Уначы мне снілася, як ляцяць бясшумна на конях вершнікі. А наперадзе ўсіх — сам Чапаеў, а побач — Афанасій Міхайлавіч. Толькі ён вельмі малады. А бровы яшчэ чорныя, смаляныя, і на мяне падобны!
А вершнікі ўсё бліжэй. Але гэта ж я побач з Чапаевым! Ура!
Раніцай у школе мяне абступілі таварышы.
— Ну, як?
— Выдатны стары, — сказаў я. — І зусім не шкодны. Сёння пасля ўрокаў ён прыйдзе да нас. Рыхтуйцеся да сустрэчы.
— Малайчына, Валерый, — паціснуў мне руку Віцька Мелюх, — выдатна справіўся з даручэннем. А ў 6 “А” гаварылі, што ты разгільдзяй.
Я махнуў рукой. Што пра мяне добрага могуць сказаць у маім былым класе? Нічога, канешне.
Мішка Зайцаў стараўся не трапляць мне на вочы, а як толькі звінеў званок, ціхутка знікаў з класа першым.
Але пасля чацвёртага ўрока я яго ўсё-такі злавіў у калідоры і прыціснуў да сценкі.
— Трэба табе нешта прыдумаць, Мішка, — сказаў я заклапочана.
— А што такое? — спалохаўся Мішка.
— Стары ведае, што ты ў нашым класе вучышся. Я, кажа, з ім распраўлюся, з гэтым зладзюгам.
— А што мне рабіць?
— Сысці з апошняга ўрока, іншага выйсця няма.
— Добра, — сказаў Мішка. — Сыду.
І ён уцёк з апошняга ўрока, за што яму потым добра ўляцела.
Я не люблю, калі мяне хочуць абдурыць. Я сам каго заўгодна абдурыць магу. Вось так.
Галка выпрацоўвае характар
Афанасій Міхайлавіч прыйшоў да нас у госці, як і абяцаў, і распавёў столькі цікавага, што таварышы былі ў захапленні. А потым мы сталі хадзіць да яго па чарзе, дапамагалі па гаспадарцы. Мяне ён сустракаў як старога сябра: “Дзякуй табе, Валерый, з такімі добрымі хлопцамі і дзяўчаткамі пазнаёміў”.
Пасля таго як мой цяперашні клас узяў шэфства над чапаеўцам, мы адразу ж абышлі мой былы клас і ўпэўнена цалялі на першае месца ў школе.
Мае былыя аднакласнікі абураліся. Лёнька Аляксандраў гразіўся пабіць пакалаціць мяне. А найдабрэйшая Светка Нікіціна сказала, што такой подласці яна ад мяне не чакала.
Вось лухта атрымоўваецца, дзівіўся я. Самі са скуры вылузваліся, каб мяне паправіць і перарабіць, а тут, калі я перакаваўся, на мяне ж і накінуліся.
Толькі Галку Наважылаву гэта зусім не цікавіла. Кожную пераменку яна бегла ў раздзявальню і рылася ў кішэнях свайго паліто, шукала новы ліст і не знаходзіла. Таму што я не ведаў, пра што ёй пісаць.
Па-ранейшаму, хоць я і быў ужо ў іншым класе, да мяне прыходзіла Іра. Яна адчыняла дзверы і зазвычай пыталася6
— Як твая глаукома?
— Трохі коле, — вохаў я.
— Можа, выклікаць “хуткую”? — На Ірыных вуснах з’яўлялася ўсмешка.
— Ды не, не варта, — падумаўшы, гаварыў я.
І мы рагаталі, разгортвалі падручнікі і пачыналі займацца.
Іра вельмі многа ведала. Іншым разам мне здавалася, што яна ведае столькі, колькі нашы настаўнікі.