Ён ніякавата ўсміхнуўся ў цемры і з упэўненасцю, у якую гатовы быў сам паверыць, сказаў:
— Ну, ведама ж…
— Тяжело, да?
— Не, што ты! Як парушынка.
— Что ето — парюшынка?
— Ну, пушок. Такая маленькая, маленькая пушынка.
— Ето малё, малё?
— Ну.
Ён ішоў па сцяжыне, якая добра значылася сярод прысыпанай снегам шэрасці. Ягоную шыю невымоўна лагодна казытала ззаду яе цеплаватае дыханне. Гнуткія тоненькія пальцы яе раптам пагладзілі яго па грудзях, і ён аж здрыгануўся ад гэтай нечаканай пяшчоты.
— Ты научіть меня говоріть свой язік?
— Беларускі?
— Я.
Ён засмяяўся: такім незвычайным тут здалося яму гэтае пытанне.
— Абавязкова, — сказаў ён жартоўна. — Вось прыйдзем у Трыест і пачнём…
Гэтая жартоўная думка раптам узняла ў ім цэлы рой незвычайных, радасных адчуванняў. Няўжо і сапраўды ім пашанцуе дабрацца ў Трыест, да партызан? Калі б гэта здарылася, яны б не рассталіся — яны пайшлі б у адзін атрад, яна стала б для яго роднаю і блізкаю. Як гэта важна на чужыне — родны, свой чалавек побач. Ён толькі цяпер стаў адчуваць яе ласкавую прыхільнасць да яго, і яна не здалася яму нежаданай або залішняй. Ён адчуў, як знябыўся за вайну ў адзіноце, — салдацкае таварыства было ўсё ж з інакшае катэгорыі адносін. Між імі нарадзілася нешта сястрынскае, нават мацярынскае, тут не трэба было ні слоў, ні ўчынкаў — адно толькі пачуццё блізкай суладнасці напаўняла яго шчаслівасцю.
Яны ўвайшлі ў седлавіну. Схілы вяршынь ужо высіліся па абодва бакі, сцежка трохі паднялася яшчэ і скіравалася ўніз. У шэрай начной цемені, мільгаючы, сыпаў рэдкі дробненькі сняжок.
— Пераваль? — страпянулася на спіне Джулія.
— Перавал, ага.
— О мадонна!
— Ну, а ты казала: капут. Бач, дайшлі.
Ён спыніўся, нагнуўся, каб паддаць яе вышэй, але яна рванулася з яго спіны.
— Джулія сам. Граціе, данке, спасібо…
— Куды ты босая? Сядзі!
— Но сіді. Іван усталь.
— Ладна. З гары лёгка.
Ён не пусціў яе ногі, і яна зноў ашчаперыла яго шыю, мацней прыпала шчакой да яго няголенай, шорсткай сківіцы і пальцамі памацала такі ж шорсткі падбародак,
— О, річчо! Еж! Колуча.
— У Трыесце паголімся.
— Тріесте… Тріесте… Партіджяно Тріесте… Іван, Джулія тэдэскі тр-р-р-р! Фашісто сволоч! — казала яна, і ён з прыцьмелаю ўсмешкай слухаў, старанна выбіраючы дарогу.
Аднак ісці ўніз было ненамнога лягчэй, чым угору. Калодкі часта слізгалі, ад пастаяннага напружання хутка пачалі ныць калені; грудзям, праўда, стала вальней. Ногі самі неслі ўніз, і хаду трэба было замаруджваць, на гэта ішло нямала сілы. I Іван рашыў не стрымлівацца. Дзе хуткім крокам, а дзе і подбегам ён шпарка сігаў па сцяжыне, сям-там прыпыняючыся, і Джулія на яго спіне аж палохалася.