Да Полацка дамкнула толькі 5 тысяч маскоўцаў, «і то параненых».
Рэшта на шмат кіламетраў уздоўж Вулы лягла на снег, некалькі тысяч утапіліся ў ледзяной рачной вадзе. Невялікая частка трапіла ў палон. Пад сякерай мясцовага селяніна скончыў жыццё сам няўдаліца Шуйскі. Паводле іншых звестак, яго знайшлі з прабітай стралою галавой у калодзежы. Засталіся на пабаявішчы Шарамеццевы, Празароўскі ды іншыя маскоўскія ваяводы, князі, вяльможныя баяры. Імёнаў жа простых ратнікаў ніхто і не ўспамінаў. Яшчэ праз 20 гадоў пасля бітвы падарожнікі бачылі пад Іванскам мноства касцей палеглых маскоўцаў.
З беларускага ж боку, як сведчыла данясенне нашых гетманаў, загінула не больш як 20 ваяроў! Параненых было каля 700. У руках пераможцаў апынуўся і ўвесь велізарны абоз праціўніка, артылерыя, мноства коней.
Такім вось славутым чынам было цалкам скончана з полацкай групоўкай царскіх войскаў. Заставалася смаленская, значна болыпая, якую вёў князь Пётр Абаленскі-Сярэбраны.
Невялікую частку свайго войска Мікалай Радзівіл накіраваў пад Воршу. Яе ўзначалілі аршанскі стараста Філон Кміта-Чарнабыльскі і амсціслаўскі ваявода Юрай Осцік. Каб не выпрабоўваць лёсу, Кміта-Чарнабыльскі намерыўся выкарыстаць новую хітрасць.
Ён накіраваў у Дуброўну ганцоў з весткамі аб перамозе на Іван-полі. Шлях наўмысна быў выбраны праз занятую праціўнікам тэрыторыю.
Ганцы адпаведна трапілі ў рукі маскоўцам, і тыя даведаліся, што злучацца ўжо няма з кім, што войска Шуйскага разбітае. Пачалася паніка. А тут паказаўся аддзел беларускіх вершнікаў… Захопнікі падумалі, што гэта падыходзіць Радзівіл з усёй сваёй сілай. I войска Абаленскага-Сярэбранага кінула абоз з 25 тысяч вазоў, тысячы коней, баявы рыштунак ды спехам пачало адступаць да Смаленска.
Неўзабаве Вільня ўрачыста вітала пераможцу Мікалая Радзівіла, які ўехаў у сталіцу на кані Шуйскага. Цела ж самога царскага ваяводы з усімі хрысціянскімі пашанотамі было пахаванае ў віленскай царкве Багародзіцы. Па-людску абышліся і з палоннымі. Вяльможных трымалі ў замках, простых за харч і апратку выкарыстоўвалі на розных работах. Тыя ж з баяраў, хто згадзіўся на службу Вялікаму Княству, атрымалі зямельныя надзелы.
Калі весткі пра няўдачы маскоўцаў у Беларусі дайшлі да Івана Жахлівага, ён тым часам баляваў. Цар раз'юшыўся і з сваімі п'янымі застольнікамі выразаў у крамлёўскіх сутарэннях больш за сотню палонных палачанаў.
Бітва на Іван-полі (часта яе называюць таксама бітвай на Вуле) была нашай першай вялікай перамогай над сціжмамі маскоўскага цара ў Інфлянцкай (Лівонскай) вайне. Яна перакрэсліла планы маскоўцаў на паход у цэнтральныя землі Вялікага Княства, стала натхняльным прыкладам у далейшых нялёгкіх змаганнях. Ажно пакуль шабля Сцяпана Батуры не ўціхамірыла ўсходняга драпежніка.
Бітва за Полацк
Полацак знаходзіўся ў руках маскоўскага цара Івана Жахлівага болып за шаснаццаць гадоў — ад 1563 да 1579 года. Нашу старажытную сталіцу маскоўцы зрабілі стратэгічным цэнтрам сваіх планаў заваёвы Беларусі. Вынішчыўшы або вывеўшы ў палон значную частку палачан, акупанты асадзілі ў горадзе моцны гарнізон. Стральцы атабарыліся тут нават з сем'ямі, абнавілі ўмацаванні, разбудавалі новыя. Яны мелі шматлікую артылерыю, вялікія запасы пораху і харчоў.
Вайна гэтая была для Беларусі надзвычай спусташальнай. Паводле словаў віленскага ваяводы Мікалая Радзівіла, «вораг быў на нашым хрыбце». Ён руйнаваў гарады, паліў вёскі, забіваў нявінных людзей, выганяў на чужыну. Справіцца з ім нашаму войску аднаму было вельмі цяжка. Таму давялося прасіць дапамогі ў палякаў.
Умовы, прапанаваныя Полыпчай, былі для нас вельмі нявыгадныя. Але, каб уратаваць сваю краіну ад паняволення чужынцамі, нашы прадзеды змушаныя былі пагадзіцца на іх. I вось у 1569 годзе ў польскім горадзе Любліне было падпісанае пагадненне аб вуніі (аб'яднанні) Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства. Гэтае аб'яднанне называлася Рэч Паспалітая Абодвух Народаў.
На жаль, спадзяванні на вунію не спраўджваліся. Палякі не спяшаліся на дапамогу. Па-ранейшаму Беларусь, высільваючыся, змагалася з маскоўскай навалай практычна ў адзіноце. Становішча карэнна змянілася пасля таго, як у 1576 годзе нашым вялікім князем і польскім каралём стаў таленавіты палітык і военачальнік Сцяпан Батура. Ён урачыста паабяцаў вярнуць усе захопленыя ворагам землі.
Першы вызваленчы паход пастанавілі павесці на Полацак. Частка магнацтва схілялася да таго, каб засяродзіцца на вайне ў Інфлянтах. Але менавіта гэтага і чакаў Іван Жахлівы, сцягнуўшы болыпасць войскаў у Пскоў. Да таго ж Прыбалтыка была ўжо нагэтулькі спустошаная, што не магла пракарміць вялікае войска. Кароль настояў на полацкім кірунку, бо гэта было б нечаканасцю для цара. Акрамя таго, Полацак быў ключом да ўсяго Падзвіння, і яго вызваленне вельмі аслабіла б пазіцыі маскоўцаў у Латвіі і Эстоніі.
Улетку 1579 года саракатысячнае войска сабралася ў Свіры на Мядзельшчыне. Гэта была найлепшая пяхота і конніца нашай краіны, а таксама П олыпчы. Былі там і вопытныя ваяры-найміты з Вугоршчыны і Нямеччыны, некалькі тысяч украінскіх казакоў. Болыпасць збройнай моцы Сцяпана Батуры складалі беларусы, бо менавіта наша радзіма знаходзілася тады ў небяспецы. Дзеля яе выратавання рваліся нашыя прадзеды на бітву.
У Свіры былі зроблены агледзіны аб'яднанага войска. Тут гаспадар (так называлі нашага вялікага князя) заклікаў сваіх жаўнераў ахвяравацца дзеля вызвалення Айчыны. Звярнуўся ён і да насельніцтва земляў, куды кіраваў сваё войска. Тлумачыў, што падымае меч на цара маскоўскага, а не на мірных людзей.
Жадае перамогі, а не разбурэння і бескарыснага праліцця крыві. I сваё слова стрымаў. Нават расейскія гісторыкі прызнавалі пазней, што не было ніколі вайны такой літасцівай да земляробаў і гараджан, як гэтая Батурава.
З Свіры доўгія калоны пяхотнікаў, харугвы кавалерыі, артылерыя, абозы, аточаныя лёгкімі заслонамі вершнікаў, рушылі на ўсход. Ішлі тым старадаўнім полацкім шляхам, па якім хадзіў некалі на Маскву вялікі князь Альгерд. Адначасова, апераджаючы войска, паімчаў ганец з лістом да Івана Жахлівага. У гэтым лісце Сцяпан Батура па-рыцарску папярэджваў непрыяцеля аб пачатку ваенных дзеянняў.
Паход выдаўся цяжкім. Ішлі безупынныя дажджы, і гліністыя дарогі Полаччыны раскіслі. Грузлі абозы, гарматы, коні. Толькі 4 жніўня перадавыя загоны падышлі да старадаўняй сталіцы. Затым падцягнуліся асноўныя сілы, і пачалася аблога.
Задача здабыць Полацак была нялёгкая. Перад нашым войскам знаходзіўся горад, спрадвеку славуты сваімі ўмацаваннямі. Аснову абароны складалі замкі на стромкіх берагах, абкружаныя Дзвіной і Палатой. Яны былі ўмацаваныя высокімі насыпанымі валамі, драўлянымі сценамі і шматлікімі вежамі. Драўляныя ўмацаванні па нізе былі абкладзеныя дзёрнам, каб засцерагчы ад падпалу. Там, дзе не было ракі, замкі абкружалі глыбокія равы з вадой. Дый гарнізон быў немалы: налічваў 6 тысяч маскоўцаў. Да таго ж і ў іншых мясцінах Полаччыны знаходзілася некалькі моцных маскоўскіх цвердзяў з вялікімі гарнізонамі. У адным толькі Сокале, што ляжаў на паўночны захад ад Полацка, было каля 6 тысяч стральцоў.
Як толькі замкнуўся фронт аблогі Полацка, наша артылерыя пачала абстрэл горада. Маскоўцы не вытрымалі, падпалілі шчыльную драўляную забудову і адступілі ў замкі, прысягаючы сабе трымацца да канца. А каб адрэзаць шляхі да перамоваў, ваяводы загадалі забіць некалькі палонных беларусаў. Трупы іх прывязалі да бёрнаў і ўкінулі ў Дзвіну на вочы батураўцаў.
Здавалася, што маскоўцам спрыяла само неба. Бо дзень пры дні ліў дождж. Абарончыя равы перапоўніліся вадой. А драўляныя сцены і вежы так намоклі, што іх нельга было падпаліць нават нагрэтымі да чырвані ядрамі. Такое працягвалася блізу трох тыдняў.
Маскоўскі цар, баючыся за сваё жыццё, болыпасць войскаў трымаў пры сабе ў Пскове. Але некалькі тысяч усё ж паслаў на дапамогу. Аднак тыя не змаглі прабіцца да Полацка, бо шлях ім заступіў Мікалай Радзівіл Руды. Ды зацягваць аблогу было небяспечна — вораг мог апамятацца.