Гусоўскі маўчаў, таймуючы хваляванне, а пасол казаў далей:
— Памятай, што пасля Грунвальда пра нас даведаліся ва ўсім свеце. Кожны італьянскі вяльможа хацеў бы мець кнігу пра нашу краіну. Я ўжо стаміўся ад бясконцых роспытаў пра волатаў з вачыма на патыліцы і іншую бязглуздзіцу, народжаную хворым уяўленнем несумленных пісакаў. Дакуль яны будуць пашыраць чуткі пра варварства і дзікасць нашых земляў? Мы даўно адкрылі для сябе Захад, і ўжо даўно прыспела пара паказацца на людзях самім. Наша мінуласць мусіць належаць да гісторыі ўсёй Эўропы.
— Я хачу, — пасля пярэрвы сказаў Эразм, — каб ты памятаў і словы боскага Дантэ:
Мара трох апошніх гадоў пачынала збывацца, аднак Гусоўскі не мог даастатку аддацца радасным пачуццям, бо чуў у мецэнатавых словах недагаворанасць.
— Сённяшні дзень з тых, што могуць перавярнуць усё жыццё, — прамовіў ён. — Але чаму радасць у вачах у монсеньёра патанае ў смутку?
Позіркі паэта і мецэната сустрэліся. Яны ўбачылі адзін у аднаго падзеленыя напалам удзячнасць і трывогу і ўадначас збянтэжана апусцілі вочы.
— Сёння я атрымаў ліст з Кракава. — У Эразмавым голасе з'явілася звінючая расколінка. — Інтрыганы дамагліся свайго. Кароль загадвае нам вярнуцца. Я ўжо не пасол.
Вітэліус сеў. Ягоныя плечы бяссіла апусціліся, маска ўпэўненага ў сабе дыпламата ўпала з твару, як сарваны ветрам ліст. Перад Гусоўскім быў разгублены няшчасны чалавек з пагаслымі вачыма.
— Я ўжо не пасол… — паўтарыў ён.
— Няхай монсеньёр скажа, каго з вялікіх не грызла ненажэрная пашча зласліўцаў. Але ж у пакутах гартуюцца дух і воля. Для Кракава монсеньёр ужо не пасол, але для Рыма і Эўропы ён застаецца знакамітым дыпламатам і не менш знакамітым апекуном музаў.
— Пасол без дзяржавы… — са слабаю ўсмешкаю азваўся Вітэліус.
— Кароль і двор — яшчэ не ўся дзяржава. У той час калі Сулейманавы сланы топчуць няшчасных сербаў, калі турэцкая чума распаўзаецца ўсё шырэй і шырэй…
— Sapienti sat. Разумнаму дастаткова. Я ведаю, пра што ты хочаш сказаць, — перапыніў мецэнат. — Статак сапраўды невінаваты, што ягоныя пастыры больш падобныя да ваўкоў. — Ён зноў уладна браў нітку гаворкі ў свае рукі, і Гусоўскі здзіўлена ўбачыў, што за сталом сядзіць заўсёдны, рашучы і гатовы да любых паваротаў лёсу біскуп Вітэліус.
Мікола заўжды зайздросціў волі апекуна, але такое хуткае вяртанне разгубленага і зламанага Эразма да сваёй звычайнай іпастасі нарадзіла акрамя зайздрасці і крыўду: паэт зразумеў, што шчырасць у паводзінах мецэната зараз была добра-такі разбаўлена падступствам. Ён ведаў, што Эразм разлічвае на ягоную дапамогу, але разумеў, што хвілінная біскупава слабасць таксама была маскаю. Той і цяпер заставаўся дыпламатам, вёў сваю гульню, і ад немагчымасці прабіцца нават да гэтай блізкай душы, ад усведамлення мяжы, што пралегла паміж імі, як пралягае паміж дзвюма рэкамі ўзвышша водападзелу, не дазваляючы ім сустрэцца ў адным моры, ад гэтых думак, хоць Гусоўскі і разумеў, што замова папы ўсё адно ў сіле, яму зрабілася непрытульна і самотна.
— У нас няма выбару, — прамовіў Эразм. — З гэтага дня мы — ізгоі. Табе не трэба тлумачыць, колькі залежыць цяпер ад тваёй музы. І для цябе, і для мяне, і для мільёнаў нашых суайчыннікаў.
Гусоўскі задуменна пазіраў на новую карціну. Востры сонечны прамень крануў чало Збавіцеля і слізгануў па малітоўна складзеных руках грэшніцы.
— Няхай умацуе мае слабыя сілы Ўсявышні.
Паэту хацелася пабыць на адзіноце, каб паўтарыць прамоўленыя словы таму, каму належала іх пачуць, але Вітэліус яшчэ не адпускаў яго.
— Дарагі Nicolaus, прызнаюся, што сярод трывог апошніх дзён у маім сэрцы знайшло свой куток і тое, пра што мы абодва пакуль што маўчалі. Мяне турбуюць твае сардэчныя справы.
— Я… — з выклікам пачаў Гусоўскі.
— Паслу ех officio[8] належыць ведаць усё, што чыніцца з ягоным сакратаром, — паспешліва сказаў Эразм, каб дапамагчы ці то паэту, ці то самому сабе. — А я не толькі пасол і мецэнат. Я сябра. Я ведаю імя тваёй абранніцы. Гэтая жанчына ніколі не пераступіць цераз забабоны, з якімі мы змагаемся ўсё жыццё…
— Яе няма ў Рыме. Я ўбачу яе не раней як праз паўгода, — сказаў Гусоўскі, каб хутчэй скончыць гэтую цяжкую тэму, і мецэнату не ўдалося схаваць ад яго радасць.
— Я ведаю, што ты пісаў да яе, і здагадваюся, што яна табе адказала. Няхай расстанне будзе бальсанам на твае раны. Памятай, у тваіх руках не толькі твой лёс.
Вітэліус падышоў, каб развітацца, і калі ён злёгку сціснуў Гусоўскаму плячо, той насупор зусім нядаўнім пачуццям адчуў да мецэната спагаду. Знячэўку ён на ўсю поўніцу зразумеў, наколькі знітаваліся іхнія лёсы, і ў гэты момант зноў убачыў ланцужок слядоў на плітах калумбарыя.
V
Цяпер трэба зацяць дыханне і знерухомець, каб не трэснуў пад нагою сухі сучок. Закаханы спявак пяе кароткімі, не даўжэйшымі за тры стукі сэрца, каленцамі і ў гэтыя імгненні не чуе анічога — хоць палі з гакаўніцы. Тры стукі сэрца — тры імклівыя крокі, і песня абрываецца, а ён замірае, не паспеўшы паставіць нагу на дол. Адзін неабачлівы рух, адзін прытоены ўздых, і чырванабровы пяюн, залопаўшы крыламі, знікне ў лясной гушчарні. Здаецца, пярэрва доўжыцца бясконца, але вось глушэц зноў падае голас. Тры крокі, галінка ляшчыны ледзьве не выколвае вока, і зноў нерухомасць. Ранішняя сцюдзёнасць лезе пад світу, паветра — як халоднае даўкае віно. Яшчэ тры крокі. «Мой! Мой!» — заходзіцца ад паляўнічага шчасця душа.
Пачуццё такое пранізлівае, што ён ачынаецца. Бярэцца на ранне. Яшчэ праз туманец сну Гусоўскі бачыць над ложкам ладунку з барсучынае шкуры. У махрах цьмяна пабліскваюць каваныя трокі. Цела дагэтуль памятае, як ладунка прыемна адцягвае плячо, і, каб узгаданае адчуванне было паўнейшае, ён на момант заплюшчвае вочы.
На белай сцяне праваруч вакна — скіфскага выгіну лук вышынёю на рост паляўнічага. Кібіць абкладзена касцянымі пласткамі з нябачнымі яшчэ маленькімі выявамі тарпанаў. Цеціва ўжо даўно аслабла, а часам, вось як у гэтую хвілю, так хочацца ўскінуць лук, нацягнуць да лёгкага звону і адчуць хвосткі ўдар па скураной наручцы. Калісьці ён мог выбраць за сотню крокаў дубовы стаўбур і дванаццаць стрэлаў малявалі роўны шасціканцовы крыж.
Ён спрабуе разгадаць сон. Эх, пад'есці б зараз печанага на вуголлі глушцовага мяса! Учора яму выпаў зусім нішчымны дзень: думкі былі быццам камяні ў крушні, і на паперу леглі ўсяго два нежывыя радкі, а кожны паляўнічы Княства ведае, што глушцовае мяса дае спажыву не толькі целу, але найперш розуму; нездарма кажуць: жывіся глушцом — будзеш мудрацом.
Бліжэй да вакна, пры самым стале, тул з тузінам даўгіх стрэлаў з лебядзінымі пёрамі. Гэткія ж пёры і на стальніцы, побач з кнігамі, свечкай і пясочным гадзіннікам. На перасценку, пад простым абразом Багародзіцы, вісіць няраз працёрты крывёю з мезеніка — каб быў шанцунак — самастрэл з казінаю нагой.
[8] Паводле пасады (лац.).