— Вельмі цікава, — пазяхнуў я. — І сёння ты туды?
— Ага, — сказаў Сёмка.
Я павярнуўся і пайшоў у клас.
Сёмка дагнаў мяне.
— Можа, і табе запісацца ў гурток?
— Не. Сцяпан Аляксандравіч не пусціць. Ды я і сам не хачу.
Увечары я зноў быў на Гарохавай вуліцы. Прайшоў адзін раз міма ліхтара, другі раз. Гарох не з’яўляўся. Зірнуў на вокны яго кватэры — свецяцца. Можа, Гарох дома?
Тады я ўспомніў, як выклікалі Гароха яго прыяцелі. Я заклаў два пальцы ў рот і свіснуў.
У тую ж хвіліну лахматая галава Гароха паказалася ў акне. Ён нешта жаваў.
Я памахаў яму рукой.
— А, гэта ты! — крыкнуў Гарох. — Зараз спушчуся.
— Я згодны, — сказаў я, калі Гарох падбег да мяне.
— Малайчына, Валерка, — ад радасці заззяў Гарох. — Дай пяць.
Мы паціснулі адно аднаму рукі.
— Цягнік ідзе ў 8.30, - сказаў Гарох. — Не праспіш?
— Не.
— Будзь здаровы. Паесці захапі з сабой. Зразумеў?
Залаты дзянёк
— А навошта партфель узяў? — спытаў мяне Гарох на вакзале. — На сёння ўрокі адмяняюцца.
— Проста так, — я памахаў партфелем. — Каб мама не заўважыла, ёй сёння ў другую змену.
— Канспірацыя, — зарагатаў Гарох. — Не дрэйф, крыгаход варты таго, каб школу прапусціць. Адвячоркам вернешся, маці нічога і не даведаецца.
Грошай на білет нам хапіла толькі “туды”.
— Назад “зайцамі” паедзем, — не журыўся Гарох. — Умееш “зайцам” ездзіць?
— Усею, — схлусіў я.
У тралейбусе я катаўся іншым разам бясплатна, а ў цягніках яшчэ не выпадала.
Вагон аказаўся вельмі старэнькі, усё ў ім бразгала і стукала.
У Гароха быў выдатны настрой. Ён мурлыкаў “Чорнага ката” і раз-пораз пазіраў у акно.
— Паглядзі, дзянёк жа які, а? Залаты дзянёк… — проста не дзянёк, а ўваскрэсенне!
Мяне таксама захапіла наша паездка.
Я забыў, што павінен зараз сядзець у школе і слухаць тлумачэнні настаўнікаў. Я глытаў паветра, як газіраваную ваду, і ў мяне казытала ў носе. А Гарох гаварыў незмаўкальна: