І тады сказаў Нконг:
— Калі не памыляюся, ты прасіў мяне зрабіць цябе непадобным на ўсіх астатніх жывёлін, а яшчэ, каб за табою ўвесь час ганяліся. І цяпер якраз пяць гадзін.
— Праўда, — сказаў Кенгуру. — Лепей бы я гэтага не прасіў! Я думаў, ты здзейсніш гэта чарамі і заклінаннямі, а так — гэта сапраўдны здзек.
— Здзек, кажаш?! — выгукнуў Нконг са сваёй ванны ў зарасніку сініх эўкаліптаў. — Паўтары адно, я свісну Сабаку Дынга — тады ты застанешся і без задніх лапаў!
— Не трэба! — сказаў Кенгуру. — Давядзецца мне папрасіць прабачэння. Што ж, лапы — як лапы, па-мойму, можна жыць і з такімі. Я проста хацеў напомніць Васпану, што ад самай раніцы нічога не еў і галодны як сабака.
— Во-во, — сказаў Дынга — Жоўты Сабака Дынга. — Гэта якраз пра мяне. Я зрабіў яго непадобным на ўсіх астатніх жывёлін, а што мне дадуць да гарбаты?
І тады Нконг прамовіў са сваёй ванны ў саляным азярцы:
— Прыходзьце заўтра — заўтра пагамонім! А цяпер мне трэба памыцца.
Так яны і засталіся ў самай сярэдзіне Аўстраліі, Стары Кенгуру і Жоўты Сабака Дынга, і кожны казаў адзін аднаму:
— Гэта ўсё ты!