— Заходзь, браце, не саромейся.
Па мякенькiм ходнiку, што звычайна выплятаюць з розных абрэзкаў местачковыя краўчыхi, з цемнаватай вузкай кухнi Мiця ўвайшоў у ясны, залiты сонцам пакойчык.
Пры сцяне, дзе вiсеў доўгi кавалачак палатна з вышытым буслом, стаяла ружаватая алехавая калода. На ёй значыўся пляскаты нос i выпуклыя вочы — гаспадар, пэўна, выразаў з яе чалавечую голаў.
— Во, садзiся на майго красналюдка, — паказаў Царык на алехавую калоду i, прымасцiўшыся на тапчан, падняў раскрытую, перавернутую вокладкамi ўверх тоўстую кнiжку. — Дастаеўскага чытаю… «Маладзiк». Повесць, браце, аж дух займае. Во дзе чалавек умеў пiсаць. Але што гаварыць — Расiя. А мы што? Мы нават не ведаем, хто мы. Крэмзаем вершыкi. А каму i дзеля каго? Хто чытацьме? Стаiш, як над абрывам, а з-пад ног у цябе пясок сыплецца. Во тут мне адзiн вучыцель, беларус, недзе з-пад Зэльвы, разгаварыўшыся, кажа: «Я па-беларуску не чытаю…» Ты чуеш, гонар мае, што ён свайго выракся.
Царык хiтравата зiркнуў на Мiцю i махнуў галавою, рассыпаючы на вушы свае доўгiя валасы:
— Ну пакажы сваё.
Гарачым накiпам у Мiцевай душы падвяласа нейкая раптоўная злосць на Царыка, ён ужо нехаця выцягнуў з кiшэнi сшытак.
Царык закурыў, пыхкаючы праз скрыўлены рот дымам i прыжмурваючы адно вока, доўга чытаў. Потым спадылба зiркнуў на Мiцю:
— А гэта тваё? Ты сам склаў?
— Сам, — пацiснуў плячмi Мiця.
— Тады скажу — будзе з цябе толк. Вучыцца толькi трэба, во што табе не далягае.
Ён дацягнуўся рукою да плеценае этажэркi, выняў адтуль тонкую кнiжку: на жаўтлявай папяровай вокладцы востры серп перахапiў жменю жыта з буйнымi цяжкiмi каласамi. Вышай над гэтым сярпом, як раз’еханы плот, расцягнулiся чорныя лiтары: «Калосьсе».
— На, пачытаеш. Знойдзеш тут i мяне, грэшнага. Потым дам Дастаеўскага. Без яго, як без бiблii, душу чалавечую не ведацьмеш.
Царык, зiрнуўшы на Мiцю сваiмi блiшчастымi вочкамi, чмыхнуў у наздраваты нос: — Ты, во, глядзiш на мяне i думаеш, пэўна, — гадкi чалавек, усё страшыць. А я табе, браце мой, скажу — чалавек без страху не жыцьме. Дасi веры цi не, але страх ратуе чалавека. Не адвага, а страх. Во, паслухай. Адна дварчанская маладзiца зiмою пад лёд правалiлася. Знаць баба: лёд яшчэ не акрэп, а ёй заманулася рэчку перайсцi. I што думаеш — правалiлася. Начыста змаглася, а вылезцi не можа. I ўтапiлася б, пэўня. Але якраз пад руку ўспомнiла, што ўдома дзiця грудное асталося. Ад страху — на каго ж яна дзiця пакiдае — у бабы ўжо i сiлы знайшлiся. I што ты думаў, браце мой, вылезла. З астатнiх сiл, але вылезла. Сама ўжо потым здзiвiлася, што каб не гэты страх за дзiця, то i ўтапiлася б. Страх уратаваў. А што думаеш. Я во гляджу — цяперашнi чалавек нiчагутка не баiцца.
Царык выцер далоняй мокрыя губы. Вочы яго раптам асалавелi, зрабiлiся соннымi, як у цяжарнай кабеты, глядзелi недзе далёка ў сябе.
Мiця, сумеўшыся гэтае нечаканае гутаркi, з дзiвам прыглядаўся да яго, душу, як стромы бераг вада, падмывала падазронасць, што Царык жыве адзiн, у нейкiм сваiм дзiкаватым свеце, нешта хоча спасцiгнуць, разабрацца i, пэўна, даўно ва ўсiм зняверыўся.
Царык, як счуўшы Мiцевы думкi, цяжка ўздыхнуў, упёршыся рукамi ў каленi, падняўся з рыпучага тапчана, узiраючыся праз сiняватае акно на двор, дзе раптам загаўкаў тоўстым голасам яго жоўты сабака, прызнаўся:
— Ну, нагаварыў я табе бочку арыштантаў, але ты не зважай — кожны хоча паспавядацца.
Выйшаўшы разам з Мiцем на ганак i ўзiраючыся на карычняваты, голы яшчэ вiшаннiк каля суседняе хаты, папрасiў Мiцю:
— Раз ужо ведаеш, дзе мая хата, то не мiнай, прыходзь. Бо няма тут з кiм пагаварыць. Людзей кругом цябе шмат, а ты адзiн, як палец. Хачу паслухаць маладзейшага. Я ўжо, браце, здаўся, а ў маладыя гады колькi думак перавярнулася. Цяпер гляджу — старасць надыходзiць, а свету не перайначыў. Прыйшлося жыць у такiм, як ест. Ад гэтага адна гарката на душы.
I нiбы схамянуўшыся, дзеля чаго сюды прыходзiў Мiця, згроб за вушы абедзвюма рукамi свае доўгiя, перасыпаныя сiвiзною валасы, нiбы суцешыў яго:
— Вершы няхай паляжаць у мяне. Буду выпадкам у Вiльнi, то зайду ў рэдакцыю i замоўлю слова.
Даўкiм тлумным клубком пераварочвалася ў Мiцевай галаве Царыкава гутарка. I Мiцю раптам зрабiлася шкода гэтага чорнага, як цыган, i няскладнага чалавека.
Царык яшчэ спусцiўся з ганка, топчучы нагамi маладую порсткую траву, дайшоў да веснiкаў, пагладжваючы па галаве жоўтага лянiвага сабаку, махнуў галавою, растрос на вушы доўгiя валасы.
— Так не мiнай, заходзь, раз ведаеш, дзе хата.
Чуючы спiною, што яму ўслед глядзiць Царык, Мiця прыспешыў хаду. На папярочнай брукаванай вулiцы ляскатала фурманка — раструшчаным звонкiм шклом на чужыя платы сыпаўся яе грукат, перабiваў Мiцевы думкi. Абмiнаючы фурманку, высокi хлопец у сiнiм гiмназiсцкiм фрэнчы i круглай фуражцы вёў пад руку дзяўчыну. Напроцi сонца, выбiўшыся з-пад бярэцiка, золатам свiцiлiся яе рыжаватыя валасы. Нешта адарвалася i абамлела ў Мiцевай душы. Яна — Чэся. Мiця ўчуў, як падагнулiся, зрабiлiся не сваiмi ногi. Не ведаючы, куды дзецца з гэтага вузенькага ходнiка, саступiў на брук. Чужы прыглушаны смех нiбы працверазiў яго. Мiця падняў вочы. Дзяўчына была незнаёмая. Нейкi цяжкi камень скацiўся з Мiцевых грудзей, але, яшчэ не ацiхшы, з гарачкi калацiлася сэрца. Азiрнуўшыся, Мiця доўга глядзеў на дзяўчыну — у душы нават затлелася радасць да яе, што яна падобная да Чэсi. I раптам завярнуў за iмi, чуючы нейкую едкую рэўнасць да гiмназiста. Яны скiравалi на Паштовую вулiцу, дайшоўшы да драцянай загарадзi, прыстукнулi жалезнымi з замочкам веснiкамi i схавалiся за iмi. Лёгкiм смуткам у Мiцева сэрца кальнуў гэты скрыгат жалезных веснiкаў.
Мiця, як знiякавелы, спынiўся каля дашчанага, абклеенага плакатамi паштовага ганка. Яшчэ раз азiрнуўся на прыгожы за драцяным сiтцам загарадзi дом. Адтуль на вулiцу высунулася дзiцячая каляска. У ёй сядзеў хлопчык у чырвоным бярэцiку.
Па дашчаных сходах Мiця падняўся на ганак. У вузенькiм калiдорчыку з рыпучай i вытаптанай да сукоў падлогай пахла растопленым сургучом. За белымi, на дзве палавiны, дзвярмi крычала тэлефанiстка: «Алё, алё!»
Пры столiку, заляпаным густьш залацiстым чарнiлам, еядзела паўнаватая маладзiца, закiдваючы з вачэй на чорны капялюшык вуальку, пiсала нешта на тэлеграфным бланку.
Мiця пастукаў у зачыненае аконца. З таго боку забразгала зашчапiчка. На Мiцю глядзелi з падпухлымi чырвонымi вейкамi сiнiя вочкi.