“І ты згадзіўся?”
Фелікс побач сядае, руку мне за шыю завёўшы, абняўшы...
“Мне пашпарт вяртаюць — і ад цябе адчапляюцца. Назусім. Я гатовы згадзіцца”.
“Падпісацца?..”
Фелікс крыўдзіцца шчыра:
“Ты што!..”
Я нічога. Падпісацца можна і без подпісу. Узяў, што даюць — і тым самым падпісаўся.
Мне студыю пры рэжымным заводзе не прапаноўваюць.
“А як жа Амерыка? Усе ў Амерыку, а ты адтуль?”
“Дзе праца, Раман, там і Амерыка”.
“І ты будзеш бомбу для іх ляпіць?.. Для тых, хто пятлю табе на шыі зацягваў, ад каго ты ледзь вырваўся пасля Чарнобыля?”
Феліксу — як па мордзе, што я пра гэта пытаюся, і ён мог бы абараніцца, спытаць насустрач: а як тады адсюль нам вырвацца? — і мог сказаць, што з-за гэтага і згадзіўся, бо, калі не з прэзідэнтам, дык з некім трэба дамаўляцца? — але ён паўтарае, нічога іншага не прыдумаўшы, бо адно ў яго ў галаве:
“Работа, Раман... У Амерыцы ў мяне такой няма”.
“І ў Германіі не знайшлося?”
А гэта яму — як пад дых. Бо ён і прыстойным выглядаць хацеў — і шанс не ўпусціць: безгаспадарную славу Рутнянскага прыхапаць!.. Гэта і ёсць гульня ягоная, дзеля якой ён прыехаў — мне адкрылася!.. Там яго падціскаюць, там ён шарагавік, адзін з многіх, амаль ніхто, а яго фанабэрыя душыць, як мяне клаўстрафобія здушвае.
Вось як Панок дапамог.
“Мы ўсё зробім, каб ён застаўся — да вас дайшло?..”
Цяпер дайшло. Як дайшло і тое, што Панок — падпалкоўнік не па стукачах, у яго іншы профіль: са мной ён толькі з-за Фелікса гуляўся. Ад пачатку да канца пралічыла ўсё кантора — і нават прэзідэнт з Шыгуцкім, якім засвярбела грошы за бомбу хапнуць, пралічаныя былі. У той канторы, якая — сапраўдная ўлада гэтай...
“Пра што ты, Раман? — прадыхвае ўдар Фелікс. — Нешта ты не пра тое... Я гатовы згадзіцца, калі ты згодны”.
“Калі я згодны?..”
Фелікс азіраецца, нібы ў душагубцы гэтай ёсць яшчэ нехта:
“А хто?”
Ён нарэшце перастае мяне выціраць і хавае сваю акуратную насоўку — я здолеў дастаць скамечаную сваю.
“Ты прыйшоў спытаць, ці згодны я, каб ты згадзіўся?”
“Ну так... А як інакш?.. Я ім сказаў, што толькі з гэтай умовай, таму і прывялі. Мы разам, тут маральны момант...”
Ён ненавісны мне, гэты Фелікс... Ён мне ненавісны, бо толькі што я ўсё разумеў — і ён тым больш мне ненавісны...
“І калі скажу, што не...”
“Тады так робім, як адразу збіраліся... Друкуем і чакаем, што са скандалу выйдзе”.
Ён тым больш ненавісны, чым больш прыстойны... Занадта, залішне прыстойны, хоць і фанабэрысты. З Нобелем у галаве, калі за бомбы прэміі даюць: далі ж бандыту нейкаму за барацьбу за мір.
Толькі Фелікс не ведае, што друкаваць няма чаго. Усё ў Шыгуцкага, які пакуль пра гэта таксама не ведае, але праз дзень-другі здагадаецца.