Такога я не магу ўспомніць...
“Нічога столькі не каштуе, як жыць... Дык чым і як разлічыцца?”
Фелікс глядзіць на мяне пакутліва:
“Спраўдзіць тое, для чаго зратаваны”.
Я не ведаю, для чаго зратаваны, а ён, значыць, ведае...
Калі я ў Лі-Лі пытаўся: “Як ты думаеш, для чаго Фелікс прыехаў?” — дык на ўвазе меў, што развітанне з Ігарам Львовічам — толькі прычына, і ў Фелікса, як і ў Лі-Лі, свая гульня... А Лі-Лі глянула, як яна ўмее, з туманком у вачах: “Ты ўжо забыўся, што ёсць такая рэч, як прыстойнасць, і паводзіцца прыстойна, жыць прыстойна — гэта нармальна”. Сказала, нібы шкадуючы...
Можа быць, так яно і ёсць... Можа быць.
Цяпер — можа быць, а не тады, калі я думаў, што Лі-Лі са мной хітруе. Папросту дурыць. І калі б аказалася, што яна сапраўды хітравала, надурвала, я б зараз... што мне, лабуху?.. душа пад кадыком... пастукаў і папрасіўся сам ведаю да каго. Ды й наогул не сядзеў бы тут — у кут загнаны.
А яна яшчэ казаць будзе: мыш пад венікам. Ці не яна — Фелікс?..
Занадта мы залежым адзін ад аднаго, залішне.
Толькі што б было, каб не залежылі? І як гэта ўявіць?..
Крабіч так уяўляе: “Я ні ад каго не залежу! Што напісаў — тое маё”. Нібы няма Зіначкі... Няўжо ён і піша так, нібы Зіначкі няма?
Дзякуй за рамонак, Зіначка.
Я не магу так музыку пісаць, нібы няма Камілы. Ніны і Марты. Зоі і Лідзіі Паўлаўны. Лі-Лі.
“Затое, — ашчэрыўся б зараз Крабіч, — я не магу жыць так, нібы Беларусі няма, а ты жывеш!” Ён крычаў яшчэ тады — у нашым клубе парыльным, дзе мы па чацвяргах збіраемся: “І з песнямі прадаеш!”
За мяне заступіліся — і Крабіч на ўсіх наехаў: “Як вы па начах спіце? Як з сумленнем дамаўляецеся?!.”
Мужыкі ў клубе салідныя: пры службе, пры пасадах. Хто рэктар, хто дырэктар... А па Крабічу выходзіла, што ўсе — казлы і падлы! Раз кормяцца з рук улады, якая Беларусь прадае, значыць, падлы і казлы. Як бы ні апраўдваліся і самі пра сябе ні думалі: мы справе служым, а не ўладзе.
Пасля таго я Крабіча не прыводзіў: мы ў лазні не для разборак збіраемся. Клуб — гэта свае, якія яны ні ёсць.
Ды й думаў я не так, як Крабіч, а наадварот: чым больш нармальных людзей ва ўладзе, тым лепш — яны павінны там быць. А як па начах яны спяць, як з сумленнем дамаўляюцца — іх праблемы.
Да аднаго выпадку так думаў...
Росцік у Брэсце пару канцэртаў арганізаваў, мы прыехалі, а першы канцэрт адмянілі: прэзідэнт прылятае і ў той жа зале ў той жа дзень выступае. Шоу такое — куды там нам... Пасля выступлення — пытанні, і цётухна бойкая раптам падымаецца: калі вы, таварыш прэзідэнт, такі харошы, чаму мне дзяцей маіх няма чым карміць? Прэзідэнт — пальцам у першы рад, дзе ўвесь кабінет міністраў разам з прэм’ерам сядзіць: устаць, калі народ пытаецца! І да народа: “Вось хто дзяцей вашых абжырае, глядзіце, якія морды наелі! Жываты нажэрлі — ледзьве ўстаюць!..” Народ, канечне, пляскаць, яму кайф такі — хлебам не кармі, а ў першым радзе пастаялі, жываты падціснуўшы, і селі: ніхто не павярнуўся і не пайшоў. А іх жа на ўсю краіну па тэлебачанні паказвалі — і дзеці іхнія на іх глядзелі, і жонкі, сябры, сваякі бачылі, як у іх пальцам тыкалі, і як яны стаялі, жываты падціскаючы...
Як жа ва ўладзе такой аказацца нармальнаму мужыку?
Росцік у гатэлі ўсю ноч даймаў: “Ну што ў іх жыцці скончылася б?.. Нават калі б мяне, лабуха, так пры ўсіх лажанулі, я б...”
Лабух не міністр.
Назаўтра ўсё ж адзін з міністраў, даўні сябар нашага клуба парыльнага, у адстаўку падаў — і з інфарктам злёг. Шмат што ў жыцці ягоным скончылася — і лазня... Не заўсёды карысна помніць, што ёсць такая рэч, як прыстойнасць, Лі-Лі.
Мне, лабуху, што з ёй рабіць?.. У турме з ёй, бітаму, сядзець?.. Зноў вунь ключы ў замках паварочваюцца...
сёння чацвер, лазня якраз...
калі біць ідуць, дык не вытрываю — так сціскае і здушвае...
люк у падводнай лодцы задрайваюць...
мех на галаву ў кіфе цёмным нацягваюць... — а ў расчыненых дзвярах двое за спінай ахоўніка ківаюцца, але не тыя самыя... тых замянілі, бо слаба білі... — і адзін з новых на Фелікса падобны, другі на Панка: