Гусоўскі ўзяў са стала кнігу:
— Ac albos belli celebres virtute Ruthenos…
— Беларусы, праслаўленыя сваёй мужнасцю на вайне… — пераклаў Васіль. — «Пруская вайна» Яна з Вісліцы.
— Так. Славу Грунвальда ўжо ахутвала цемра, але ён разагнаў яе святлом свайго таленту. Каб захаваць наступнікам нашу гісторыю, мала запісаць яе ў хронікі. Яе трэба адчаканіць і ў паэтычных радках.
— Другую частку я ведаю на памяць, — сказаў бакалаўр. — Усё апісанне бітвы.
Узмахваючы ў такт рукою, Васіль пачаў чытаць. Князь Вітаўт хутчэй за ўсходні вецер ляцеў да Ягайлы, што сустрэў пачатак сечы ў малітве. Татарскія коннікі нацягвалі лукі і пускалі коней наўскапыт. Град смертаносных стрэл біў у браню, і падалі шыхты пыхлівых тэўтонцаў. Непераможнымі волатамі ішлі наперад ліцьвіны. Ад стрэл і коп'яў цямнела неба…
На твар юнака легла пячатка ваяўнічасці. Шкадуе, што жыве на сто гадоў пазней, думаў Гусоўскі. Вядома, хацеў бы сам вывешваць на купалах Вільні і Кракава крыжацкія сцягі і бароды. Як бы сагрэў сваё сэрца, каб прымеў убачыць гэтага маладзёна, сам Вісліцкі…
— Вітаўта народ назваў Громам вайны, — прамовіў Гусоўскі, калі юнак скончыў. — Нават татараў ён трымаў у цуглях. Князь Вітаўт адводзіў набегі ад нашай зямлі, а цяперашнія гаспадары аддаюць яе на здзек…
З хвіліну яны, паяднаныя аднымі думамі, сядзелі моўчкі.
— Ад годных людзей, — загаварыў Васіль, — я чуў, што шаноўны паэт, выконваючы волю папы, піша паэму пра паляванне на зубра…
— Гэтым людзям сапраўды можна верыць.
— Як бы я хацеў пачуць хоць некалькі радкоў… Няхай яны нагадаюць нам пра нашыя пушчы.
— Часіны цяпер такія, што не спрыяюць чуллівасці і замілаванню. Кожны мусіць думаць, як дапамагчы Айчыне.
Юнак чакаў. На неба ўжо выплыў месяц, і ў ягоным аліўкавым святле Гусоўскі пачаў:
Васіль імпэтна ўстаў.
— Злыя языкі сцвярджаюць, што Эразм Вітэліус і ягоны сакратар выракліся Бацькаўшчыны і шукаюць славы і пашанотаў у Ватыкане. Цяпер я ведаю, чаго вартыя гэтыя размовы. Усё гаворыць за тое, што аўтару паэмы наканавана эўрапейская слава.
— Тваімі вуснамі прамаўляе маладосць, — перапыніў Гусоўскі.
— Не. Доктар Скарына сее асвету сярод нашага люду, але не менш важна сеяць у свеце праўду пра нашу зямлю і яе пакуты.
— Якія ж кнігі былі ў тваіх саквах? — перавёў размову на іншае паэт.
— «Арыстоцелева брама» і Скарынаў Псалтыр з Еклезіастэсам.
Прыклаўшы правую руку да сэрца, Гусоўскі працягнуў бакалаўру кнігу, з якой не разлучаўся ўжо чатыры гады. То быў Псалтыр, першая друкаваная кніга, у якой загучала жывое слова іхняга народа. Абаронца младых і радасць, старым пацеха і песня, жонам пабожная малітва і пакраса, дзецям малым пачатак усякае добрае навукі, мужам моцнае ўцвярджэнне. Паэту здалося, што прадмову чытае сам Скарына, што душа ягоная недзе тут, з імі…
Яны доўга не клаліся спаць. У спічастым вакне стаяла поўня, і яна нагадвала абодвум спелы яблык-папяроўку з садоў далёкай радзімы.
VI
Напрыканцы верасня, калі ў сухой спякоце рымскага лета пачулася дыханне восені, якая абяцала сплытчэламу Тыбру ўжо блізкія дажджы, Эразм Вітэліус вярнуўся з падарожжа ў Фларэнцыю і Парму. Увечары таго ж дня паэт і мецэнат ужо гутарылі ў багатай бібліятэцы пасла, якой зайздросцілі нават кардыналы. Адзінай аздобаю бібліятэкі была шпалера з Дантэ і Вергіліем і цудоўнай залаціста-блакітнаю перспектывай. Усю астатнюю прастору сцен займалі друкаваныя і рукапісныя кнігі. Сярод лаціны тэалагічных і юрыдычных трактатаў, сярод кніг гуманістаў і антычных аўтараў тут можна было сустрэць кірыліцу летапісаў і выданняў апальнага Фіёля[10]. Было тут і слова пра паход ноўгарад-северскага князя Ігара на полаўцаў, якое Гусоўскі любіў час ад часу перачытваць, заўсёды знаходзячы падабенства між Вітаўтам і Ўсяславам Чарадзеем, князем полацкім.
Усцешаны спатканнем, Вітэліус з тонкасцю сапраўднага знаўцы апавядаў пра роспісы Карэджа, захапляючыся зграбнасцю і лёгкасцю пуццы[11] пармскіх храмаў. Раз-пораз ён кідаў позірк на стос спісаных знаёмым почыркам аркушаў, якія суседзілі на стале з «Дэкамеронам». Гэтае суседства здавалася Эразму добрым знакам, і ён ужо смакаваў наперад хвіліны, калі будзе ўчытвацца ў першыя пяцьсот радкоў паэмы.
У такім гуморы ён успамінаў вандроўку са шчыраю асалодай.
— Уяві сабе, што ў царкве святога Яна анёлы лунаюць настолькі вольна, што купал знікае і ператвараецца ў неба. Пэндзаль мастака нараджае цуд, роўны боскаму. Ты ніколі не думаў, што менавіта ў геніях Госпад найпаўней выяўляе сябе і нагадвае нам пра сваю ўсемагутнасць?
Разважанні Вітэліуса перарвала з'яўленне слугі.
— Нейкі чалавек просіць у монсеньёра аўдыенцыі. Ён назваўся турэцкім купцом.
Вітэліус і Гусоўскі перакінуліся здзіўленымі позіркамі.
[10] Швайпольт Фіёль — заснавальнік кірылічнага кнігадрукавання.
[11] Выявы хлопчыкаў — улюбёны дэкаратыўны матыў у мастацтве Адраджэння.