Аднак на кухні Марыі не было, не было яе і ў святліцы, куды ён зазірнуў з парога. Тады ён расчыніў рыпучыя дзверы ў кладоўку, з цёмнай цеснаты якой аднекуль пачулася ціхае: «Я тут».
Марыя сядзела ўгары на драбіне, прыстаўленай да чорнага лазу на гарышча, і дробна калацілася ад страху і напружання. Ён шапнуў ёй: «Не бойся, яны пайшлі», — і апусціўся на запылены ўслон пад сцяной. У самога падкошваліся ногі — ад перажытага, але болей, мабыць, ад радасці, што на гэты раз абышлося.
Надвор'е яўна пачало псавацца. Пасля спякотнага лета павярнула на сцюжу — неба спрэс пакрылі ціжкія шызыя хмары, якія аднекуль з паўночнага захаду несліся над мястэчкам. Дзьмуў імклівы сцюдзёны вецер, бязлітасна рваў яшчэ зялёнае лісце з дрэў, мёў яго па зямлі, па траве, пад платы, у пажухлы, абвялы бульбоўнік. Увесь дзень было холадна і няўтульна, у хлявах гудзела ад скразнякоў; здавалася, вось-вось палье дождж. Заняты рамонтам абутку, Агееў амаль скалеў за некалькі гадзін, што прасядзеў у застаронку, устаў, надзеў у рукавы ватоўку. Яшчэ з раніцы ён пазатыкаў шырокія шчыліны ў сценах, дробныя ж усе засталіся, і дашчаныя сцены па-ранейшаму свяціліся, бы рэшата. У яго не было гадзінніка, але час, мабыць, пераваліў за поўдзень, і захацелася есці. Увесь ранак, седзячы за рамонтам, ён не пераставаў думаць пра Марыю і не мог даўмецца, як яму быць. Добра, што ёй пашэнціла ашукаць паліцыю і ўцячы ад сястры, але калі паліцыя што западозрыць, дык і на гэтай сядзібе не сховы. Яна перавярне ўсё дагары нагамі і знойдзе, што трэба. Хіба што ў паліцыі былі справы больш пільныя, але раптам Драздзенка зацікавіцца Марыяй і нападзе на яе след? Дзе яму схаваць дзяўчыну? Зноў жа, як быць з харчаваннем, чым ён пракорміць яе, калі Бараноўская доўга не вернецца? Мабыць, прыйдзецца ўзяцца за рамонт абутку для местачкоўцаў, гэта дасць нейкі кавалак хлеба, але ён яшчэ не адрамантаваў прывезены з лесу, які, напэўна ж, быў там патрэбны. І ён дбаў, спяшаўся, хаця за паўдня давёў да ладу толькі тры боты — як-колечы падбіў падэшвы, адзін абцас, наклаў лапік на падраную галоўку кірзача. Больш ён не паспеў. І без таго ламіла ў паясніцы і ныла параненая нага — ад клуба да калена. Падумаўшы, што трэба, мабыць, згатаваць што-небудзь на абед, ён кінуў пад тапчан боты, інструмент і пайшоў на кухню. Бульба ў яго была накапана, заставалася зварыць, — во і ўвесь іх абед. Праўда, яшчэ трэба было пашукаць у зжаўцелым агурэчніку, дзе сярод пераспелых насеннікаў прапляліся маленькія скручаныя гурочкі. Некаторыя з іх былі бязбожна горкія, але, пасаліўшы, ён усё роўна іх еў з бульбай. Добра, што соль яшчэ не звялася, у буфеце на кухні стаяў яе двухлітровы слоік. Солі павінна яму хапіць.
Ён асцярожна пацягнуў да сябе кухонныя дзверы, але тыя былі запёрты знутры і адчыніліся толькі пасля другога яго рыўка. Перад ім ля парога, сарамліва ўсміхаючыся і трошкі прыўзняўшы запэцканыя чымсь рукі, стаяла Марыя. У пліце весела гарэлі сухія паленцы, на канфорцы штось верашчэла, поўнячы кухню пахамі чагось надзвычай смачнага. Гледзячы на ўсмешысты твар Марыі, Агееў таксама не стрымаў усмешкі, унутрана падзівіўшыся той перамене, якая адбылася ў ёй за час яго нядоўгай адсутнасці.
— А я думаў бульбу варыць, — сказаў ён, зазіраючы на пліту. Марыя таксама падалася да яе, штось перавярнула на скаварадзе, што апантана верашчэла ў тлушчы, неміласэрна дражнячы ягоны нюх.
— Што гэта?
— Дранікі.
Яна зноў кінула на яго ўсмешысты позірк — быццам чакала пахвалы ці дакору.
— Ого! Во гэта гаспадыня! — пахваліў ён. — А я бедаваў, чым буду цябе карміць.
— Пракормімся як-небудзь, — Марыя бесклапотна махнула рукой. — Бульба ёсць?
— Бульба ёсць.
— Ну, дык з голаду не памрэм.
Ён паглядзеў на пліту, на ражку якой ужо стаяла талерка насмажаных дранікаў і бялеў паўлітровы слоік, мабыць, з якімсьці тлушчам.
— А дзе тлушч узяла?
— А ў цёткі ў буфеце. Гусіны.
— Гусіны?
— Гусіны. Для дранікаў пойдзе. Наце паспытайце!
Яна падчапіла відэльцам верхні падсмажаны дранік, падала Агееву.
— Ну як?
— Пытаешся! Смаката! — сказаў ён, згаладнела жуючы хрумсткі, сапраўды надта ўжо смачны дранік. — І дзе ты навучылася?
— Ну, гэта проста. У Беларусі гэта ў кожнай хаце ўмеюць.
— Дык гэта ў вёсцы, — сказаў ён і сеў на крэсла. — А ты ж гараджанка.
— Гараджанка. Але гэтая гараджанка, каб вы ведалі, па два-тры месяцы за год жыла самым цыганскім спосабам. У паездках і паходах па ўсёй Беларусі.
— З якой патрэбай?
— За песнямі.
— Якімі песнямі? — не зразумеў Агееў.
— Ну, збіралі фальклор. Бацька мой спецыяліст па фальклоры, усё лета ў экспедыцыях. І я, як падрасла, з ім разам кожнае лета.
— Цікава, — сказаў ён, разважаючы і нібы іншымі вачмі ўзіраючыся ў Марыю.
— Вельмі нават цікава, — пацвердзіла яна. — Столькі песень наслухалася, столькі людзей пабачыла! А прырода… Што і казаць! А вы адкуль родам?
— Ды я здалёку. Расонскі раён, чула?