Ён хацеў працерці вочы, але не змог узняць руку; хацеў сесці, але не змог паварушыцца.
Тонкія вяровачкі аблытвалі ўсяго яго ад галавы да каленяў; рукі і ногі былі моцна спавіты вяровачнай сеткай; вяровачкі абкручвалі кожны палец. Нават доўгія густыя валасы Гулівера былі туга накручаны на маленькія колікі, убітыя ў зямлю, і пераплецены вяровачкамі.
Гулівер быў падобны на вялікую рыбіну, якая трапіла ў сетку.
«Напэўна, я яшчэ сплю», — падумаў ён.
Але тут нешта жывое хуценька ўзлезла яму на нагу, прапаўзло па грудзях і спынілася ля падбародка.
Гулівер паспрабаваў зірнуць туды.
Што за дзіва! Амаль ля самага носа ў яго стаіць чалавечак — малюсенькі, алё самы сапраўдны чалавечак! У руках у яго — лук і страла, за спіною — калчан. А сам — вяршкі са тры росту.
Услед за гэтым на Гулівера ўзлезлі яшчэ дзесяткі чатыры такіх жа маленькіх стралкоў. Ад здзіўлення Гулівер крыкнуў. Чалавечкі замітусіліся і кінуліся хто куды. Яны беглі, спатыкаліся, падалі, падхопліваліся і адзін за другім саскоквалі на зямлю.
Некалькі хвілін да Гулівера ніхто не падыходзіў. Толькі ля вуха ў яго ўвесь час чуўся нейкі шум, быццам там сакаталі конікі.
Але неўзабаве чалавечкі зноў расхрабрыліся і зноў пачалі караскацца ўгору па яго нагах, руках і плячах, а самы смелы з іх падкраўся нават да Гуліверавага твару, пакратаў кап'ём яго падбародак і тоненькім чыстым галаском пракрычаў:
— Гэкіна дэгуль!
— Гэкіна дэгуль! Гэкіна дэгуль! — падхапілі тоненькія галасы з усіх бакоў.
Што азначалі гэтыя словы, Гулівер не зразумеў, хоць і ведаў шмат замежных моў.
Доўга ляжаў Гулівер на спіне. Рукі і ногі ў яго зусім анямелі.
Ён сабраў усю сілу і паспрабаваў адарваць ад зямлі левую руку.
Гэта яму ўдалося. Ён вырваў колікі, на якія былі накручаны сотні тонкіх моцных вяровачак, і ўзняў руку.
У тую ж мінуту хтосьці ўнізе гучна прапішчаў:
— Тольга фанак!
У руку, у твар, у шыю Гулівера ўпіліся сотні стрэл. Стрэлы ў чалавечкаў былі тоненькія і вострыя, як іголкі.
Гулівер заплюшчыў вочы і вырашыў ляжаць нерухома, пакуль не надыдзе ноч.
«У цемры будзе лягчэй вызваліцца», — думаў ён.
Але дачакацца ночы на лужку яму не давялося.
Непадалёк ад яго правага вуха пачуўся часты, дробны стук, быццам нехта побач забіваў у дошку цвікі.
Малаточкі стукалі цэлўю гадзіну.
Гулівер крыху павярнуў галаву — павярнуць яе болей не давалі вяровачкі і колікі — і каля самай сваёй галавы ўбачыў толькі што пабудаваны драўляны памост. Некалькі чалавечкаў прыладжвалі да яго лесвіцу.
Потым яны зніклі, і па прыступках на памост паволі падняўся чалавечак у доўгім плашчы.
За ім ішоў другі, амаль у два разы меншы ростам, і нёс край яго плашча. Напэўна, гэты быў хлопчык-паж. Ён быў не большы за Гулівераў мезены палец.
Апошнімі на памост узышлі два стралкі з нацягнутымі лукамі ў руках.
— Лангра дэгюль сан! — тры разы пракрычаў чалавечак у плашчы і разгарнуў скрутак велічынёй з бярозавы лісток.
Зараз жа да Гулівера падбеглі пяцьдзесят чалавечкаў і абрэзалі вяроўкі, прывязаныя да яго валасоў.