Доўгая, у адзiн пашарак хата стаяла ў лагчынцы, расцягнуўшыся ўздоўж вулiцы. Падкапаны ад вулiцы i вымураваны грудок заглушыў стары абымшэлы бэз. З вулiцы пад хату з двух бакоў спускаўся выбрукаваны надворак.
Вайтовiч, каб не паслiзнуцца на абкарэлым лядком бруку, доўга трымаўся за вушак расхiстаных веснiкаў i, расставiўшы рукi, збег у лагчыну аж да адчыненых дзвярэй гумна — там шахкала сячкарня. Двое Жытковых хлопцаў, узяўшыся за друк, што адным канцом упiраўся ў свiдравiну сцяны, другiм у кола, круцiлi сячкарню. Старэйшы, Iван, падаваў салому, утоптваючы яе ў вузенькiм абслiзганым карытцы.
— Хто там засланяе свет? — аказаўся недзе з торпа сам гаспадар — Iкон Жыток.
— Гэта я! — азваўся Вайтовiч, заходзячы ў гумно.
— А-а, — пазнаў солтыса i, кiнуўшы на ток два тоўстыя снапы, саскочыў з пярыла на цвёрды ток Iкон Жыток. З пляскатай кепкi ў яго доўгаю лапкаю звiсала саломiна. Iкон неяк наводлеў, як павучка, змахнуў з брыля гэтую аўсяную саломiну, махнуў, нiбы конь у гiз, галавою: — Во, цi ведаеш, браце, што нарабiў мой большы?
Хлопцы перасталi шахкаць сячкарняю, выцiралi рукавамi змакрэлыя лбы. Толькi старэйшы Iван адграбаў нагою ад кола высокую горбу сечкi.
— А што? — азiрнуўся на старэйшага Iконавага сына Вайтовiч.
— Скалечыў, браце, жаробку.
— Як? — думаючы, мусiць, саўсiм пра iншае, перапытаў Вайтовiч.
— Самахода спудзiлася. Перадок з воза сарвала i заднюю ногу вунь усю збiла… I казаў жа ж: не едзь! Дроту аплятаць гаршкi i ў руках прынёс бы. Не ўвярэдзiўся б…
— Добра, што сам не скалечыўся, — пашамацеў павесткаю Вайтовiч.
— Сам? — зноў, як конь у гiз, махнуў галавою Iкон. — Самога во лiха не ўзяло!
— Ты ўжо, панечку мой, не крычы. Яму ў войска iсцi, — перагнуўшыся на адзiн бок, Вайтовiч шукаў за пазухаю ў кiшэнi свой кароценькi з бляшаным наканечнiкам карандашык.
— Няхай iдзе пад шатаны! — крыкнуў i раптам асекся Iкон Жыток. — Як у войска? Ён жа ж быў?
— Бяруць рэзервiстаў. Павесткi прыслалi. Скрывiўшы голаў набок i цiкуючы адным вокам на павестку, як устрывожаны певень, Iкон зноў закрычаў:
— I квiта — пане Мiкiта! Няхай iдзе, можа, там навучаць дурня!
Але, счакаўшы, калi ачахла, мусiць, злосць, ужо на надворку дагнаў Вайтовiча, азiраючыся на гумно, цiхенька спытаў:
— А калi ж яму iсцi?
Паслухаўшы Вайтовiча, угнуў голаў, пацягнуў сябе за тоўстую, складзеную ў трубку нiжнюю губу, нiбы сам сабе, сказаў зноў:
— Выходзiць, што i соллю запашвацца трэба.
— Чаго там. Вайна будзе кароткаю! Калi што якое — за Польшчу заступiцца Англiя. — Вайтовiч зноў схаваў за пазуху свой кароценькi з бляшаным наканечнiкам карандашык.
— На чужога, як кажуць, спадзявайся, але i сам не агiнайся. Не ўстоiць маленькая Польшча процi вялiкага немца. Хiба толькi Расiя?
— Ат, што казаць, — выскалiў рэдкiя зубы i пакруцiў галавою Вайтовiч. — Было лiха, ды пагоршала.
Iкон Жыток памаўчаў, падрапаў рукою за каўняром, выцягнуў адтуль шапаткi пусты колас, кiнуў сабе пад ногi, падцяўшы губу, пасунуўся ў гумно.
XXV
За акном на акоранай жэрдцы бусака, што ляжыць на дзвюх выпушчаных з вугла дзеравiнах, скача i падцiкоўвае ў хату чорнаю пацеркаю вочка шары, з стракатымi карычняватымi крыльцамi верабей.
Змецiўшы яго, Хрысця перастае стукаць лядам, падпiрае рукамi падбародак, упёршыся ружаватымi локцямi ў збоiч варштата, туга абцягнуты жоўтаю ў чорныя крыжы полкаю радзюжкi, i доўга ўзiраецца ў акно. Верабей пырхае недзе ў дзiрачку за лiштваю, шалпочацца, як мыш, i вылятае адтуль, трымаючы ў дзюбку касмылёк кудзелi, смешны ўжо i вусаты. Хрысця глядзiць на яго, i ў яе, як у маленькае, ад радасцi блiшчаць рудаватыя, з чорнымi чалавечкамi вочы. Крывiцца ад смеху куточак рота, дужкаю тонкага маладзiка на шчацэ дрыжыць неглыбокi тугi шнарок.
Пераляцеўшы наўскасяк гародчык, верабей заварочвае на другi бок хаты i хаваецца з Хрысцiных вачэй. Нясе гэты злiнялы вус леташняе кудзелi сабе на гняздо — мо дзе ў шчыт цi пад лату ў чужой страсе.
Гiне з вачэй верабей, i гiне на Хрысцiнай шчацэ гэты трапятлiвы, выгнуты дужкаю шнарок. Мяккiя надзьмутыя губы падцiнае нейкая чэрствая злосць.
Жмурачыся ад нязыркага, завешанага рэдзенькаю смугою сонца, што схiлiлася на полудзень i коса свецiць на шуфляду акна, Хрысця глядзiць на блiзкi поплаў, дзе ўжо лапiчкамi зазелянелася порсткая маладая трава i пагусцелi, натапырыўшы жаўтлявыя таўкачыкi з вострымi язычкамi лiсця, парасоны старых вербаў. На выцвiлы хвойнiк, дзе ўжо недзе кiпiць i пахне, як воцатам, невысокi каўпачок мурашнiку.