Развiтваючыся i падаючы сваю цвёрдую руку, Царык зноў сказаў:
— Дабяры час i прыходзь. Я жыву на Падлеснай за школаю. Хата з двума ганкамi. Мо бачыў? Гэты ваўкарэз там сядзiць. Але добрых людзей ён не чапае. Во разумны сабака, — i Цырык зноў паклаў сваю вялiкую руку на вузкую сабачую галаву з натапыранымi вушамi.
Цяпер на Мiцю дыхнуў раптоўны скразняк сполаху, што скажа яму Царык, але брала цiкавасць пагаварыць з гэтым чалавекам. Нешта неразгаданае i патайное цягнула да яго Мiцю.
Пераступаючы вузлаватыя абабiтыя карэннi, што доўгiмi вужамi выплелiся з-пад хвоек на сцежку, Мiця перайшоў у сiняваты, перамешаны з дымам цянёк. Ад сулiнай пякарнi, як i некалi, пахла свежым цёплым хлебам. Чубаты гусак, адлучыўшыся ад гусiнае чарады i выцягваючы шыю, кiнуўся Мiцю напярэймы, зашыпеў ад злосцi. У зацiшку старых шурпатых хвоек хавалiся пабеленыя хаткi, раскрыўшы аканiцы, адбiвалi ў няроўным шкле балонак сiняе неба.
На другi бок вулiцы цынкаваю страхою выблiснуў жоўты ашалёваны дамок. I Мiцю зноў аблiў той даўнi радасны страх, што аблiваў заўсёды, калi ён iшоў мiма гэтага дагледжанага, ганарыстага дамка ў школу. Некалi тут жыла Чэся Доўнар. Мiж акон у прасценках вiўся дзiкi, яшчэ не ачунялы вiнаград. Сiняваты дым гардзiны таемна хаваў ад Мiцевых вачэй чужое невядомае жыццё, чырвонаю кветкаю на падаконнiку красаваў зубаты лiст бальсану. Нечы ўжо чужы — тады яго не было. Мiця нат не згледзеў, як прыпынiўся напроцi невысокае, збiтае з штакетаў брамкi. На плот навальваўся высокi, што не аджыў яшчэ, разложысты куст язмiну.
Нечым шчымлiвым i мiлым да слёз дыхнула ад косых дашчаных сходаў, ад гэтага ясна-жоўтага дамка, абвiтага дзiкiм вiнаградам.
Пякучая гарачыня сцяла Мiцева сэрца, што зараз рыпнуць дзверы i на ганак выбежыць яна, Чэся. Але нейкая цяжкая, нямая глухата трымала iх. Толькi за мiгатлiвым частаколам нехта забухаў глыбокiм пракураным кашлем. I Мiця паволi, ледзьве адрываючы ад зямлi ногi, рушыў ад чужое хаты.
Над доўгiм будынкам школы, што стаяў у прагале лесу, раптоўна, як спуджанае вараннё, падняўся тонкi галосны крык дзяцей. Нiк у сiнiм вясновым небе. Пачыналася, мусiць, перамена.
Задзiраючы голаў i блiскаючы шкельцамi акуляраў, адтуль спяшаў цыбаты, у спартовым, з трыма кiшэнькамi, пiнжаку i караткаватых, зашпiленых нiжай калена брыджах настаўнiк спеваў Ганкевiч. Тонкiя доўгiя лыткi яго абцягвалi карычневыя ў шырокую клетку гольфы. Ён махаў чорным абшморганым футлярам. У iм, як i некалi, мусiць, ляжала жоўценькая лакiраваная скрыпка, з якою Ганкевiч прыходзiў на ўрокi спеваў.
Мiця, зняўшы кепку, даў яму «дзень добры». Ганкевiч падняў голаў, зноў блiснуўшы сухiм шклом тонкiх у падзалочанай аправе акуляраў, пазiраючы праз iх чырвонымi блiзарукiмi вачмi на Мiцю.
— Чы то не етэсь Корсак? — спытаў так, пэўна, на ўсялякi выпадак.
— Ага, Корсак.
— Хiба ты не вучышся дзе далей?
— Не, — уздыхнуў Мiця, чуючы за сябе сорам перад Ганкевiчам.
— Так-так. Чловек — то банка на водзе. Але шкода, ты быў здольны, — Ганкевiч пачаў мяшаць беларускiя i польскiя словы.
Ганкевiча ды яшчэ нездароўчага, высушанага сухотамi матэматыка Шкудлярыка ў школе любiлi ўсе, баючыся найбольш маленькага з чорнымi падголенымi вусiкамi географа Жэпку ды тоўстага, з адвiслым падбароддзем, кiраўнiка школы Табеша.
З’яд Жэпка, расказваючы новы урок i дрыгаючы пад сталом худым вострым каленам, спадылба зiркаў на клае касаватым вокам i, счуўшы, як кот, мышыную валтузню на астатняй лаўцы, спадцiшка хватаў на стале крэйду i, прыскалiўшы гэтае злое вока, шпурляў яе з усяе моцы туды ў куток. Шпурляў цэлка — пасля гэтага Рысек Пясэцкi або Костак Камашыла хадзiлi з сiняватажаўтлявым пятняком на лобе. «Я цi покажа цацку з дзюркон», — чмыхаў ён у свае падголеныя вусiкi i паўтараў для «лайдакув», што «Польска ма ЗЗ мiлiоны мешканцув» i што паверхня яе «выносi З88 тысёнцы кiлуметрув квадратовых». Ганкевiч быў iншы — цiхi i ўжо занадта спагадлiвы да таго кутка ў класе, дзе заўсёды драмала, разявiўшы рот, дурнаватая Бася i кручаны, непаслухмяны Рысек рабiў з паперы даўгахвостыя, як перапёлка, аэрапланiкi, пускаючы праз адчынены люфцiк на двор.
Ганкевiч толькi круцiў галавою, даставаў з кiшэнi хустачку i выцiраў свае спацелыя акуляры, сам сабе пасмiхваючыся: «О, пшэцеш, чловек — то банка на водзе». На носе ў яго чырванела выцiснутая дужкаю акуляраў ямка. Зашчамiўшы мiж каленяў футляр, ён i цяпер выняў з кiшэнi хустачку, зняў за адно вушка пазалочаныя акуляры i, жмурачы свае набрынялыя чырвоныя векi, сказаў тое даўнейшае:
— Чловек — то банка на водзе. Невядома, што i як павернецца. Чуў, што кажа Гiтлер?
— Не, — здзiвiўся Мiця.
— Купi свежыя газеты, — Ганкевiч двума пальцамi падсунуў вышай на нос лёгкiя падзалочаныя акуляры. — Няўжо ўсё скончыцца чацвёртым разборам Польшчы? Гiтлер ужо гаворыць, што Гданьск — горад нямецкiх i хоча да немцаў. Will zu Deutshland. Во што робiцца…
Ён пастаяў, угнуўшы голаў, падзёўб носiкам туфля ў землю i цiшком пасунуўся каля плота, сутулячыся i памахваючы чорным абшарканым футлярам.
Каля школы ацiхаў крык дзяцей, там захлёбваўся медзяны званок, — выйшаўшы на ганак, званiў, мусiць, той самы пануры губаты стораж Антак.
Мiнуўшы ўжо ацiхлую школу, Мiця падышоў да доўгае з пачарнелаю дранiцаю хаты. Нiзенькi прычолак ганка падпiралi два гнiлаватыя слупкi. Каля дзвярэй на выплеценым з саломы, стаптаным кружку, скруцiўшыся i паклаўшы на лапы голаў, драмаў жоўты сабака. Мiцю здалося, што нейкая таемнасць iшла ад гэтае старое спарахнелае хаты з чырвонымi аканiцамi, ад перакошанага ганка з вострай, як завязаная ражком хустка, стрэшкаю прычолка.
Пазiраючы на сухое акно, што адлiвала ружаваталiловым шклом, падышоў да ганка, прыпынiўся, не ведаючы, як абысцi сабаку, што ляжаў, выцягнуўшы лапы i ўткнуўшыся мызаю ў цёплую дошку падлогi. А той, як счуўшы, што Мiця яго пабойваецца, выгнуў спiну, лянiва падняўся i, забразгаўшы кiпцюрамi па дошках, спусцiўся з ганка.
Мiця адчынiў фiлянговыя з аблушчанай фарбай дзверы. У нос дыхнула сапрэлаю духатою чужое хаты. Высокая кабета ў цыратовым на выпуклым жываце фартусе ўспляснула рукамi:
— Вой, i сабака вас пусцiў? Каб хоць аказаўся…
— Гэта, мусiць, да мяне, — недзе за дашчанаю перагародкаю зарыпела сухая падлога i адтуль азваўся Царык. — Валет знае, нябось, каго пускаць, каго не.
— Парася можна было б выкармiць, а ты яго даглядаеш, гэтую старую падлу. Ён, мусiць, ужо нiчога не бачыць, — крыкнула туды, за дашчаную перагародку, высокая i нязграбная, як дэба, гаспадыня.
У жоўтай, з адшпiленым каўняром кашулi адтуль высунуўся сам гаспадар i, нiбы не чуючы жонкi, маргнуў Мiцю блiшчастым, як пасля сну, вокам: