Без нiякае злосцi ўпiкнуў Ваўчка:
— Гэта вам ужо тарапкi ў вачах стаяць, як у спуджанага каня.
Ваўчок, не аказваючыся, шоргаў нагамi па чэрствай пясчанай сцежачцы, што белым паскам значылася каля чорнага, нахiленага на вулiцу плота.
Гэты сухi шоргат Ваўчковых ног раптам перабiў, як падалося Мiцю, нечы глухi, нiбы з картаплянае ямы, удушлiвы крык. Нехта цераз сiлу, як канаючы, стагнаў.
Ваўчок нават збiўся з хады, але ўжо не аказваўся. Маўчаў i Мiця, усё азiраючыся туды, на высокi каўпак Мондравага гумна, покуль яно не заехала за чужыя хаты.
На Пытлевым надворку пляскала, дзюрэла, як, iльючыся са страхi на падзёўбаныя пад капяжом каменнi, дажджавая вада.
— I не брыдка, ха-ха-ха! — пахiснуўся i прысеў ад рогату Ваўчок.
Мiця ўбачыў, як каля сцяны да чорнае прорвы дзвярэй мiльганула доўгая сарочка — у хату, апёкшыся ад брыдкасцi, уцякала, мусiць, некаторая з Пытлевых дзяўчат.
Скрыгатлiвы грукат жалезнае ў прабоях засаўкi перабiў, зарваў Ваўчкоў смех.
Вузенькая вулiца ў другiм канцы вёскi перайшла ў шырокую, раз’езджаную ў некалькi каляiн палявую дарогу. Пасярод яе абшморганаю канаплiнаю паднiмаўся стары выносны топаль. Над iм роiлiся пякучыя зоркi. Адна сарвалася з сiняга паднябення, пакацiлася, рассыпаючыся, як з печы гарачы вугольчык. Над голаю зямлёю стыў рэдкi поцемак. За чорнымi боханамi грудоў недзе тахкаў i шыўся, як чарвяк праз траву, далёкi поезд.
— Во, калейка iдзе. Другая гадзiна ночы, — пазяхнуў, шырока разяўляючыся, Ваўчок.
Мiця ўчуў, што ўжо i самога пачынае хiлiць сон, лiпне павучынаю на вочы.
— Мо каб дзе прысесцi? — пацёр свае самлелыя каленi Марцiн Ваўчок.
— Дзе тут прысядзеш? Вернемся ў свой канец. Дайшоўшы да папярочнае вулачкi, мужчыны скiравалi на сваю вулiцу.
Прынёсшы раптоўны грукат i шум, за вёскаю прачахкаў нядужы, з трыма вагончыкамi, паравозiк — у прагале мiж будынкаў бегла яснасць ад слепаватых фар, жоўтае акно паравозiка, у якiм чорным сiлуэтам варушыўся машынiст, i калючае чырвонае вочка ад лiхтара, што пакалыхваўся на астатнiм вагоне.
— Быць не можа, каб ён калi не спалiў вёску, — пакруцiў галавою Ваўчок, узiраючыся, як там, у чарнаце ночы, ужо за вёскаю, з паравозiка пыхнуў i густым клубком завiўся раз’юшаны рой чырванаватажоўтых iскраў. Машынiст, мусiць, разварушваў у топцы белы дрыгатлiвы вугаль. Чырвоная грыва iскраў, што трапяталася i цягнулася за доўгiм комiнам паравозiка, нечакана растала. Як далёкае чахканне конiкаў, памаленьку астываў i далёкi перастук колаў.
Мужчыны, стоячы каля вялiкiх, белаватых упоцемку Ваўчковых каменняў, што падпiралi нахiлены шырокiм кустом бэзу плот, азiралiся i дабiралi ўжо, на якi сесцi. Ваўчок, прыткнуўшыся да большага, абслiзганага ўлетку чужымi заднiцамi, калi тут збiралася сяло, махнуў рукою, запрашаючы сесцi Мiцю:
— Садзiся, чаго там, за пастой, як кажуць, грошы не плоцяць.
Ломячы спiною пруткiя, што высунулiся мiж частаколiн, пасынкi бэзу, Мiця прысеў на нiжэйшы, круглы i даўгаваты камень. Заплюшчваючы вочы, учуў, што сунецца, нiбы па шапаткiм пяску, у нейкую глыбокую, зацярушаную мiгатлiваю чарнатою прорву.
Прачнуўся ўжо, адбiваючыся i адмахваючыся, як ад кусачае, надаедлiвае мухi, ад Ваўчковае рукi, што цягала яго за нос.
— Уставай, пойдзем глянем, што там у Мондравых робiцца, — трос яго ўжо за плячо, нiяк не адчэплiваўся Ваўчок. — Там нейкi гвалт стаiць, чуеш? I сучачка вые, лiха ёй, як перад канцом свету.
Мiця страсянуў яшчэ соннаю галавою, чуючы, што i праўда недзе там, на другой вулiцы, жалосна скавытала i заходзiлася, як дзiця ад плачу, Алесiна сучачка.
Ваўчок, курчачыся ад холаду i ўцягваючы ў плечы голаў, зашаркаў чаравiкамi па чэрствым з намерзлаю ўжо скарынкаю пяску, падбiваў пятамi доўгую бурку.
Каб разагрэцца, Мiця прыспешыў хаду, насцiг Ваўчка каля свайго надворка. Пакаўзнуўшыся на слiзкай ад марозу шчотцы маладое, дробнай, як зайцава капуста, дзяцелiнкi, завярнуў у свае веснiкi, каб наўпрасты выйсцi да Мондравых.
За хлевушкамi аддаваўся быстры тупат яго ног. Нiбы з перапуду, у курнiку моцна залапатаў крыллямi i хрыпата, як прадзiраючы горла, заспяваў певень. Нейкiм санлiвым голасам у канцы вёскi адклiкнуўся другi.
За Корсакавым гумном мужчыны прыпынiлiся, узiраючыся ў шапаткую, што ляжала яшчэ пры зямлi, цемнату. За чорным нiзкiм стогам Мондравай хаты пачынала крышку яснець неба, там ужо радзелi, асыпаючыся, як пераспелыя зярняты з коласа, дробныя зоркi. Адтуль дыхала холадам: над зямлёю церушыўся ранiшнi прыцемак.
За плотам у Мондравых вiшчала не сваiм голасам сучачка, быў чуваць ляскат палкi аб частаколiну, нехта, задыхаючыся ад злосцi, мусiць, з усяе моцы бiў сучачку.
Ваўчок, прыгнуўшыся, крадком i подбегам пусцiўся пад плот. Нейкi знiякавелы i нiяк не могучы дабраць да галавы, што там робiцца, за iм спехам пайшоў Мiця.
Цiха вiскнулi i зачынiлiся ў Мондравых сенцах дзверы: нехта, счуўшы за плотам Мiцю з Ваўчком, схаваўся ў хату.
— I што тут робiцца, га? Што? — цяжка дыхаючы, зашаптаў Ваўчок.