Былі моманты, калі здавалася, што перамагаюць ваяўнічыя тэўтонцы. Аднак нарэшце пад націскам нашых ваяроў на пабаявішчы адбыўся пералом. Крыжакам не дапамаглі нават рэзервовыя харугвы. Амаль усе яны былі абкружаныя і знішчаныя. Частка крыжакоў спрабавала ўратавацца ва ўмацаваным вазамі лагеры. Але тут іх дастала пяхота, складзеная з польскіх і беларускіх сялян, узброеных лукамі і сякерамі.
Сяляне рыцараў у палон не бралі, бо па завядзёнцы таго часу не мелі права атрымоўваць за іх выкуп.
Тагачасныя гісторыкі і храністы адзначалі выдатную ролю ў бітве нашага вялікага князя. Вітаўт, мяняючы загнаных коней, без целаахоўнікаў, толькі з некалькімі набліжанымі, парадкаваў свае шыхты. Ён кіраваў іх на найбольш небяспечныя ўчасткі, натхняў да змагання, але паспяваў на дапамогу і польскім аддзелам.
Трэба аддаць належнае і тэўтонцам. Мала хто з іх кінуўся наўцёкі або прасіў літасці. Секліся апантана, лічачы за лепшае страціць жыццё, чым рыцарскі гонар. 3 сямі сотняў манахаў-тэўтонцаў жывых засталося толькі пятнаццаць. Палегла большасць военачальнікаў. Сам Юнгінген, змагаючыся нароўні з усімі, быў працяты дзідай нашага ваяра, імя якога засталося невядомым.
Крыху пазней вялікі змагар за свабоду чэшскага народа Ян Гус пісаў:
«Весткі пра перамогу і годны хвалы мір такую радасць прынеслі майму сэрцу, што ні пяром апісаць, ні словам сваім выказаць як мае быць не здолею. Дзе ж іх мячы, закутыя коні, людзі ў панцырах, на якіх сладзяваліся? Дзе незлічоныя грошы ці скарбы? Сапраўды, усё страчана».
I раней крыжакі часам цярпелі скрышальныя паразы. Але яны заўсёды знаходзілі сілы акрыяць ад няўдачы і працягвалі экспансію. I менавіта да лета 1410 года Тэўтонскі ордэн дасягнуў найболынай магутнасці — яму, разам з хаўрусным Лівонскім ордэнам, належала ўсё ўзбярэжжа Балтыкі ад польскага П амор'я да Фінскай затокі на поўначы. Але Грунвальдская бітва аб'яднанымі намаганнямі перш за ўсё славянскіх народаў паклала канец германскаму націску на ўсход. Паводле мірнай дамовы 1411 года Ордэн траціў частку польскіх земляў і выплочваў вялізную кантрыбуцыю. Да Вялікага Княства вярталася Жамойць. Праз паўстагоддзя крыжакі вымушаныя былі прызнаць вяршэнства польскага караля, а ў сярэдзіне наступнага, шаснаццатага, стагоддзя пад уладную руку Вільні папрасіліся і землі Лівонскага ордэна.
Бітва пад Клецкам
Пад канец пятнаццатага стагоддзя Вялікае Княства Маскоўскае, якое да гэтага было ўлусам, гэта значыць часткаю Залатой Арды, пазбавілася татара-мангольскага прыгнёту. I пачало супернічаць за панаванне ва Усходняй Еўропе.
У папярэднія стагоддзі тут сваю волю дыктавала наша гаспадарства — Вялікае Княства Літоўскае. Яно распасціралася ад Балтыкі да Прычарнамор'я, падступала да волжскіх берагоў. Яно рабіла паходы на самую Маскву. Яно прызначала сваіх стаўленікаў у Пскоў і Ноўгарад.
Цяпер жа сітуацыя змянілася. Хаўрус з Польшчай спрычыніўся да таго, што наша дзяржава пачала губляць нутраную моц. Уеходняя ж суседка, пераняўшы сістэму ўлады ў сваіх былых азійскіх прыгнятальнікаў, умацоўвалася і пашырала сваю тэрыторыю. Маскоўскі к н я з ь Іван III правёў гэтым часам вайсковую рэформу. Ён павялічыў памеры свайго войска да 100 тысяч чалавек. Гэтакай вялізнай арміі не было тады ні ў кога ў Еўропе.
Да маскоўскай пагрозы з усходу далучылася і крымскататарекая з поўдня. Асабліва калі ханы ў 1480 годзе ўчынілі з Іванам III вайсковае пагадненне.
Крымскае ханства, якое займала сам паўвостраў Крым і прылеглыя стэпы Прычарнамор'я, узнікла на руінах былой Залатой Арды. Яно пачало асабліва ўмацоўвацца ў другой палове пятнаццатага стагоддзя, калі стала залежным ад Турэцкай імперыі. Ад яе татары атрымоўвалі матэрыяльную і збройную дапамогу.
Жывучы непадалёку ад багатых земляробчых абшараў, прылеглых да Дняпра і Дуная, татары галоўным сваім заняткам зрабілі рабаўніцкія паходы. Яны захоплівалі плён працы мірных людзей, а таксама палонных, якіх прадавалі ў рабства. Спачатку нападалі на Украіну. А спустошыўшы Сярэдняе Падняпроўе, у канцы стагоддзя накіравалі хцівыя позіркі на поўнач Палесся. Там мясцовы люд ужо больш чым два стагоддзі не ведаў чужацкай навалы.
У 1497 годзе татары ўпершыню ўварваліся ў Беларусь і зруйнавалі Мазыршчыну. Ад гэтага часу і ажно да 1527 года яны зрабілі 12 буйных і драбнейшых наездаў на нашу зямлю.
Звычайна татары пачыналі паход у канцы лета — пачатку восені, калі ўжо быў сабраны ўраджай. Іх загоны, што налічвалі ад сотняў да некалькіх тысяч лёгкаўзброеных вершнікаў, рухаліся водападзеламі. Такі шлях быў зручны тым, што не трэба было пераплываць рэкі. Дасягнуўшы пэўнага месца, яны станавіліся лагерам — кошам. А пасля рассыпаліся на меншыя загоны, спусташалі блізкае і далёкае наваколле. У Крым вярталіся абцяжараныя здабычай, ведучы палон-ясыр, гонячы захопленую жывёлу. Напады рабілі імкліва і на нечаканых кірунках, каб нашыя людзі не паспелі арганізавацца і даць адпор. Найболып цярпелі ад рабаўнікоў вёскі і мястэчкі. Гарады ж звычайна вытрымлівалі аблогі і прыступы стэпавікоў. Бо тыя не любілі дый не ўмелі штурмаваць сцены і вежы.
Найболыпая пагроза для краіны была тады, калі паходы татараў супадалі з нашэсцем маскоўскіх войскаў.
Калі ж нашыя продкі паспявалі сабрацца і збройна выступіць супраць стэпавых драпежнікаў, яны білі іх нават у чыстым полі. Знішчалі іхныя кашы, вызвалялі людзей, узятых у палон. Болыныя або меншыя паразы цярпела ў сярэднім кожнае другое татарскае ўварванне ў Беларусь. Асабліва паказальным быў 1506 год.
У сярэдзіне лета сыны крымскага хана «царэвічы» Біці і Бурнаш з шматтысячнай конніцай уварваліся на поўдзень Беларусі. Было іх каля 20 тысяч. Затым, падзяліўшыся на загоны, пачалі спусташаць край. Якраз тады вялікі князь Аляксандр Казіміравіч сабраў сойм магнатаў і шляхты ў Лідзе. У часе паседжання сойму і прыйшлі трывожныя весткі. А татары былі ўжо каля Наваградка, некаторыя нават пераправіліся на правы бераг Нёмана. Аляксандр, спаралізаваны цяжкой хваробай, не мог узначаліць адпор. Паклікаўшы да сябе паноў-раду, ён усклаў гэтыя абавязкі на гетмана Станіслава Кішку. Сябе ж загадаў занесці на насілках у Вільню пад абарону нядаўна абноўленых муроў.
А час вымагаў актыўных дзеянняў. Крымчакі ўжо рассыпаліся па Лідчыне і, як пісаў летапісец, «ваявалі цэрквы божыя, і двары вялікія, і весі зажыгалі, і людзей імалі і забівалі». Паслы ў сойм, а таксама баярства-шляхта з блізкага і далёкага наваколля дый усе, хто мог валодаць шабляй, сабраліся разам.
«I мала ці многа — усе як адзін адну раду і ўмысл палажылі: узяўшы Бога на помач, толькі пайсці і біцца з імі».
Некалькі лепшых рыцараў адразу ж выправіліся на выведку. Татараў сустрэлі непадалёку Ліды. I ў кароткай сутычцы разбілі іх. Нашы ваяры з палоннымі і адсечанымі па тагачаснай завядзёнцы галовамі ў торбах вярнуліся ў горад. Першы поспех акрыліў войска, і яно конна рушыла да Наваградка. Тут запыніліся на тры дні, збіраючы падмогу з замкаў і баярскіх двароў. Акрамя таго неабходна было даведацца, дзе залеглі кошам асноўныя татарскія сілы. Дзе яны звілі сваё разбойніцкае гняздо? Лёгкія загоны вершнікаў разгарнуліся па ўзгорыстай Наваградчыне і пад Гарадзішчам, што ў кірунку Баранавічаў. Баяры Юрай і Андрэй Неміровічы з сваімі людзьмі захапілі шасцёх палонных. Тыя доўга не трымалі таямніцы: сыны хана з галоўным войскам стаяць пад Клецкам, а шмат якія загоны яшчэ не вярнуліся ў кош.
Адслухаўшы малебны ў праваслаўных і каталіцкіх бажніцах горада, 4 жніўня 1506 года перад самым змярканнем войска выправілася з-пад сцен Наваградскага замка. Цяпер яго набралася ўжо да 10 тысяч вершнікаў.