— Як зняць?..
— Каб замыць...
На расчараванне Роберта — ды й маё — Ніна хуценька зашпільваецца.
— Толькі і не была, што голая ў рэстаране...
Марта падае ёй сурвэтку.
— Чакайце, — спыняе Ніну Роберт. — Так размажацца...
Роберт бярэ нож і нажом, другой рукой нацягваючы блузку, збірае з Нініных грудзей перламутравыя пырскі. Збірае і злізвае з нажа... Рухі ў Роберта павольныя, плаўныя — Ніна сядзіць знерухомленая.
Душка...
— І бабку з’еў, і мачанкі лізнуў, — высмоктвае мазгі з галавы стронгі, колькі ў рыбінай галаве тых мазгоў ёсць, Каміла. — Спрытны, у татку... Як ты, мама?
— Пайду я... — ніякавата глядзіць на ўсіх Ніна. — Не сядзець жа так...
— Гарэлкай трэба, каб плямы не засталіся, — цягнецца да бутэлькі Роберт, выпрабоўваючы цярпенне немкі ў строгім белым касцюме:
— Ты ж не будзеш Ніну Данілаўну гарэлкай паліваць?
Роберт налівае кілішак.
— Тады вып’ю... Вып’ем, бацька?
Я ўсё яшчэ трымаю шампанскае.
— Вып’ем... Я люблю ўсіх вас... Я кахаю і цябе, Ніна, і цябе, Марта... Гэтаксама, як раней, як некалі, нішто і нікуды не падзелася... Вы скажаце, што так не бывае, але так бывае. Са мной ва ўсякім разе... І яшчэ я кахаю Лі-Лі.
— І маці Лі-Лі, — здзірае скуру са стронгі Каміла.
— І маці Лі-Лі... Каму ад гэтага кепска?
— Каму?.. — ва ўсіх пытае Каміла.
— Ну, ты даеш... — падымае кілішак Роберт. — За тваё здароўе!..
Як ні дзіўна, на гэты раз нават Марта не спрабуе спыніць Роберта, здароўе маё і для яе нешта значыць — і мы ўсе разам выпіваем. У мяне пашчымлівае ў горле — і зусім не ад шампанскага.
— Здароўе ў цябе зайздроснае... — па-нямецку проста прызнае Марта, гледзячы міма мяне, мусібыць, на Лі-Лі. — На пятым дзесятку...
— Мог бы і паразумнець, — дагаворвае Ніна, і Марта ківае:
— Я тое самае сказаць хацела.
— Зусім не тое!.. — пярэчыць Роберт. — Гэта змова, дзеці супраць!.. — І Каміла тут жа пярэчыць Роберту:
— Я не супраць, мог бы паразумнець.
Роберт захмялеў пасля другога кілішка — і згодны быць дзіцём... Неяк бы да яго падступіцца і пра Поля пагаварыць... Ці не лезці, што з гэтым зробіш?.. Ды блазнерыць ён хутчэй за ўсё, гуляецца!.. Гульні ў іх цяпер такія...
Займеўшы падтрымку большасці, Ніна смялее. Так і раней было, з падтрымкай яна заўсёды смялела, я на ўсіх яе канцэртах стаяў за бліжняй кулісай, каб яна хоць краем вока мяне бачыла.
— Як табе ўдаецца не помніць, Раман, што ў кожнага з нас сваё жыццё?.. — І, зусім асмялеўшы, Ніна пытае:
— А дзе маці Лі-Лі?