Над вёскаю трапяталася шапаткая цiшыня. З хаты рваўся глухi ляскат кроснаў, у акне пазвоньвала незакiтованая шыба.
— Ды куды ж пойдзем? — задзiраючы голаў, Мiця ўглядаўся, як на зорнай дарозе, што лягла наўскос вёскi, густым прыскам свяцiлiся зоркi.
— Во, знаеш што, — блутаючыся ў доўгай бурцы i патрупваючы палкаю, Ваўчок спусцiўся з пакатага Корсакавага надворка, — вераб’я трэба злавiць.
— Нашто ён? — Мiця ўслед за Ваўчком выйшаў на вулiцу.
— Гэ, каму-небудзь у хату пусцiм.
— Вы, дзядзька, як маленькi, — засмяяўся Мiця, радуючыся сам гэтай дзiцячай забаўцы, якую прыдумаў Ваўчок. — Толькi ж батарэйкi няма.
— Нiчога, знойдзем спосаб. Навобмацак, рукамi. У маiм гумне пад страхою вунь колькi iх, — спатыкнуўся Ваўчок.
Вочы ўжо прывыклi да цемнаты, але павучынай яна бэрсалася пад нагамi. Здалёк каля высокае густаты бэзу бялелi каменнi. Дайшоўшы да iх, Ваўчок звярнуў у свой надворак. З поцемку жоўтымi кропкамi блiшчалi злыя сабачыя вочы. Чарнатою адбiвалi вокны — у хаце ўжо спалi. Упоцемку каля будкi зазвiнеў ланцугом i загыркаў, счуўшы чужога, Ваўчкоў сабака.
Ваўчок, падбегшы наперад, мусiць, перахапiў за нашыйнiк сабаку:
— Рэкс, каму кажу, цiха!
Мiця прайшоў глухi надворак: у канцы яго за нiзкiм хлявом аб’еханаю на адзiн бок страхою высунулася гумно.
Ззаду па белаватай, падсушанай замаразкам сцежцы шоргаў нагамi Ваўчок. Дагнаўшы Мiцю, задыхнуўся:
— Заходзь ад задняй сцяны, там iх, браце мой, пад кожнай крокваю. Адно цi дастанеш? Мо драбiны трэба было б узяць?
— Мусiць, трэба, — выцягнуўшы руку, Мiця ледзьве даставаў да страхi.
— Пачакай, — Ваўчок подбегам кiнуўся за вугол гумна i, засопшы, з мяккiм грукатам выкацiў белаваты на пуды два цi тры, няроўны, як груша, камень.
Мiця, стаўшы адною нагою на яго i абапiраючыся рукою аб сухаватую дзеравiну сцяны, падсадзiў руку пад крокву, дзе яна сыходзiлася з латаю.
— Не, нiчога няма.
— Вышай, на другой лаце глядзi, — прыглушаным сiпаватым голасам падказваў Ваўчок.
Мiця падцягнуўся, чуючы, што млее на каменi i дрыжыць нага, дастаў рукою да другое латы, чапiў пальцамi нешта цёплае i мяккае, не дагадваючыся, што гэта верабей, покуль той не зашалпацеў i не зафыркаў, вылецеўшы раптам з-пад застрэшка i гiнучы ў поцемку ночы.
— Вот ты ўдалы! — Ваўчок раптам прыкленчыў пад другою крокваю, упёрся рукамi ў зямлю i, ужо стоячы рачком, крыкнуў здушаным голасам:
— На мяне станавiся, цi што…
Мiця стаў на мяккую, як купешка, Ваўчкову спiну, абапёрся, каб не страцiць раўнавагу, на сцяну, потым абедзвюма рукамi абхапiў над латаю круглую крокву. Мякенькiм i жывым камячком у скурчаных жменях абедзвюх рук затрапятаўся, прачнуўшыся, верабей, але было ўжо позна.
— Ну што? — застагнаў Ваўчок.
— Ёсць адзiн, — лёганька сцiскаючы ў жменi вераб’я, Мiця скочыў з Ваўчка на храбусткi леташнi палын.
Падняўшыся з зямлi, Ваўчок шморгаў рукамi аб бурку, абцiраў з далоняў пясок i чмыхаў ад смеху, мусiць, уяўляючы сабе, што будзе, як яны ўпусцяць у хату на агонь перапалоханага вераб’я.
З трапятлiвай радасцю, як дзецi, ужо iшлi назад вулiцаю, узiраючыся ў сляпыя цёмныя вокны. Толькi ў Корсакавых мiльгала жоўтая яснасць — нехта тушыў лямпу, хукнуўшы ў машынку: на якi мiг згасшы, з гарачага кнота зноў успыхваў пляскаты язычок агню, покуль зусiм не патух.
У канцы вулiцы жоўтымi, як сабачыя вочы, кропкамi яшчэ блiшчаў скупы агонь у маленькiх вокнах. За высокiм плеценым частаколам хавалася нiзенькая з крывым комiнам Кумагэрава хата.
Ваўчок асцярожненька зняў з шула рэхву, адчынiў брамку, сцiшваючы голас, здзiвiўся:
— Бачыш, не спяць. I гэтак кожнае ночы. I што робяць, каб хто спытаў?..
Ваўчок, стаiўшыся, паслухаў i раптам, зашастаўшы доўгай буркай, дабег да сцяны, завярнуў брылём назад кепку i прылiп да лiштвы, папярхнуўся там смехам: