызы і сумна канала на захадзе аранжавае сонца.
Гівал дзьмуў у дудку з вадой.
Гівал спяваў.
І тут яшчэ ўзмацнела ва мне адчуванне, што гэты чалавек — паэт, хаця я і не чытаў ніводнага ягонага верша. Паэт, які не можа быць іншым, якому блізкія ўсе гэтыя мясціны, бо невядома, ці ён вырас з іх, ці яны выраслі з яго душы. Блізкая сваён бязмежнай тужлівай журбой ліпавая альтанка Марылі ў Туганавічах, месца, дзе было растаптана сэрца вялікага паэта (а можа, тваё ўласнае?). Блізкі гэты дуб з вялікім дуплом, у якім можна залезці і высунуць стуль галаву, бо ты ў гэты момант хлопчык, лясны дух, лясун, усё на свеце.
Дарэчы, пра дуб. Мы параіліся, і Янка напісаў ліст у камітэт па ахове прыроды:
"Дрэву шэсцьсот год. Звязана з імем Міцкевіча. Трэба ратаваць".
Адказ прыйшоў недзе праз месяц:
"Ва ўрочышчы ля Варончы сапраўды ёсць дуб, і ў ім сапраўды ёсць дзірка".
На чым і дзякуй.