— Значыць, стукач, — з боку ў бок закалыхаўся Палкоўнік. — Мяне не выпусцілі. Ворана з Асяй выпусцілі, а мяне — не. І да Круглага мяне не пускаюць. Вось пабачыце: нас тут прызнаюць хворымі — і будзем сядзець. Без суда. Гэты гэбэшнік нас надурыў.
Я падумаў, ён пра маёра Гагарына, а ён, аказалася, пра Круглага, які яшчэ тады, калі Палкоўніка пасадзілі ў вар’ятню за Сталіна, даў заключэнне, што Палкоўнік нармальны і можа несці адказнасць за свае дзеянні. А Гарык Клябанаў казаў, што Палкоўніка якраз Круглы зратаваў.
Палкоўнік сцягнуў з галавы падушку — скура каля правай скроні была здзёртая, на падушцы засталася кроў.
— Гэта сам Круглы і прыдумаў, і ўсім распавядаў, нібы мяне ўратаваў, калі ў КДБ вырашылі, што лепш усё ж мець ненармальнага студэнта, які Сталіна людажэрам назваў, чым нармальнага. Тое самае, відаць, яны й цяпер пастанавілі. Хто рыхтаваў замах на Хрушчова ў Мінску? Вар’яты! І дзе яны? У турме? А што з імі ў турме рабіць? Яны ў вар’ятні, дзе іх лечаць! Яны там яшчэ й вар’яцкае паседжанне Прэзідыума ЦК КПСС правялі, Хрушчова хацелі скінуць…
Палкоўнік прамаўляў гэта, раз-пораз кранаючы рану каля скроні, кранаў пальцам і палец аблізваў, кранаў і аблізваў — і раптам я зразумеў тое, чаго не хацеў разумець: мне адсюль не выйсці! Невядома на колькі, калі не на ўсё жыццё, я застануся тут — і мой сусед злева будзе чакаць і чакаць таракана, а сусед справа чытаць і чытаць Леніна!
Я звар’яцею!
— Пусціце! — кінуўся я да дзвярэй, зачапіўся за тумбачку, упаў, Цмок з Цыклопам схапілі мяне, пацягнулі на ложак, прывязалі, я біўся ў канвульсіях: “Не хачу!.. Пусціце!.. Гады! Гады! Гады!..”— і Цыклоп сеў на мяне, прыдушыў, прыціснуў да матраца руку, а Цмок нешта ўкалоў — і перш, чым мяне не стала, я ўбачыў сон, які сніўся Вілу, толькі даўжэйшы і з іншым канцом:
…нібыта ў нейкім горадзе, дзе я невядома як апынуўся і не ведаю, што гэта за горад, атамны выбух. І ўздымаецца, вырастае над горадам ядзерны грыб. Я разумею, што зараз павінен палыхнуць агонь і ўдарыць выбуховая хваля — і далёка, на небасхіле, нешта бліскае, як маланка, бляск шырыцца, запаўняе нябёсы, становіцца нясцерпным, але ўсё ж большая за нясцерпнасць святла нясцерпнасць глухаты і нематы, адсутнасць хоць якога-небудзь гуку: я крычу, крычу, крычу, не чуючы свайго голасу, і ад гэтага яшчэ страшней. Выбуховая хваля змятае горад у поўнай цішыні: вунь звон сарвала з царкоўнай званіцы, і ён, нема матляючы языком, ляціць разам з дрэвамі, бёрнамі, камянямі, жалеззем, і ўсё гэта сыплецца, падае, абрынаецца на людзей, што выбягаюць з разбураных дамоў і крычаць, крычаць, крычаць, а іх не чуваць, яны не чуюць самі сябе і ніхто іх не чуе. На імгненне я азіраюся: ззаду сіняя рака, за ёй, на тым беразе, зялёная лугавіна, над якой блакітнае, з белымі аблачынкамі, неба, і трэба бегчы ў той бок, а ўсе бягуць у бок зваротны, туды, дзе бляск, дзе ўсе запальваюцца адзін ад аднаго, нібы паходня ад паходні. Я ўспыхваю, агорнуты, як чырвонай прасцінай, агнём, які зусім не пячэ, у якім можна купацца, як у сіняй рацэ, за якой зялёная лугавіна і блакітнае, з белымі аблачынкамі, неба, у якім я чую нарэшце гук: лёгкі-лёгкі пошум полымя — і мяне пакідае страх.
Новы свет, былы рай
Палкоўніка зноў забралі, калі мы яшчэ ў вар’ятні былі, і Гурык сказаў, што ўжо не выпусцяць, а яго чамусьці выпусцілі. Мы сабраліся ў Крым, каб прагуляць ганарар, які Біг атрымаў за кнігу пра слесара, і не думалі, што Палкоўнік з намі паедзе, таму й прапанавалі яму паехаць, а ён згадзіўся: «Збягу. Няхай ловяць». У яго таксама было не пуста ў кішэнях, з ім разлічыліся за дысертацыю, напісаную для нейкага новага доктара навук па этнаграфіі, і Палкоўнік даклаў заробак у агульную касу — да ганарара Біга за кнігу.
У нас была гара грошай. Столькі я ніколі не бачыў.
— Калі Палкоўнік едзе, тады й Аса давайце возьмем, — прапанаваў Віл. — Каб у гурце вар’ятаў быў камплект.
У нашай кампаніі гралі на гітары не толькі Гарык Клябанаў і Віл, але й Воран, а таксама, што ўсіх здзіўляла, Ас. Прычым, Ас, умеючы лепш за ўсіх свістаць, імітуючы палёт куль ды асколкаў, яшчэ і граў лепш за ўсіх: не адно так званым гітарным “боем”, усімі пальцамі па ўсіх струнах, але й шчыпкамі, пераборамі, і ніхто не мог ад яго дазнацца, дзе ён так граць навучыўся, бо ён сам гэтага не ведаў. Вось Віл і прыдумаў паехаць у Крым не проста звычайнай кампаніяй, адной з многіх, якія едуць летам на поўдзень, а музычным гуртам “Varjaty”.
Шкада, што ні Вілу, ні яшчэ камусьці з нас не прыйшло ў галаву назвацца гуртам “Beatles”. Гралі мы ў той час амаль тое самае, што й ліверпульская чацвёрка: запісы з альбомаў Літла Рычарда, Чака Беры, Карла Пернікса, якія дасылалі Вілу ягоныя сябры па радыёэфіры. Гэтаксама як Ленан з Макартні, Гарык з Вілам перараблялі ў рок-н-ролы блюзы і джаз, і, выступаючы на прыступках Тэатра юнага гледача ў Мінску з Асам і Воранам, мелі поспех не меншы, чым мелі яго ў клубе “Jacaranada” ў Ліверпулі хлопцы з гурту “Quarrymen” — будучыя бітлы. Так што хто ведае, як яно магло стацца, калі б наш Палкоўнік быў Аланам Уільямсам, які сасватаў нячэсаных ліверпульцаў немцу Бруна Кашмідзеру, а той выцягнуў іх у Гамбург, дзе яны запісалі свае першыя песні, адна з якіх, “My Bonnie”, зусім і не іхняя, прыдуманая народам Ірландыі. Ці калі б Ася Бланк была Астрыд Кірхгер, якая прыдумала для бітлаў зачэсаныя на лоб і вушы валасы і пінжакі без каўнерыкаў і лацканаў. Хоць яшчэ невядома, што круцей: тыя пінжакі ад Кардэна ці генеральскі шынель Аса…
Біг прапанаваў назваць гурт “Crazy”, бо яно тое самае, што вар’яты, толькі па-ангельску, але ягоную прапанову адмялі. Ангельскую мову на Крымскай паўвыспе нехта ж можа ведаць, а беларускую — ніхто, таму надпісы Varjaty на нашых гітарах будуць чытаццца, хутчэй за ўсё, як вар’етэ, за што міліцыя, можа быць, і не прычэпіцца. А калі прычэпіцца, дык у нас ёсць даведкі, што мы насамрэч прыдуркі: лячыліся ў псіхушцы. Гэтыя даведкі з круглымі пячаткамі, выдадзеныя нам круглым доктарам, Біг з Вілам хацелі выкінуць, дый мне такая даведка была без патрэбы, але Палкоўнік, вар’ят з досведам, сказаў, што мы проста не разумеем, якія займелі дакументы, і загадаў здаць іх яму, як дырэктару гурта “Varjaty”.
Ас вельмі хацеў паехаць з намі. Каб мы ўзялі яго, ён сказаў, што ў Крыме ваяваў, і правядзе нас па баявых мясцінах.
— Па якіх? — спытаў Воран, і Ас адказаў, што збіваў нямецкія самалёты над усім Крымам, так што баявыя мясціны там у яго паўсюль, але найлепшая мясціна ў Гурзуфе, дзе ён папраўляў здароўе ў санаторыі пасля вайны.
Вырашылі ехаць у Гурзуф.
У плацкартным вагоне цягніка «Мінск-Сімферопаль» было душна і віскліва. Вагон быў набіты дзецьмі, якіх везлі аздараўляцца ў «Артэк», самы прэстыжны ў СССР піянерскі лагер, праз што дзеці лічылі сябе, мусібыць, элітнымі і паводзіліся нахабна. Палкоўнік, які не трываў дзяцей ні хворых, ні здаровых, ні звычайных, ні элітных, прыгразіў, што будзе скідваць іх пад адхон каля кожнага кіламетровага слупа, і тады Віл, які дзяцей любіў, схадзіў да брыгадзіра цягніка, вярнуўшыся з квітком у мяккае купэ, куды й перавялі Палкоўніка. Перад тым, на вакзале, брыгадзір крычаў пасажырам, якія штурмавалі цягнік: «У мяне й без вас людзі на галовах адзін у аднаго сядзяць! Ні ў адным вагоне ніводнага вольнага месца!..» — і тым не менш месца знайшлося. Некаму, мусібыць, брыгадзір адарваў галаву.
Грошы дапамагаюць не толькі вырашаць праблемы, але й ствараюць іх. Не было б у нас грошай — не перасеў бы Палкоўнік у мяккае купэ і не пазнаёміўся б з круглаватым у таліі мужыком, з якім выйшаў з вагона на вакзале ў Сімферопалі і абвясціў, што мы едзем не ў Гурзуф, дзе пасля вайны папраўляў здароўе Ас і дзе цяпер наўрад ці нас нехта чакае, а ў Новы Свет, дзе да вайны, прычым, яшчэ да першай сусветнай, жыў граф Галіцын, які вырабляў знакамітае навасвецкае шампанскае, і куды запрашае нас таварыш Маркач — старшыня Навасвецкай пасялковай рады і наш зямляк.
Старшыню пасялковай рады чакаў на вакзале грузавік. Цяжкагрузны «КРАЗ», які, як сказаў Віл, зжырае на адзін кіламетр прыблізна столькі ж бензіну, колькі легкавушка на сто. І такая махіна амаль дзвесце кіламетраў ехала па старшыню сюды — і амаль дзвесце будзе ехаць назад? «Службовую рамантуюць», — патлумачыў Маркач. Ён запрасіў Палкоўніка ў кабіну, а ўсе астатнія з намётамі, гумавай лодкай, аквалангам, заплечнікамі і гітарамі залезлі ў кузаў. У меншую машыну мы і не ўмясціліся б, так што ад пачатку былі ўдзячныя нашаму земляку, які не звык ездзіць на грамадскім транспарце.
Доўга-доўга мы трэсліся ў кузаве «КРАЗа» да Судака, паўзлі па горнай дарозе, ледзь не зваліўшыся з яе, да Новага Свету, сапрэлі, згаладаліся, а Палкоўнік пацягнуў нас з дарогі на сход, на якім мы, артысты гурту «Varjaty», павінны зараз жа выступіць у падтрымку нашага земляка — кандыдата ў дэпутаты Навасвецкай пасялковай рады, у якую ён павінен абрацца, каб застацца старшынёй, за што абяцае накарміць нас шашлыкамі. Аказалася, мы патрапілі ў Новы Свет за два тыдні да мясцовых выбараў — і Палкоўнік вырашыў уключыцца ў выбарчую кампанію.
У Савецкім Саюзе і мясцовыя, і немясцовыя выбары праводзіліся аднолькава проста. За тыдзень да іх у газетах з’яўляліся заклікі: “Усе на выбары!” — а ў дзень галасавання грамадзяне СССР спяшалі не столькі на выбарчыя ўчасткі, колькі ў буфеты пры іх, дзе куплялі апельсіны, якія ў дні і гады паміж выбарамі можна было ўбачыць хіба на ілюстрацыях у кнізе Чукоўскага пра доктара Айбаліта, якому, як вядома, пашчасціла з камандзіроўкай у Афрыку. Праз пару дзён у тых жа газетах пад лозунгам “Народ і партыя адзіныя!” друкаваліся вынікі галасавання: 99,99 % — і ўсе галасы за таго народнага кандыдата, які быў адзіны з партыяй. Іншых кандыдатаў, як і іншых апельсінаў, не было.
Што да сустрэч з кандыдатамі ў дэпутаты, дык на іх збіраліся хіба ў тыя часы, калі не бачылі не толькі апельсінаў, але й тэлевізараў, а ў клубе перад сходам круцілі кіно. Але ж не летам на беразе мора…
Летам на беразе мора наш кандыдат мог сустрэцца толькі з намі — і паколькі болей не было нікога, распавёў нам, землякам і артыстам, як угору пайшоў, у начальства выбіўся. Ён працаваў на заводзе шампанскіх вінаў, стаў ударнікам камуністычнай працы і яго выбралі партыйным сакратаром. На з’езд партыйны паслалі, а там, на тым партыйным з’ездзе, рэгістрацыя па партыйных білетах. А ў яго білет толькі на цягнік ад Сімферопаля да Кіева. Бо ён не камуніст… Кіеўскія камуністы за галовы схапіліся: “Госпадзі! Што рабіць?” Яго ўжо ў спіс партыйных дэлегатаў на з’езд у Маскве ўключылі! І цяпер выкрэсліваць, бо ён не камуніст? Як тады партыйным сакратаром яго выбралі, дэлегатам з’езда ў Кіеве? Такі шум уздымецца, такое пачнецца! І гэтаму Маркачу-смаркачу — што? Найбольшае — звання ўдарніка камуністычнай працы пазбавяць. А тых, хто такое дапусціў, правароніў, могуць пазбавіць куды большага…
І прынялі нашага земляка ў партыю! Залічылі ў камуністы заднім чыслом!.. І правільна зрабілі, бо ён, хоць на сустрэчу з ім ніхто не прыйшоў і падтрымліваць яго нам не давялося, усё ж, як і абяцаў, накарміў нас шашлыкамі, якія да гэтай пары дымяцца ў маім хатнім альбоме на чорна-белым фотаздымку, падпісаным: “Першы ганарар гурту “Varjaty”, Крым, Новы Свет”.
У тыя часы ў тым райскім кутку, які да таго, як стаць Новым Светам, менавіта раем, Парадызам і называўся, былі адкрытыя для ўсіх і Зялёная, і Сіняя, і Блакітная, або Царская, бо ў ёй купаўся цар Мікалай ІІ, бухты, але калі мы пачалі ставіць намёты каля Скразнога грота, да нас падышлі людзі з аўтаматамі і спыталі, ці ёсць у нас дазвол, бо мы ў памежнай зоне. “Вунь там, — кіўнуў адзін з іх аўтаматам за марскі небасхіл, — Турцыя. А ў вас акваланг і лодка”.
— Наш дазвол у таварыша Маркача, які запрасіў нас, прадстаўнікоў савецкага эстраднага мастацтва, для агітацыі на мясцовых выбарах дэпутатаў працоўных, — нахабна заявіў Палкоўнік, і памежнікі не асмеліліся яму не паверыць, папярэдзіўшы толькі, каб мы не заплывалі ў мора далей за выступ мысу Капчык. Назаўтра Палкоўнік з нашым земляком з’едзілі ў Судак да памежнага камандавання і прывезлі паперу, у якой былі пералічаныя нашыя прозвішчы і напісана, што ўсе мы — добраахвотныя памочнікі памежнікаў. І пачалося райскае жыццё…
Не ведаю, што б я аддаў за тое, каб прачнуцца рана-рана на беразе Сіняй бухты і ўбачыць Асю, якая, уздрыгваючы спінай і сціскаючы лапаткі, кранае пальчыкамі ног такую празрыстую, што яе не відно, ваду, робіць з берага крок, другі, трэці, уваходзіць у мора па шчыкалаткі, па калені, па клубы, прысядае па локці, па плечы — і плыве. Яна плыве насустрач сонцу, якое толькі-толькі ўзыходзіць, і здаецца, што сонца, узыходзячы, спяшае ёй насустрач — яшчэ б яму не спяшаць!..
Ася плавае датуль, пакуль сонца цалкам не вынырвае з мора. Тады яна паварочвае да берага, выходзіць, атрасаючы валасы, з празрыстай хвалі, кладзецца, раскінуўшы рукі і запрашаючы сонца ў абдымкі, на пясок — і як я зайздрошчу сонцу, якое, абліваючы Асю з ног да галавы дрыготкім ранішнім святлом, можа яе ўсю-ўсю абдымаць, абдымаць, абдымаць, цалаваць, цалаваць, цалаваць… Потым я зайздрошчу ветру, калі мы, знайшоўшы пакручастую, стромую, але ўсё ж адольную сцяжыну, падымаемся амаль на самую вяршыню гары Сокал, дзе Ася мяне, бо мы толькі ўдваіх, пытае: «Калі Біг з Вілам голыя па Мінску бегалі, дык можна мне голай на гары пастаяць?» — і скідвае сукеначку, і ўскідвае рукі, і стаіць тварам да мора, мармурова-белая, як статуя, якую тысячы гадоў таму паставілі тут таўры ці скіфы, грэкі ці рымляне, каб выплывалі з туману, як на агонь маяка, караблі на пажар яе валасоў, і даплыўшы, любаваліся ёй заваёўнікі і арганаўты, і маліліся ёй, як багіні, каля ног якой ляжыць Новы Свет і, як сабачка, круціцца вецер…