— Жыве сваім жыццём, — матляе Каміла, трымаючы за хвост, голы шкілет стронгі. — З Дартаньянам.
— З кім? — упершыню з цікаўнасцю перапытвае Марта.
— З сабакам. Зоя Паўлаўна жыве ў кватэры Лідзіі Паўлаўны і даглядае яе сабаку Дартаньяна, бо Лідзія Паўлаўна прапала.
Мне ўспамінаецца размова са следчым — і я не разумею Камілу.
— Як прапала?..
Каміла адрывае ад шкілета стронгі залаціста-засмажаны хвост — гэта для яе ласунак.
— Зусім. І нідзе Лідзіі Паўлаўны няма, і ніхто яе знайсці не можа. Лі-Лі табе не сказала?..
Я азіраюся ў бок мангалу, але за столікам, дзе толькі што сядзелі Лі-Лі з Полем, адзінокі Поль. Лі-Лі пайшла, нешта прыдумала, прапала, і ніхто з маіх — а ўсе ж бачылі, як пайшла Лі-Лі і прапала — мне пра гэта не сказаў. Сямейка ў мяне — такая не ў кожнага бусурманіна...
Лі-Лі пазваніла пад ноч.
— Табе нават не цікава, куды я падзелася?
— Ты ў адных людзей?
— Я ў адных людзей.
І паклала трубку.
Я ўжо і не ведаю, ці хачу я ведаць, куды ты кожным разам падзяваешся, Лі-Лі.
Начаваць яна не прыйшла.
Раніцай пазваніў Крабіч і, ні за што не прабачаючыся, сказаў, што яго пасадзяць за спробу наўмыснага забойства, калі Росцік не забярэ заяву з міліцыі. Я купіў бананы і пайшоў да Росціка. Росцік папраўляўся, рукі падымаў, так што заяву мог і напісаць.
На тумбачцы каля ложка Росціка ляжалі бананы. Да яго прыходзіла Лі-Лі.
— Я жыд, а не малпа, — паморшчыўся на прынесены мной пакунак Росцік. — Вы што мне адны бананы цягаеце?..
— А ты б чаго хацеў?
— Бабу.
— Ромавую?
— Раманаву. Хоць адну адшкадуй, у цябе лішнія...
— А ў цябе з аналізамі як?
— Сексу недабор. З праламанай патыліцай страсць скразная...
Ён, канечне, за Лі-Лі заступіўся, яна яму пажалілася, яны з Лі-Лі жаляцца адно аднаму, але я зрабіў выгляд, што не зразумеў, і сказаў Росціку пра Крабіча.
— Лі-Лі ўчора была... — усё яшчэ нечага ад мяне чакаючы, цягнуў сваё Росцік і, нічога не дачаўшыся, спытаў:
— Ты маленькіх бабулек на вуліцы забіваеш?
Я адказаў, што на вуліцы не забіваю.
Росціка нібы зацікавіла тое, чаму я іх не забіваю, ён нават у вочы мне глыбей зазірнуць паспрабаваў, каб вызнаць:
— А чым ты мяркуешся, не забіваючы маленькіх бабулек?