— Я туды не вярнуся, — сказала яна ціха, але з такой рашучасцю, што і ён пэўна сцяміў: не вернецца. Але як жа ёй заставацца тут?
— А што ж сястра? — запытаўся ён, ужо з раздражненнем павышаючы голас.
— А сястра дура, вось што! У яе ж муж быў, харошы чалавек, настаўнік, але ведаеце… Нявідны такі. Дык яна ўсё перажывала: як жа, сама прыгажуня, а муж… І во, знайшла віднага. Паліцая прадажнага.
Марыя сціхнула на лаўцы, выцерлася насоўкай, гаротна ўздыхнула і зноў кораценька, бы крадком, зірнула на яго. Агееў унутрана вылаяўся.
Аднак трэба было штось прыдумаць. Праганяць яе ў такой сітуацыі ў яго не хапала рашучасці, і ён думаў: дзе б яе схаваць? Хоць бы ненадоўга, вядома. А там будзе відаць — ці яна пярэйдзе ў іншае месца, ці ён змыецца адсюль. Наогул куткоў-закуткаў на гэтай сядзібе было нямала: хата, кухня, два хлявы, застаронак, свіран і некалькі парожніх ці немаведама чым занятых прыбудоў, у якія Агееў яшчэ не заглядваў. Трэба што пашукаць.
— Ты пасядзі, — сказаў ён. — Я пагляджу.
Ён выйшаў на двор і агледзеўся. Напэўна, спярша трэба было паглядзець у той, што за хлявом, свіронак з замком на высокіх дзвярах. Але дзе ключ ад таго замка, Агееў, канечне, не ведаў. Падышоўшы, ён пакратаў цяжкі замок, які нечакана сам расчыніўся, павісшы на кароткай дужцы. Агееў расчыніў дзверы і зазірнуў у прыцемак, поўны затхлых мешаных пахаў. Аднак не паспеў ён падняцца туды, як спалохана адхіснуўся — з вуліцы ў двор ішлі людзі. Наперадзе, адкінуўшы прэч жардзіну, крочыў Драздзенка, за ім таропка трухалі тры паліцаі з вінтоўкамі на плячах.
— Ну, здарова! — суха павітаўся начальнік паліцыі. Душачы спалох, Агееў, здаецца, не адказаў. Рашучы, амаль злосны тон Драздзенкі не пакідаў сумнення адносна ягоных намераў, і Агееў спазнела падумаў, што пісталет яму трэба было схаваць дзе-небудзь пад рукой, у двары.
— Як справы?
Шырока расставіўшы даўгія ногі ў высока напятых сініх брыджах, начальнік паліцыі спыніўся перад Агеевым, як заўжды, свідруючы яго вострым позіркам і тонкім лазовым дубчыкам сцябаючы сябе па халяве.
— Ды так, — адказаў Агееў, напружана думаючы: няўжо ён пойдзе ў хату? Няўжо?..
— Мой загад атрымаў? — сцішаным голасам запытаў Драздзенка.
— Які загад?
— Затрымаць Калюту!
— Якога Калюту? Я не бачыў ніякага Калюты.
Агееў гаварыў праўду і таму смела пазіраў у свірэпыя вочы начальніка паліцыі, які, памаўчаўшы, кінуў:
— А ноччу не заходзіў?
— Ніхто не заходзіў.
Драздзенка павярнуўся да маладога плячыстага паліцая ў нямецкай пілотцы, які з ухмылкай на мардатым твары слухаў размову.
— Пахом! Калі яго стрэльнулі?
— Ды цямнела ўжо, начальнік.
— Ну ў колькі, прымерна, гадзін?
— Гадзін, можа, у дзевяць.
— Значыць, ён толькі яшчэ ішоў, — спакойней паведаміў Драздзенка. — Ішоў да сяброў на сувязь, ды напароўся. Бараноўскай што — яшчэ няма? — раптам запытаўся ён у Агеева. Агееў збянтэжыўся ад здзіўлення, што гэтаму ўжо вядома і пра Бараноўскую.
— Не, яшчэ не прыходзіла, — сказаў ён проста, нібы Бараноўская выйшла куды на гарод ці па ваду. Драздзенка моўчкі, нібы ў роздуме, прайшоў пяць крокаў па двары, зазірнуў у акно на кухню. У Агеева ёкнула сэрца — хоць бы не згледзеў Марыю. Але ад акна той спакойна павярнуў назад.
— Вось што, начбой! Прыйдзе — зараз жа паведамі мне! Зараз жа! Паняў?
Агееў паморшчыўся. Гэтае заданне нібы памыямі пляснула на яго, і, мабыць, ён не здолеў утаіць сваіх да таго адносін, што тут жа прыкмеціў Драздзенка.
— Што моршчышся? Я ж во не моршчуся! А мне не з такім г… трэба вазіцца. А то — чысцюля, моршчыцца! Паймей на ўвазе: станеш хітрыць — закачаешся на вяроўчыне. Паняў?
Агееў, аднак, дрэнна слухаў яго, ён толькі напружана сачыў за кожным крокам начальніка і дужа баяўся, каб той зноў не скіраваў да дзвярэй. Але быццам бы прамінула — начальнік паліцыі злосна ляснуў сябе дубчыкам па халяве і пайшоў на вуліцу. За ім паспяшаліся паліцаі. Агееў моўчкі праводзіў іх да альтанкі і, калі яны схаваліся за павароткай вуліцы, хуткім крокам, амаль подбегам, накіраваўся на кухню.
— Марыя, Марыя! — ціха паклікаў ён, прычыніўшы кухонныя дзверы.