Старуха бяжала — у яе дочкі на балоце былі, — з унучкай была. Прыастанавілася і гаворыць:
— Пайду дальша.
У трэці зайшлі, пабілі ўсіх, хто там быў. Пытанне: — Вы чулі, як стралялі?
— Не. Мы не чулі. Яны ўвайдуць і там страляюць. А мы ўсё матаемся: то к дому свайму, то к суседу.
— Мужчыны, што ж нам дзелаць?
Страшна, б'юць! У мяне сястра і брат былі старшыя, а я сярэдняя. Ну, тагда — ідуць к нам! Ой, два немцы!.. Там былі і паліцаі, а гэтыя — з бляхамі на грудзі. Страшныя такія. Ужо яны пабілі суседзяў і к нам ідуць. Я: «Ой, дзядзя, глядзіце, па хатах ходзяць, б'юць, сюды ідуць!» Ну, мы тут сталі і стаім. Я ў сваём доме не была. Дзве сястры там было — убілі. Ідуць сюды! А мы з братам тут. Брат после хваробы быў зусім слабы. Еслі б ён быў здаровей, і ён бы бяжаў. А ён быў зусім слабы. Паліцэйскі і гаворыць:
— Ідзіце ў хату!
— Ой, — усе закрычалі. — Што дзелаць?
Мы ўсе тагда — гэты мужчына, у яго была сям'я, пяць душ, я шостая — сяйчас мы ўсе ніц, палажыліся на пол і сталі крычаць. Ну, я ўжо не помню, хто там як крычаў. Яны сяйчас — вінтоўкі там, ці кулямёты, і давай у гэтых людзей страляць. Як яны першы раз выстралілі… Якраз каля акна стаяў сундук… Як яны першы раз стрэлілі, я тады на сундук, з гарачкі, ці што, на сундук, а вакно гэтае адкрывалася — я ў вакно. Рукой таўкнула і на вуліцу пабегла. Калі я пабегла, два немцы з другой стараны ішлі, — пабілі ў другой хаце і ішлі, — яны пагергеталі, а я ў дзярэўню, у той канец. Яны яшчэ там не праходзілі, яны толькі тут пачалі. Я пабегла, людзі стаяць, усё спрашваюць:
— Што там, Маня, што там? Я гавару:
— Ой, уцякайце, б'юць немцы!
Тады хто куда — табунамі! Пабеглі хавацца, хто куды. А тых, хто на балоце былі, маці нашу, тых загналі таксама ў хату і гранаты кідалі, а каго спалілі.
А дочка таго хазяіна таксама за мной кінулася ў вакно, а немец ёй у плячо, і яна назад у груду ўпала.
Але засталася жыва, у Брэсцкай вобласці жыве.
Людзі гавораць, што, калі я бегла, мяне ўзнаць не маглі: чорная-чорная, страшная. Я часам езджу туды, мне гавораць:
— Ну, ты нам жызь спасла. Стаялі б і ждалі, пакуль падайдуць немцы.
А мы потым у рож схаваліся.
Тады яны затрубілі, сігнал далі і паехалі…»
У Хатыні — могільнік звыш 600 забітых беларускіх вёсак. I гэта далёка не ўсе тыя вёскі, куды фашысты прыходзілі, прыязджалі, каб вынішчыць, спаліць усіх — ад старога да дзіцяці, дзе выконваўся план «абязлюджвання тэрыторыі», «пашырэння жыццёвай прасторы на ўсход».
Беларускіх вёсак, дзе карнікі спецыяльна забівалі людзей, — 4885. Падалёкане поўных падліках, больш за трыста тысяч мірных жыхароў было спалена жывымі, забіта, замучана ў тых вёсках.
I амаль столькі ж населеных пунктаў (4З15) «проста згарэлі». Таксама ад гітлераўцаў, але жыхароў там не пабілі.
Калі пабываеш, як мы, у большасці раёнаў, у многіх вёсках, запісваючы іх ваенную, вогненную памяць, і пасля чытаеш справаздачы карнікаў, дакументы, раптам узнікае і такое адрозненне: «проста згарэлі». Бо ў Хатыні фашысты яшчэ і «працавалі», больш таго — «эксперыментавалі».
Беларускія Хатыні — гэта падрыхтоўка да рэалізацыі планаў і мэт, якія датычыліся не толькі нас, не толькі савецкага народа. I нават не адных толькі славян.
Выпрацоўваліся метады, рыхтаваліся спецыялісты на «канчатковае ўрэгуляванне» — вынішчэнне цэлых народаў ва Усходняй і Заходняй Еўропе і на іншых кантынентах. Вядома, пасля разгрому галоўных праціўнікаў фашысцкай Германіі.
«Калі вайна будзе выйграна, тады, я вам ужо гаварыў аб гэтым, пачнецца наша праца, — злавесна нагадваў сваім падручным Гімлер у кастрычніку 1943 года на нарадзе групэнфюрэраў СС у Познані. — СС разам з сялянамі і мы сумесна з нашым сябрам Баке пачнём займацца засяленнем Усходу, велікадушна, без усякіх абмежаванняў, не пытаючыся ні пра што, з размахам і рэвалюцыйным напорам, дык на працягу 20 год мы прасунем граніцу нацыі на 500 кіламетраў на Усход…
…Мы будзем дыктаваць Усходу нашы законы. Мы будзем прабівацца наперад і паступова падыдзем да Урала». Вось такія маштабы меліся на ўвазе «пасля перамогі». Але і яны — першы крок да сусветнага панавання «арыйскай расы».
«Усходняя палітыка» генацыду была сфармулявана Гітлерам яшчэ ў 19З2 годзе:
«Усходнія тэрыторыі стануць вялікім эксперыментальным полем па ўстанаўленні новага грамадскага ладу ў Еўропе, і ў гэтым вялікае значэнне нашай усходняй палітыкі».
«Эксперыментальным полем» выбрана была перш за ўсё Беларусь. Таму, у прыватнасці, што ў гаспадарчых адносінах гэты край лясоў і балот, з пункту гледжання нацыстаў, — не самы «каштоўны». Значыць, якраз яго ператварыць у вялізны «загон», куды будуць пераганяцца цэлыя народы на «каранцін», «асобую апрацоўку»…
Вось вытрымкі з рапарта адной з камандаў, занятых прыёмам эшалонаў і «размяшчэннем», «уладкаваннем» яўрэйскага насельніцтва, прысланага з Заходняй Еўропы. (Па плану Гітлера такім жа шляхам затым павінны былі пайсці, перасяліцца ў Беларусь» і «за Урал» галандцы, бельгійцы і іншыя еўрапейскія народы, чые землі збіраліся засяліць нямецкімі каланістамі.)