Я агледзеўся па баках.
— Не бойся, — зарагатаў Гарох.
— Я не баюся, — спакойна адказаў я.
— Давай пагаворым, — прапанаваў Гарох. — Хвацка вы тады з гэтымі ракетамі наладзілі. Мы моцна здрэйфілі.
У мяне ў галаве ўвесь час круцілася думка: чаго ён ад мяне хоча? Мы ніколі з ім не сябравалі і, мабыць, не будзем сябраваць. Гарох быў на два гады старэйшы за мяне, вучыўся ў восьмым класе. Канешне, ён і яго хлопцы нам з Сёмкам па-сапраўднаму дапамаглі. Каб не яны, Марат са сваімі сябрукамі гожа б намяў нам бакі. Еле які Гарох чалавек, я так і не ведаў. Мне здавалася, што ў любую хвіліну ён можа зноў стаць нашым ворагам.
— Я з акна цябе заўважыў, - усміхаўся Гарох. — Гляджу, чалавек ходзіць адзін, сумуе, дай, думаю, развесялю яго.
Я маўчаў. Я глядзеў на яго і маўчаў. Ён таксама сцішыўся.
— Валерка, — раптам сказаў ён, — ты бачыў калі-небудзь крыгаход?
— Бачыў, - нехаця адказаў я. — У кіно.
— У кіно я і слана бачыў, - пагардліва фыркнуў Гарох. — А сапраўдны крыгаход, калі крыгі адна на адну лезуць і такі шум і трэс стаіць…
— Не, не бачыў, - сказаў я.
Гарох мяне сёння здзіўляў. Я ніколі не бумаў, што ён можа захоплена пра што-небудзь гаварыць.
— Дык паехалі паглядзім. Заўтра раніцай, — насядаў на мяне Гарох.
— Мне ж у школу, — нерашуча прамармытаў я.
— Адзін дзень і прапусціць можна, — не адставаў Гарох. — Ну? Ну, рашайся.
Я пахітаў галавой.
— Не, не магу. Бывай.
— Не думаў, што ты такі мамчын сынок, — крыкнуў мне наўздагон Гарох.
— Ладна, пагавары, — не абарочваючыся, прабурчаў я.
Уначы мне снілася, як плылі па рацэ крыгі, як яны лезлі адна на адну, і такі шум і трэск раздаваўся, што я прачнуўся. За акном надрываўся бульдозер. Ён разраўноўваў пляцоўку — насупраць нас збіраліся будаваць новы дом.
У класе скакалі сонечныя зайчыкі, і ўсе таварышы глядзелі ў вокны. А на пераменах класы пусцелі — нават зубрылы выбегалі на двор.
Вакол Іры на кожнай перамене збіраліся дзяўчаткі:
— А што далей?
— Яму так доўга пляскалі, закідалі ўсяго кветкамі…
— Гэтага тоўстага, з бакенбардамі? — мімаходзь спытаў я.
- І зусім ён не тоўсты, — пакрыўдзілася Іра. — Адкуль ты гэта ўзяў.
— Ладна, — адмахнуліся ад мяне дзяўчаткі. — Што ён яшчэ праспяваў?
Я скіраваў да Сёмкі.
— А якія ў цябе ўражанні?
— Ты ведаеш, — Сёмка радасна закруціў галавой. Падчас мне здавалася, што ў парыве ўзрушэння ён можа павярнуць галаву на 360 градусаў. — Ты ведаеш, званок, які звініць у нашай школе, зрабілі самі вучні. званок злучаны з гадзіннікам, і як толькі час падыходзіць да пераменкі ці ўрока, раздаецца — дзынь! І ўсё аўтаматычна. Яму ўжо дзесяць гадоў, гэтаму званку, і ён яшчэ ні разу не ламаўся.