Гулівер павярнуў галаву і пачаў слухаць, што чытае чалавечак у плашчы. Чалавечак чытаў і гаварыў доўга-доўга. Гулівер нічога не зразумеў, але на ўсякі выпадак кіўнуў галавой і прыклаў да сэрца свабодную руку.
Ён здагадаўся, што перад ім нейкая важная асоба, відаць, каралеўскі пасол.
Перш за ўсё Гулівер вырашыў папрасіць, каб яго накармілі.
З таго часу, як ён пакінуў карабель, у роце ў яго не было ні крошкі. Ён узняў палец і некалькі разоў паднёс яго да губ.
Напэўна, чалавечак у плашчы зразумеў гэты знак. Ён сышоў з памосту, і зараз жа да бакоў Гулівера прыставілі некалькі доўгіх лесвіц.
Не прайшло і чвэрці гадзіны, як сотні згорбленых насільшчыкаў пацягнулі па гэтых лесвіцах кашы з ежай.
У кашах былі тысячы буханак хлеба велічынёй з гарошыну, цэлыя кумпякі — з грэцкі арэх, смажаныя кураняты — меншыя за нашу муху.
Гулівер зараз праглынуў два кумпякі з трыма буханкамі хлеба. Ён з'еў пяць смажаных быкоў, восем вяленых бараноў, дзевятнаццаць вэнджаных парасят і сотні дзве куранят і гусей.
Кашы хутка апусцелі.
Тады чалавечкі падкацілі да рукі Гулівера дзве бочкі з віном. Бочкі былі велізарныя — кожная са шклянку.
Гулівер выбіў дно з адной бочкі, выбіў з другой і некалькімі глыткамі асушыў абедзве.
Чалавечкі пляснулі рукамі ад здзіўлення. Потым яны знакамі папрасілі яго скінуць на зямлю пустыя бочкі.
Гулівер падкінуў абедзве разам. Бочкі перакуліліся ў паветры і з трэскам пакаціліся ў розныя бакі.
Натоўп на лужку расступіўся, гучна закрычаўшы:
— Бора мевола! Бора мевола!
Пасля віна Гуліверу адразу захацелася спаць. Скрозь сон ён чуў, як чалавечкі бегаюць па ўсім яго целе ўдоўж і ўпоперак, скочваюцца з бакоў, быццам з гары, казычуць яго палкамі і коп'ямі, скачуць з пальца на палец.
Яму вельмі хацелася скінуць з сябе дзесятак-другі гэтых маленькіх чалавечкаў, якія не давалі яму спаць, але ён пашкадаваў іх. Як-ніяк, а чалавечкі толькі што гасцінна накармілі яго смачным, сытным абедам, і было б няўдзячнасцю папераламваць ім за гэта рукі і ногі. І зноў жа, Гулівер не мог не дзівіцца з незвычайнай храбрасці гэтых малюсенькіх людзей, што бегалі ўзад і ўперад па грудзях велікана, які мог знішчыць іх усіх адной пстрычкай.
Ён вырашыў не звяртаць на іх увагі і, ап'янелы ад выпітага віна, хутка заснуў.
Чалавечкі толькі гэтага і чакалі. Яны наўмысна падсыпалі ў бочкі з віном соннага парашку, каб гэты велізарны госць заснуў.
4
Краіна, у якую занесла бура Гулівера, называлася Ліліпуція, а жылі ў гэтай краіне ліліпуты.
Самыя высокія дрэвы ў Ліліпуціі былі не вышэй, чым у нас куст парэчак, самыя вялікія дамы былі ніжэй за стол. Такога велікана, як Гулівер, у Ліліпуціі ніхто ніколі не бачыў.
Імператар загадаў прывезці яго ў сталіцу. Для гэтага Гуліверу і падсыпалі соннага парашку.
Пяцьсот цесляроў па загаду імператара змайстравалі велізарныя калёсы на дваццаці двух колах.
Калёсы былі гатовы за некалькі гадзін, але ўзваліць на іх Гулівера было не так проста.
І вось што выдумалі для гэтага ліліпуцкія інжынеры.
Яны паставілі калёсы побач з веліканам, ля самага яго боку. Потым убілі ў зямлю восемдзесят слупкоў з блокамі наверсе і накінулі на гэтыя блокі тоўстыя канаты з кручкамі на канцах. Канаты былі таўшчынёй са звычайную аборку.
Калі ўсё было гатова, ліліпуты ўзяліся за работу. Яны абкруцілі тулава, абедзве нагі і абедзве рукі Гулівера моцнымі павязкамі і, падчапіўшы гэтыя павязкі кручкамі, пачалі цягнуць за канаты.
Дзевяцьсот самых дужых асілкаў былі сабраны для гэтай работы з усіх канцоў Ліліпуціі.
Яны ўпіраліся ў зямлю нагамі і, абліваючыся потам, з усяе сілы цягнулі за канаты.