І ён уважліва агледзеўся на ўсе бакі.
А Дарзі далей заліваўся:
— Нагайна прыйшла да рыштка, па якому сцякае вада, і паклікала Нага Нагайна да сябе, але прыбіральшчык узяў Нага на канец кія і выкінуў Нага на сметнік.
Слаўся ж, слаўся, вялікі чырванавокі герой Рыкі-Цікі…
І Дарзі зноў паўтарыў сваю пераможную песню.
— Дабрацца б мне да твайго гнязда, я выкінуў бы адтуль усіх птушанят! — закрычаў Рыкі-Цікі. — Хіба ты не ведаеш, што на ўсё свой час? Табе добра спяваць наверсе, а мне тут унізе ваяваць. Дык сціхні ж ты хоць на хвіліну.
— Добра! Я гатоў сціхнуць для цябе — для героя, для цудоўнага Рыкі! Што хоча Пераможца лютага Нага?
— Трэці раз у цябе пытаюся: дзе Нагайна?
— На сметніку яна, каля стайні, галосіць па Нагу яна… Вялікі белазубы Рыкі…
— Пакінь мае белыя зубы ў спакоі! Ці не ведаеш ты, дзе яна схавала яйкі?
— Каля самага беражка на градзе з дынямі, пад плотам, дзе сонца ўвесь дзень да захаду… Шмат тыдняў мінула з таго часу, як закапала яна гэтыя яйкі…
— І ты нават не падумаў сказаць мне пра гэта! Дык пад плотам каля самага беражка?
— Рыкі-Цікі не пойдзе ж глытаць гэтыя яйкі!
— Не, не глытаць, але… Дарзі, калі ў цябе асталося хоць каліва розуму, ляці зараз жа пад стайню і зрабі выгляд, нібы ў цябе перабіта крыло, і няхай Нагайна гоніцца за табой да гэтага куста, разумееш? Мне трэба падабрацца да грады, дзе дыні, і калі я пайду туды цяпер, яна заўважыць.
Розум у Дарзі быў птушыны. У яго маленечкай галоўцы ніколі не змяшчалася больш, як адна думка адразу. І з той прычыны, што ён ведаў, што дзеці Нагайны выводзяцца, як і яго птушаняты, з яек, яму здалося, што знішчыць іх не зусім далікатна. Але яго жонка была разумнейшая. Яна ведала, што кожнае яйка кобры — гэта тая ж кобра, і таму зараз жа вылецела з гнязда, а Дарзі пакінула дома: няхай грэе малых і гарлае свае песні пра пагібель Нага. Дарзі быў шмат у чым падобны на любога іншага мужчыну.
Прыляцеўшы на сметнік, яна пачала варушыцца за два крокі ад Нагайны і пры гэтым на ўвесь голас крычала:
— Вой, у мяне перабіта крыло! Хлопец, што жыве ў доме, кінуў у мяне камень і перабіў мне крыло!
І яна з яшчэ большым адчаем залопала крыламі.
Нагайна падняла галаву і засіпела:
— Гэта ты папярэдзіла Рыкі-Цікі, што я хачу ўкусіць яго? Дрэннае ж ты выбрала месца кульгаць!
І яна пасунулася па пыльнай зямлі да жонкі Дарзі.
— Хлопец перабіў яго каменем! — крычала жонка Дарзі.
— Добра, можа, табе будзе прыемна даведацца, што, калі ты памрэш, я разлічуся з гэтым хлопцам па-свойму. Сёння з самага ранку мой муж ляжыць на гэтым сметніку, але яшчэ да захаду хлопчык, што жыве ў доме, таксама будзе ляжаць вельмі ціха… Але куды ж ты? Ці не думаеш ты ўцячы? Усё роўна ад мяне нідзе не дзенешся! Дурная, паглядзі на мяне!
Але жонка Дарзі добра разумела, што якраз гэтага ёй і не трэба рабіць, бо варта толькі якой-небудзь птушцы глянуць змяі ў вочы, як на птушку са страху находзіць слупняк, і яна ўжо не можа паварушыцца.
Жонка Дарзі рванулася прэч, жаласна папіскваючы і бездапаможна лапочучы крыламі. Над зямлёй яна не ўзляцела ні разу, а Нагайна імчалася за ёй усе шпарчэй.
Рыкі-Цікі пачуў, што яны бягуць ад стайні па садовай дарожцы, і кінуўся да грады з дынямі, па той бок яе, што каля самага плота. Там у разапрэлай зямлі, якая пакрывала дыні, ён знайшоў дваццаць пяць змяіных яек, вельмі добра схаваных, — кожнае такой велічыні, як яйка бантамкі[4], — толькі замест шкарлупіны яны былі пакрыты белаватай скуркай.
— Яшчэ дзень, і было б позна! — сказаў Рыкі-Цікі, бо ён убачыў, што ўсярэдзіне ляжаць, скруціўшыся, маленькія кобры. Ён ведаў, што з той самай хвіліны, як яны вылупяцца з яек, кожная можа забіць чалавека або мангуста. Ён пачаў хутка-хутка надкусваць вяршкі яек, стараючыся зачапіць і галоўкі змеянят, і ў той жа час ён не забываўся капануць граду то там, то тут, каб не пакінуць якога-небудзь яйка незаўважаным.
Асталося ўсяго тры яйкі, і Рыкі-Цікі пачаў ужо хіхікаць ад радасці, калі жонка Дарзі крыкнула яму:
— Рыкі-Цікі! Я завяла Нагайну пад дом, і Нагайна папаўзла на веранду. О, хутчэй! Хутчэй! Яна надумала забойства!
Рыкі-Цікі надкусіў яшчэ два яйкі, а трэцяе ўзяў у зубы і памчаўся пад веранду. Тэдзі, яго маці і бацька сядзелі на верандзе за снеданнем. Але Рыкі-Цікі заўважыў, што яны нічога не елі. Яны сядзелі нерухома, як каменныя, і твары ў іх былі белыя. А па цыноўцы, каля самага крэсла Тэдзі, выгіналася кольцамі Нагайна. Яна падпаўзла так блізка, што магла ў любы момант уджаліць голую нагу Тэдзі. Пагойдваючыся ў розныя бакі, яна спявала пераможную песню.
[4] Бантамка — курыца дробнай пароды.