— Ды не будуць!
— Ды як не будуць, дым ідзець жа, гарыць што-та. Ну, саскочылі і — у гарод. Ячмень быў. У ячмень гэты. Да. I там поўзалі да гэтаму ячменю. А там праз лужок у жыта.
Пакуль часавы адвярнуўшысь быў. I ў лес.
Пытанне: — Аў вас сям'я была?
— Усіх пабілі. Адным словам, сродства, братніх дзяцей, сёстры і браты ў мяне, — пагібла ў тое ўрэмя ў мяне дваццаць пяць чалавек. I жану ўбілі…»
Так гэта бачыў Палікарп Мікалаевіч Шакуноў. Мы яго сустрэлі на красніцкай вуліцы, вёў каня з пашы, можа, як тады, трыццаць год назад, — мы яго спынілі, спыталіся, хто мог бы расказаць, «як білі»…
— Ёсць, засталіся людзі. Я застаўся. Адамкнулі нам клуб, і пакуль Палікарп Мікалаевіч расказваў, збіраліся яшчэ жыхары ранейшай, забітай Красніцы. Прыходзілі па аднаму. Садзіліся ўздоўж сценкі, каля акон і моўчкі слухалі тое, што бачылі, перажылі і самі.
857 чалавек тады забілі ў Красніцы…
Пётр Юр'евіч Перапечын.
«…Я быў малы. Нас было ў маці чэцвера малых. Брат дваццаць шостага года, каторы астаўся жывы, сястра трыццаць трэцяга і трыццаць сёмага — брат. Ацец умершы ў трыццаць сёмым годзе. Брат старэйшы пайшоў хавацца ў ячмень, а ў гэта ўрэмя бяжала Бабкова Марыя. Яна цяпер у Магілёве жывець. Дзяўчына. Выскачыла. Мы ў адным класе вучыліся з ёй. Бегла і крычала:
— Уцякайце, хавайцеся, б'юць усіх падрад!
Я маці стаў прасіць, гаварыць, што, значыць, пайдзём хавацца. Маці што-та, ілі расцяралась яна, ілі што:
— Нікуды, — гаворыць, — не пойдзем.
Ну, тагда я стаў прасіць, каб меншага брата ці сястру аддала, штоб мне пайсці ўдваіх. Яна не пусціла, гаворыць:
— Ідзі, еслі хочаш, адзін, раз табе нада так.
Ну, і патом, у ета ўрэмя, кагда мы… Убачылі мы ўжо, што падзвігаюцца сюды, мы на свой двор зашлі там к сараю, селі паўз забор: я самы крайні сеў. Заходзяць двое. Адзін гаварыў па-нямецку, адзін па-руску, каторы гаварыў па-нашаму — гэты з вінтоўкай. А той з пісталетам. Стаў на праходзе. Зайшоў той, каторы гаварыў па-руску, ён, канечна, дабраволец.
— Ідзіце ў хату, лажыцесь.
Ну, матка тут на каленкі, усе мы радам там, давай прасіцца там. «Паночкі, галубочкі» — там усё гэта… Ну, патом ён, значыць, хацеў мяне прыкладам ударыць. Я зразу сабраўся і пайшоў уперадзі. Пайшоў уперадзі, за мной сястра, трыццаць трэцяга года. Я як ішоў, — у нас дзве хаты было, — на ўтарую хату прайшоў, а маці з маленькім, трыццаць сёмага гэты, — у той хаце. Ён адразу… Маць убілі насмерць зразу. Брат доўга мучыўся. Патом зайшоў — сястру зразу насмерць. А мне сюда вот у плячо ўдарыў, сюда пуля вышла. Як ляжаў, закрыўся і глаза закрыў. Кроў пайшла, я ляжаў, ну, хто яго знае, прэдпалажэнне — кнігі чытаў жа — кроў ёсць, думаю: скора я памру ці не? Ну, патом яны… Там стаяў атцоўскі яшчэ, ну, па-нашаму, як чамадан такі, сундук такі. Яны там, што лучшае было, выкінулі, пасматрэлі ўсё, перакапалі, ка мне сюды ў кроў выкінулі. Ну і выйшлі з хаты яны тады, пайшлі, значыцца. Я ўстаў, сястру гэтую перавярнуў — мёртвая. Матка ляжыць — тожа мёртвая. Я яшчэ брата на рукі ўзяў, панасіў. Ён тожа кончыўся. Я яго матцы на руку палажыў, у акно паглядзеў — нікога няма.
Толькі выхажу на двор — яны выпускаюць наш скот. Ну, карова там была, авечкі. Выганяюць іх на двор. Толькі яны, значыць, замецілі — я цераз забор пераскочыў. Яны яшчэ раз выстралілі. Ну, і бег, якраз набег на гэтага большага брата ў ячмені. Ён мяне палажыў, і я больш ужо не ўстаў. Раны сталі балець, і больш не ўстаў. Ну, вобшчам, скот яны выгналі, прасігналілі, значыць, кагда паліць. Запалілі. Патом, значыць, згарэў наш дом.
Усталі мы, гэты брат мяне падняў, суседзі сталі падхадзіць. Ну, і пайшлі ў лес…»
Вось так, адзін за адным, садзяцца да мікрафона жыхары Красніцы — калісьці забітай вёскі. Услед за Пятром Перапечыным — зноў жанчыны: Ева Тумакова, Ніна Князева. Па нейкаму асабліваму шчасцю гэтыя людзі і яшчэ некалькі дзесяткаў краснінцаў уратаваліся ў той дзень. Каты зрабілі сваю справу: 857 чалавек застрэлілі, спалілі. I ўсё ж не так «чыста», як умелі і вучыліся рабіць. Тут яшчэ толькі асвойвалі прыёмы, метады. Бо былі мы на месцы і такіх вёсак, знішчаных у 1943 і ў 1944 гадах, калісьці вялікіх, шматлюдных (Макаўе Асіповіцкага раёна, Ямішча — Шумілінскага, Пузічы — Салігорскага і інш.), дзе ніводная жывая душа не ўратавалася. Ніводзін, хто б мог расказаць. Поле, жыта, помнік у бярозавым гаёчку — цэментная пірамідка з трохзначнай лічбай забітых, спаленых і нябачныя жаваранкі, што спрабуюць сваім шчэбетам запоўніць пустэчу… Асаблівую пустэчу, якой няма, мабыць, і ў самай пустой пустыні.
Красніцу забівалі ў ліку першых (у гэтай мясцовасці). Праўда, даходзілі чуткі пра вёску Студзёнку (таксама Быхаўскага раёна), што быццам бы выбілі там усіх людзей. Але, аказваецца, цяжка чалавеку ў такое паверыць. Нават шмат чаго пабачыўшы, перажыўшы.
Карнікі ўсё гэта ўлічвалі: калі людзі ўжо моцна напалоханы, дакладна ведаюць — дык адзін «падыход»; але зусім інакшы, калі забойцы маглі разлічваць на такі вось стан: чалавек бачыць, што б'юць, забіваюць усіх падрад, а ўсё не верыць, што магчыма гэта…
У Магілёве мы адшукалі Марыю Бабкову — тую колішнюю дзяўчынку, крык якой быццам разбудзіў многіх: «Забіваюць жа людзей!» Цяпер у Марыі Віктараўны іншае прозвішча — Паўлава, па мужу. У старым драўляным доме, адрас якога нам далі ў Красніцы, яе мы не знайшлі: пераехала ў мікрараён Юбілейны.
Звычайна мы спачатку чалавека бачым, чуем, а ўжо потым даведваемся, што з ім было: з яго расказу. А тут мы павінны былі сустрэцца з жанчынай, загадзя ведаючы пра яе лёс, яе «гісторыю». I мы міжволі прыглядаліся да яе, быццам пазнавалі, — прыглядаліся да невысокай жанчыны са смуглявым худым тварам, што стрымана глядзела на нас, слухала, чаго гэта прыехалі да яе здалёку людзі. Красніца?.. Так, яна туды часта ездзіць, бывае там. Хоць сама даўно ўжо ў горадзе жыве, працуе на млынакамбінаце. Муж — слесар. Вунь і дачка ўжо вырасла, гэта яна там на кухні гучна, па-маладому, смяецца — з мужам сваім, такім жа маладым. У іх там свая размова, свае інтарэсы, а маці — калі гэта людзям патрэбна! — села перад нашым мікрафонам:
«…Калі немцы ацапілі дзярэўню, мама была на сенакосе, а мы — брат мой і тры сястры — дома. Недалёка ад нас была школа. Калі прыехалі, яны спачатку сталі біць гэтых, бежанцаў. Яны там жылі ў школе, некалькі сямей, і іх сталі страляць. А ў нас там побач жыў сусед, ён быў дома. Дык страляюць гэтых у школе, а пулі па дзярэўні так — фіў, слышна, як лятаюць. Я тады пайшла к яму:
— Ой, — гавару, — дзядзя, што-та дзелаецца, ці б'юць, ці што.
А ён:
— А, панікёрша! Хто цябе тут будзе біць!
Там яны пастралялі ў школе і пачалі хадзіць. Два немцы той сторанай вуліцы ідуць, а два — па гэтай. Па хатах: два туда і два сюда. Наша хата была трэцяя ці чацвёртая. Вот яны ў адзін дом зайшлі, было там закрыта, у другі зайшлі.