Яны і пайшлі глядзець.
I прышоў ужо вечар.
У цёткі дом вялікі быў, і іх сабралася чалавек з пяцьдзесят. Нанасілі саломы. А мы на кухні памясціліся. На палу каля печкі паселі і мы, і падводчыкі, што іх прывезлі. Я ў аднаго гэтага чалавека і пытаюся, падводчыка:
— Дзядзька, дзе яны што робяць?
Дык яны кажуць:
— Нічога.
А другі кажа:
— А ў Пясочным? Адну дзевачку ўбілі і дом спалілі… Ну, у мяне ўжо мысль плахая, калі яны так сказалі. Доўга не чакаючы, прыходзяць і пытаюцца па-польску:
— Гдзе господа ж?
А ён жа сядзіць радам са мной. Ён кажа:
— Я.
— Ану ўпярод!..
Паколькі яны гаварылі, што застрэляць, дык я ж і пашчытала, што бяруць застрэліць. Ён падняўся і кажа:
— Прашчайце ўсе.
Куды забралі — не ведаю…
Пачакаўшы, — дзетдом гарыць. Думаю я: відаць, туды яго завезлі. Там забілі…
Яшчэ ціха было назаўтра, але я ўсё чуствавала, што будзе плоха.
А там у нас сарайчык быў, дзе стаяла цёлка і кабанчык.
Дык я кажу на сына:
— Ідзём туды. Случайна што, дык мы ў лес.
Не ўспелі мы дайсці туды — ужо стрэл палучыўся. У нас была ў сене, у сарайчыку, нара прабіта, дык сын кажа:
— Мама, я палезу туды.
А дале я гавару:
— Не, ты лепш лезь на гару, і я за табою.
Ён лезе, а два немцы ўваходзяць якраз… Дык я яго — за ногі. Гергечуць яны, чорт іх знае што. А я ім гавару:
— Пан, я даю есці карове.
А яны гавораць па-нямецку. I давай нас штурхаць, сына і мяне. Так во сарайчык наш стаіць, а так во тое гумно вялікае, дзе яны малацілі, мужчыны. Ужо дзверы адкрыты. I стаў такі вялікі снег ісці! Дык яны, немцы, адзін за яго, а другі за мяне. Упіхнулі ў тое гумно. I далі два выстралы. Сын пабег, а я ўпала. Так упала, не ранілі. Мне не больна. А ў сына, відаць, папалі, што і не войкнуў. Такая мысль у мяне пабегла…
Пытанне: — А колькі яму гадоў было?
— Чатырнаццаць гадоў.
Стала гумно гарэць… А там сем гаспадароў складалася. Збожжа. Дык там усё перамешана… Як я ўпала, дык яшчэ і саломы на сябе нацягнула. Калі салома стала гарэць, дык я падумала, што я ляжу пры сценцы, пры акенцы, праз якое ішоў пас малацілкі. Падымаюся к гэтаму акенцу і гляджу — яны стаяць. А наперадзе будынак гарыць, і гэтае ж гумно гарыць… А там яшчэ з гумна ў манеж, дзе малатарня, вялікае акно, і яно калючай провалакай закрыжована. Папробавала я адну столку — яшчэ во раны засталіся, — адна столка была з гваздом, дык адарвалася, а другая — з прабоем, ніяк. Усё — не вылезеш. Дык каб гэта чалавек нармальна, а то ж увесь…