Яна неўзабаве з’ела ўсё, — вядома, зусім не наелася і тайком пазірала на адтапыраную кішэню курткі. Іван нетаропка, з расцягненай асалодай жаваў, прыкмячаў усе яе позіркі і спакваля пачаў думаць, ці не з’есці ўсё. Што там за наедак з гэтых грамаў другім разам, цяпер жа яно было б куды як добра. Але намаганнем волі ён усё ж адагнаў гэтыя думкі, бо занадта ведаў цану нават і такому мізэрнаму кавалачку, як гэты.
— Яшчэ хочаш? — запытаў ён, урэшце даеўшы і сам.
Яна з падкрэсленай рашучасцю, нібы баючыся перадумаць, пакруціла галавой:
— Но! Но!
— А гэта? — кіўнуў ён на скарыначку, што ўсё ляжала на сярэдзіне скуранкі.
— Джулія нон.
— Тады давай так: напалам.
— Вас іст дас — напалам?
Дзяўчына запытальна зморшчыла носік. Сонца свяціла ў яе твар, і яна ўвесь час міжвольна грымаснічала, нібы дражніла Івана.
— Ну, трошкі Івану, трошкі Джуліі.
Ён разламаў скарыначку і адну частку даў ёй — яна з нерашучасцю ўзяла і, адкусіўшы маленькі кавалачак з кончыка, пасмактала.
— Карашо. Гефтлінген чакалято.
— Немцы, яны вымусяць: і хлеб шакаладам здасца.
— Джулія бежаль Наполі — кушаль чакалято. Хляб міль малё — чакалято много, — сказала яна, усё жмурачы цёмныя, як ноч, вочы.
Іван не зразумеў.
— Бегла ў Неапаль?
— Сі. Рома бежаль. Батіка бежаль.
— Ад бацькі? Чаму?
— А, уна… Една історій, — неахвотна адазвалася яна, яшчэ адкусіла маленькі кавалачак і пасмактала яго. Пасля доўгім позіркам агледзела скарыначку— Батіка хотель плёхой маріто. Рускі ето муж.
«Муж! Яна была замужам!» — гэтая вестка нечаканаю паныласцю ўдарыла ў яго свядомасць, і дзяўчына невядома чаму раптам стала непрыемнай і нежаданай. Яна, мабыць, адчула тое, рухавымі вачыма наўкос зыркнула ў яго раптоўна апанураны твар і ўсміхнулася.
— Нон маріто. Сіньор Дзангаріні не біль муж. Джулія не хатель сіньор Дзангаріні.
Усё яшчэ панылы, Іван запытаў:
— А чаму ты не хацела?
— О, то біль ун сегрето.
— Які сакрэт?
Яна, кідаючы гарэзныя, са смяшынкамі, позіркі то па баках, то скоса — на яго, смактала скарыначку, а ён сядзеў, утаропіўшыся ў дол, і драў з карэннем клочча травы.
— О, сегрето! Маленько сегрето. Джулія любіль, любіль… как ето русско?.. Уно джовіното Маріо. Парень Маріо.
— Во як! — сказаў ён і кінуў убок траву; вецер адразу растрос у паветры травінкі. Хлопец павярнуўся ўбок — цяпер ён чамусьці не хацеў пазіраць на яе, ён толькі панура слухаў.
А яна, нібы не адчуваючы гэтай яго перамены, казала:
— Карашо біль парень. Джулія браль пістоле, бежаль Маріо Наполі. Наполі гуэрра, война. Італьяно шіссен дойч. Джулія шіссен. — Яна ўздыхнула. — Партіджяно італьяно біль малё, дойч мнёго. Мнёго італьяно убіваль. Мнёго концлягер. Джулія концлягер. Очен плёхо концлягер!