У сухiх з аблушчаным токам сенях, што пахлi мукою i недзе чэрствым з варыўнi хлебам, Алесi нават зажадалася нечага кiслага. Нават надумалася зайсцi ў хату i папрасiць у гаспадынi. Але за парогам, стоячы на пляскатым, падзёўбаным вадою каменi, засоп гаспадар:
— Як жа ж прайшла ты? Сабака заядлы — не падлазь. Вэнь надоечы хлопцу руку перакусiў.
— А на мяне нат i не аказаўся, — зачырванелася Алеся, прыглядаючыся да нiзкага з тоўстымi чырвонымi шчокамi знахара — нейкiя пустыя, белаватыя, як у зваранай рыбы, вочкi глядзелi з-пад шырокага брыля шапкi.
Алеся адступiлася ад гэтых белых зяркатых вачэй, спытала:
— Цi нямашука ў вас лякарства ад прусакоў?
— Што ты, маладзiца. Ратунку ад прусакоў шукайце ў каго другога. Я — знахар, я лячу людзей, а не прусакоў.
Алеся сумелася, нiбы апёкшыся аб яго злосць. Але ж не iсцi з пустым назад.
— Мо пагодзiмся. Я заплачу. Мне трэба малады чэмер. Кажуць, ён добра памагае ад прусакоў.
— О, заядлая ты, сваё ўрвеш, спусту не дасi, — памякчэў знахар, убачыўшы, як Алеся выцягнула з кiшэнi звязаную вузельчыкам хустачку — там, чуваць было, шамрэлi грошы. — I не дзеля прусакоў табе, мусiць, трэба. Па вачах бачу…
— Падалося вам, дзядзька, — падкусiла губу Алеся.
— Не кажы, ад мяне не ўтоiшся. Я ж людзей навылет бачу. А чэмер у мяне знойдзецца…
Знахар зноў глянуў на Алесю, змераўшы яе з ног да галавы, i выйшаў з сяней.
Доўга знiмаў, грукаючы, павешаныя пры сцяне лёгкiя, зробленыя з тонкiх жэрдачкаў драбiнкi. Прыставiў iх у сенях i, сапучы, палез на гору.
Набраўшы на шапку сiвага ад пылу i збэрсанага павучыння, знахар спусцiўся адтуль, выняў з адтапыранае кiшэнi пучок рудаватага, як тытунь, чэмеру.
— Во, малады, рваў, як толькi вылез… Самы яд. Але ж i варыць яго трэба знаць, няхай упрэе добра ў печы.
— Во, дзякую ж вам, — Алеся выкруцiла з хустачкi металiчны злот.
Упусцiўшы яго ў адтапыраную глыбокую кiшэню суконных, залапленых на каленях брычэсяў, знахар выйшаў з Алесяю на надворак, спытаў, прыплюшчваючы адно вока:
— А чыя ж вы будзеце?
Алеся прыпынiлася каля старых у сiвым моху веснiкаў, знiякавела, не ведаючы, казаць праўду цi не, i змахлявала, зарадаваўшыся сама сабе:
— З Лезнявiч я, лезнявiцкая!..
I скоранька завярнула за плот, выбiраючы па маладой, дробненькай, як расада, траве сушэйшае на гразкай вулiцы месца. I ўчула, што ў яе зноў вострым клубком пераварочвае ўсё ўсярэдзiне, пачынае нудзiць ад гэтага, пэўна, свiнога, выкiнутага недзе на грады гною i робiцца млосна.
Вярнулася да Iмполя ўжо асалавелая i змакрэлая, як мыш. I, мусiць, адразу зблажэла з твару. Закiроўваючы на дарогу каня i ўгледзеўшыся, як яна iдзе, млява пахiстваючыся i заплюшчыўшы вочы, ён, знiякавелы, спытаў:
— Што гэта з табою?
— Нiчога, Iмполька, нiчога, пройдзе гэта. Бабскае ўсё…
А калi трохi адлягло, калi перад вачыма паяснеў свет, яна, седзячы на возе i спусцiўшы праз ляскi ногi, злавiла Iмполеву руку, паклала сабе на высокi жывот, каб i ён учуў, як там бiлася галоўкаю, ужо турзалася дзiця.
— Што гэта? — не распазнаўшы, здзiвiўся ён.
— Сын твой.
— Няўжо?
— На яго загадала. Хачу, каб быў падобны да цябе.
— Смяешся?