— Usta, — паўтарыў старэйшы. І дадаў: — «Warga» means one lip, «usta» means two lips.
Я быў здзіўлены тым, што ў гэтай мове дзве вусны мелі асобнае слова, але куды больш я быў узрушаны абсалютным непадабенствам «warga», «usta» (яны вымаўлялі апошняе з моцным націскам на першы склад), да вуркатлівага слоўца, якому навучыла мяне Наста.
— Зноў прабачце за пытанне, але яно надта прынцыповае для мяне, — працягнуў я. — А ці ёсць у нашай мове нешта падобнае да «ousli»? Для абазначэння lips.
Талака сцішылася, усе напружана шукалі адказ. Урэшце кагосьці азарыла:
— Ды не «ўслі»! А «вусны»! «Вусны»?
Я пачырванеў, зразумеўшы ўласную памылку і шалёна заківаў: так, так! Вось гэтае слова!
— Дык гэта не па-польску! Тое па-беларуску! — растлумачыў мой выратавальнік. Ён быў караценькі ды надта ўжо ружовенькі, як немаўлятка. Я быў гатовы яго расцалаваць.
— Адкуль ты ведаеш, Войцех? — запыталі ў яго.
— У мяне бацька з Біяластоку, а там так кажуць.
— А ці гэта азначае, што ў беларусаў уласная мова, уласнае камьюніці тут? — запытаўся я.
— Ну, кшталту таго, — адказалі суразмоўцы. — Але ж яны вельмі закрытыя, хлопча! Да іх проста так не трапіш!
Як бачна, мой шлях да Насты складаўся з памылак. Спачатку я памыліўся ў назве раёна Стамбулу, дзе праходзіла выстава Марка Шагала. Потым памыліўся, запрасіўшы яе ў Блакітную мячэць, намаляваўшы сілуэт, які мог быць распазнаны як Святая Сафія. У рэшце рэшт, у пошуках яе я памыліўся, прыняўшы палякаў за «палякаў» у пошуках беларусаў. І я не буду слухаць рэдактара, які працуе з гэтым тэкстам і кажа, што Наста не прыйшла, бо не жадала мяне бачыць, бо ён, Янка, рэдактар, быў у Стамбуле і памятае, што ад Святой Сафіі вельмі ж добра бачная блакітная мячэць, і калі б Наста сапраўды хацела мяне сустрэць, яна б зразумела маю памылку, не, не, Янка, не ўсе такія разумныя, як ты, там было шмат гандлёвых намётаў, з-за намётаў яна не здольная была, не здольная…
Карацей, я вярнуўся да сабе ў студыю з пасведчаннем паляка і пачаў араць сеціва ў пошуках Belarussians у Бостане. Тут была друзачка ад вялікай эмігранцкай арганізацыі беларусаў Амерыкі, якая пасля адной асабліва жудаснай для беларусаў ночы абвесціла сябе адзінай легітымнай уладай маёй краіны (Беларусі). Але на іх сайце не было ніякіх кантактаў, апроч адрэсы info@belarus.сom. На мой мэйл з дэтальным апісаннем сітуацыі і паходжання я атрымаў адказ ад mailing robot, у якім тлумачылася, што мой ліст прыняты да разгляду, аднак апошнім часам сайт некалькі разоў быў атакаваны хакерамі, а чальцы Рады падвергліся нападам невядомых. Таму яны са шкадаваннем канстатуюць, што не змогуць хутка выйсці са мной на сувязь. Аднак калі мой запыт не выклікае ў іх сумневу, яны самі мне патэлефануюць (дзе толькі, цікава, знойдуць нумар? Я даслаў і нумар!). Ад гэтага патыхала ўжо масонствам, таемнымі ложамі, карацей, гэта было бліжэй да майго ўяўлення пра краіну.
Праз сацыяльныя сеткі я выйшаў на бостанскага блогера з мянушкай Franachak, які старанна рабіў допісы па-ангельску, прэтэндуючы на статус native american. Ён апісваў сваё штодзённае жыццё, побыт ды працу ў краме для дваццаці фрэндаў, якія яго чыталі. У profile ён меў караценькае «born in Belarus», а блогі яго фрэндаў былі не кірылічнымі і ўтрымлівалі літарау «ў», па якой, як я зразумеў з Вікіпедыі, прасцей за ўсё ідэнтыфікаваць допіс на мове Насты. Я скантактаваўся з Франачкам, але ён не адказаў на мой скайп-запыт. Якімі close-minded былі гэтыя людзі! Як складана было праціснуцца ў іх кола! Я завёў эккаўнт, у якім падрабязна апісаў, дзе жыву, змясціў фота свайго дома, свайго пакою, апісаў свае зацікаўленасці ды дадаў, што з-за паходжання (я растлумачыў пра Навагрудак), цікаўлюся беларускай мовай і культурай. Я спадзяваўся, што гэта дапаможа мне ва ўсталяванні кантактаў, але я атрымаў два каменты, і ні ў адным з іх не было запрашэння пасябраваць. Першы —«Another set up! Who are you hunting? People from Rada?». Другі, кірылічны, аднак без літары «ў»: «блядь, как заебала эта гэбня с её методами! Иди на хуй, товарищ маёр! Что, блядь, в Школе КГБ мове уже не учат. Или ты думаешь, тебя сам Зенон сейчас должен разыскать, чтобы языку научить?».
Аднойчы прыемным вясеннім вечарам, выходзячы са «Старбаксу», я напаткаў бялявага юнака з засяроджаным поглядам. Гэты погляд быў першым, што я заўважыў, і менавіта дзякуючы яму адчуў, зразумеў… Юнак змушана ўсміхнуўся і сказаў, што пазнаў мяне па фота ў маім прафайле. Што я, мабыць, Джон Вілаў. Я здзіўлена пацвердзіў, а ён растлумачыў, што ён — Франачак, я яму неяк пісаў, і вось, ён праходзіў побач, глядзіць, а ў кавярні сядзіць Джон Вілаў, той самы, які яго шукаў. Я здзівіўся такому тлумачэнню, бо ў кавярні немагчыма было сядзець, гэта быў Starbucks Stand з адзіным крэслам, якое, да таго ж, было занятае, але радасць ад таго, што мы сустрэліся, была большай за здзіўленне.
Франачак перш за ўсё спытаў, ці ёсць у мяне нейкі мэсадж да яго, і гэта таксама было дзіўна, я не зразумеў, што ён мае на ўвазе, але ён махнуў рукой і прапанаваў: «Праехалі». Мы хутка пасябравалі з ім, бо ён адчуў маю прагу да мовы. Менавіта Франачак быў чалавекам, які пазычыў мне вялікі Ангельска-беларускі моўны дапаможнік В. Вячоркі, лепшае, што было дагэтуль створана для агламоўнага вучня, які ні халеры не разумее на мове і нават не здольны чытаць кірыліцу. «Са-ро-ка на шы-бе-ніцы», — па складах чытаў я, засвойваючы правапіс. Больш за ўсё перашкаджалі літары «р», «а», «с», «і», «в», «к», якія ўласнай здрадніцкай прысутнасцю ў абедзвюх мовах імкнуліся павесці па падманнай сцежцы, вымусіць «снег» чытаць як «cher», што, дарэчы, камусьці можа падацца смешным.
Пра Вячорку Франачак расказваў вельмі шмат. Пра тое, які ён выбітны лінгвіст, як шмат зрабіў для мовы ды яе адраджэння, успамінаў нейкі выступ на тэлебачанні, з якога пачалося крушэнне Савецкага Саюза — прынамсі, у галовах беларусаў. Мова, вывучэнне яе, поўнілася для мяне прозвішчамі: я даведваўся пра Некрашэвіча, пра Тарашкевіча, пра Баршчэўскага, пра Міхневіча-Навічэнку, пра Рамзу, пра Пазьняка з Трусавым. Свет набываў новую геаграфію: я даведваўся пра такія месцы, як Прага, Гамбург, Вільня, Таронта, Велінгтан ды іх уплыў на беларушчыну. Яны ўсе казалі пра Атлантыду, праводзячы паралелі з нейкай патанулай краінай, якая ўнесла з сабой пад ваду ўласную культуру ды мову, але мне гэта паэтычнае параўнанне падавалася недасканалым. Беларускі свет хутчэй быў падобны да архіпелага, які ўтрымліваў патанулую Антлантыду (уласна тэрыторыя Беларусі з яе метафізічнай атсутнасцю для самой сябе), аднак утрымліваў і ўсе гэтыя гарады, у адным з каторых час ад часу пісаліся неверагодныя па прыгажосці кнігі, у другім — жыў Вінцук Вячорка і гэтак далей.
Заўвага рэдактара: Джон, пачытай кнігу Акудовіча «Архіпелаг Беларусь» ды пазбягай гэтага калейдаскопу відавочнасцяў, якімі стракаціць твой тэкст!
Адказ аўтара: Янка! Але той, хто спрабуе ўвайсці ў культуру без ведання кантэксту, толькі праз мову, праз артыкуляванне ўласнай суаднесенасці з гэтай культурай, асуджаны на такія паўторы! Бо ён вымушаны ненаўмысна напісаць усе тыя тэксты, якія былі напісаныя да яго, ці, як мінімум, сам дайсці да ўсіх тых думак, што вядомыя нават школьніку, бо выкладзеныя ў падручніках!
Ужо праз тры месяцы я быў здольны разумець (са слоўнікам, вядома ж!) навіны, якія з’яўляліся на сайтах. Так я даведаўся, што з ёй усё добра, што яна «на свабодзе», у «краіне, якая знаходзіцца побач з Радзімай». А больш мне нічога і не трэба было.
Я адразу зразумеў, што згадваць імя Насты ў размовах з любымі беларусамі бессэнсоўна: тыя, хто ведаюць яе, нічым не дапамогуць. Болей за тое, зробяцца падазронымі: чаму шукаеш? Што табе ад яе патрэбна? А што я адкажу? Распавяду пра нашае знаёмства ў Стамбуле?
Таму я расказваў адно пра ўласныя карані ды дзедаў маёнтак. Праз колькі часу атрымаў ліст з сакральнай скрыні info@belarus.сom. У лісце ад імя беларусаў Амерыкі выражалася падзяка за цікавасць да ўласных каранеў. Мне «ад усяго сэрца» жадалі поспехаў. «Ад усяго сэрца» ананімны аўтар пераклаў як «from all my heart», і гэта адразу вымусіла мяне ўзгадаць пра Франачка, які два дні таму «from all his heart» дзякаваў за кубачак макіята, ад якога з пачатку думаў быў адмовіцца. «Як твае суайчыннікі» было перакладзена тут — «how your fellow-countrymen», — нехта быў няздольны адрозніць «як» сцвярджальнае, якое перакладаецца «as…», «as your friend Belarussian» ад «як» пытальнага, якое сапраўды перакладаецца «how» — «how is your friend’s Belarussian?». Роўна ж тая хвароба была ў Франака. Калі наступным вечарам, пасля чарговай порцыі моўных тлумачэнняў ды ягоных адказаў на мае наіўныя пытанні (займаючыся па падручніках, я пазначаў «незразумелкі» на паперках), я запрасіў яго ў кавярню, асабліва падкрэсліў, што хачу аддзячыць кавай, «how his friend» «and from all my heart». Ён добра расчырванеўся, але на прамое пытанне, ці не ён накіраваў мне ліст ад беларусаў Амерыкі, адказаў упэўненым (дарэчы, занадта ўпэўненым, нават не перапытаў) —«не». А вось другое ўдакладненне вымусіла яго скапыціцца: я нахабна спытаў, ці не ўся арганізацыя беларусаў Амерыкі змяшчаецца ў ягонай френд-стужцы? Ён вельмі сумна патлумачыў, што нас сапраўды мала. Дакладней, беларусаў у ЗША даволі многа, аднак яны не зарганізаваныя і не маюць моцных сувязяў адно з адным у эміграцыі. Архіпелаг складаўся з надта ж маленькіх выспачак.
Я працягваў штудзіраваць мову. Нехта значна пазней зрабіў вельмі слушнае назіранне: мая прафесійная арыентацыя на рускае мастацтва не вымусіла мяне зацікавіцца рускай мовай. А карані, цікавасць да ўласнага роду (ён думаў, справа ў каранях!) прывялі да сапраўднай лінгвістычнай ліхаманкі! Праз год інтэнсіўных заняткаў я зразумеў, што Амерыка для мяне скончылася. Цікава, ці не тое ж адчуванне было ў майго дзеда, калі ён прымаў рашэнне з’язджаць з камуністычнай Польшчы сюды? Што краіна быццам паблякла ў параўнанні з тымі думкамі ды памкненнямі, якімі поўняцца грудзі? Ці адчуванне смяротнай небяспекі не давала ўсвядоміць усе гэтыя адценні пачуццяў, робячы асноўным матывам ад’езду смяротны страх, у якім патаналі ўсе астатнія эмоцыі?
Якім, дарэчы, шляхам ён ехаў? Ці не праз Стамбул? Адказаў на гэтыя пытанні ў мяне не было, як не было нікога, хто здольны быў бы мне дапамагчы. Але ж заставацца не было моцы: працы тут ў мяне няма, а заняткі мовай моцна абмежаваныя панаваннем навокал роднага лінгвістычнага асяродку. Выкарыстаць беларускую для хуткай самарыцянскай размовы з іншаземным турыстам не выпадала, я адчуваў сябе чалавекам, які вучыць мёртвую граматыку, кшталту старажытнагрэцкай. І я вырашыў ляцець. Ляцець да яе. У яе Вільню.
На гэтым этапе я здольны быў сфармуляваць простыя выразы, расказаць пра сябе, аднак жа ў моўным плане ўяўляў сабой дакладную кланаваную копію Франачка. Я пераняў яго маўленне, яго словы, яго манеры змякчэння зычных. Мне было цікава, наколькі, напрыклад, утварэнне фрыкатыўнага «г» дыхніцай уласціва ўсім беларусам, але ў мяне не было іншага чалавека, каб запытацца. Я быў на моўнай выспе, а ён з’яўляўся маім Пятніцай. Нават не, не так. Ён быў на моўнай выспе, а Пятніцай быў я! Я прапанаваў правесці сустрэчу некалькіх беларусаў з кола ягоных знаёмых, аднак ён, па-першае, спужаўся, па-другое, растлумачыў, што да бліжэйшага фрэнда са спісу ў яго стужцы ехаць 540 міль. Можа, і брахаў, не выключаю. У любым разе, яго павінна была цешыць сітуацыя наяўнасці ўласнага моўнага раба, які гаварыў яго словамі ды і размаўляць мог на гэтай мове выключна з ім. Часткова гэта было падобна да перададзенай настаўнікам кун-фу пэўнай школы рухаў, але мяне вельмі бянтэжыла, што мой настаўнік казаў «from all my heart» па-ангельску ды блытаў «how» з «as». Ніхто не мог гарантаваць, што ён не такі ж неахайны ў беларускай. Прынамсі, было непрыемна, што калі мы сустрэнемся з Настай, яна будзе размаўляць не са мной, але з моўным адлюстраваннем жывога ды наяўнага фізічна дзесьці хлопца. Гэта было як запрасіць трэцяга ў ложак.
І вось, калі «Боінг» выйшаў на старт, і для кагосьці ён ляцеў у Франкфурт, для кагосьці — у Парыж, а для мяне — у Вільню, Вільню; калі мяккае павелічэнне хуткасці павольна ўціскала мяне ў фатэль; калі мужчына побач адкінуўся назад ды нават не захроп — зароў, я адчуў, што вяртаюся дадому. Вільня сустрэла мяне маленькім начным аэрапортам, памеры ды цішыня якога здаваліся дзіўнымі пасля ўсіх тых шкляных тэрміналаў, дзе толькі на ліфце, які вядзе да цягніка на перасадку, трэба ўздымацца дзесяць хвілін. У таксоўцы я ўсё круціў галавой, шукаў у перадсвітальным прыцемку прыкметы блізкай жалезнай заслоны. Аднак тут, на адлегласці ўсяго дваццаці хвілінаў язды ад Беларусі, не было ні скіраваных у той бок балістычных ракет, ні танкаў, ні бясконцых, да небасхілу, шыхтоў вайсковых намётаў. Атлантыды не было бачна, як не было бачна на мапе СССР другога архіпелагу, апісанага знакамітым барадатым рускім (прозвішча я забыў).
Вільня апынулася дакладнай процівагай таго, што я сабе паспеў наўяўляць. Замест мілітарызаванай спужанай купіны цывілізаванасці ў ценю вялікіх памежных муроў, замест хакі, танэляў ды мядзведзяў, мяне сустрэла вытанчанае барока ружовага адцення, амытае персікавым святлом цудоўнага світанка. Недзе брахаў сабака. У празрыстай лужыне адлюстроўвалася блакітнае неба, немагчымае, не бачнае ў вялікіх гарадах. Па ходніках цырымонна ішла францісканская манашка. Чалавек у добрым гарадскім строі калоў дровы на падворку хаты, складзенай з пачарнелай ад часу цэглы. Па небе ляцеў самалёт, заўважны з такой відавочнай пранізлівасцю, з якой яго можна пабачыць толькі за межамі гораду. Самалёт пакідаў белы тлусты след, які чамусьці нагадваў пра дзяцінства. У траве ля цяністай ракі, у якую быў абгорнуты цэнтр горада, шамацелі люткі. З галавы не йшло: у японцаў лютка сімвалізуе шчасце, а ці шмат люткаў я пабачыў за ўсё жыццё ў Бостане? Хацелася жыць сто гадоў ці ехаць кудысьці, забыўшыся пра час, грошы ды іншыя другарадныя акалічнасці. Прыйшло менавіта тое пачуццё, якое я аднойчы ўжо адчуў побач з ёй. Так, так, я быў побач. Я гэта адчуваў.
Мяне з задавальненнем прынялі ў тутэйшай Акадэміі мастацтваў. Пасля кароткай аўдыенцыі жанчына-рэктар, асноўнай адметнасцю якой было тое, што яна нібы стрымлівала кожнае ўласнае слова, узважвала яго, аглядала з усіх бакоў ды толькі пасля гэтага дазваляла яму дайсці да маіх вушэй, прапанавала выкладаць курс па «чым заўгодна, акрамя расейскага жывапісу». Я не стаў удакладняць, чаму фармулёўка была такой дзіўнай: і так зразумела, што ў іх ужо ёсць выкладчык па гэтай спецыяльнасці.
«А што значыць гэтае параўнанне вас з Рональдам Макдональдам у „Нью-Йорк Таймс“?» — з вялікімі паўзамі паміж словамі запытала яна, і было бачна, што гэта не прычэпка, яна сапраўды не разумее. Я сканфузіўся, пачырванеў, і яна дапамагла, са здагадлівасцю пральнай машыны, з якой хтосьці паспрабаваў дазваніцца па міжгорадзе: «Мабыць, Рональд Макдональд у вашай культуры сімвалізуе паспяховасць ва ўласнай галіне»? Прамармытаўшы «штосьці кшталту таго», я атрымаў свае лекцыі разам з дазволам выкладаць па-ангельску.
У якасці жытла я абраў сабе двухузроўневую кватэрку побач з тым знакамітым домікам на Піліес, у сцену якога ўмантаваныя керамічныя імбрычкі (кожны, хто быў у Вільні, ведае гэты домік ды вузенькую віхлястую вулачку, якая за ім пачынаецца). Імбрыкі падаліся мне сімвалам чагосьці няяўна звязанага са Стамбулам, таму я адразу пагадзіўся з усімі ўмовамі, адной з якіх было не прыязджаць дадому на матацыкле. Збочыўшы на гэтую вуліцу, адразу апынаешся між двух высокіх муроў, утвораных суворымі бязвокімі дамамі, памеры неба над галавой сціскаюцца да маленькай шэрай палоскі, да якой, у выпадку чаго — не дацягнуцца, не даскочыць, хіба што — душой. Трэба мінаваць выкапнёвы востаў дагістарычнага «Фальксвагену», з якога час ужо прыбраў усе тканіны ды цягліцы, пакінуўшы выключна скамянелыя косткі; склад дроваў; гатэль, што палыхае раскошай; счарнелую ад часу будыніну, якая нагадвае ўжо загублены карыесам зуб; бясконцую сцену, ля якой хочацца каго-небудзь расстраляць ці быць расстраляным самому; у выніку вы апынецеся ля непрыкметнай сярэдневечнай хаціны, сценка якой будзе пазначана сумным анёлам, белым, як лядоўня: мы на месцы.