— Я з Кракозіі, —коратка адказала яна.
— О, якое супадзенне! Мая дачка вучыцца там! — расквітнеў ён.
— Як прыемна, — адказала яна з’едліва. — Звычайна людзі ў нас далей за тэрмінал у аэрапорце не заязджаюць.
— Навошта ты так? — паўшчуваў я яе.
— Нармуль, мы абодва атрымалі асалоду. Ён — з-за таго, што падмануў мяне, я — з-за таго, што не дала сябе падмануць. Ты лепш растлумач мне, Джон Вілаў, якой трасцай цябе занесла ў рускую культуру і рускі жывапіс. Мог бы заняцца чымсьці прыстойным, напрыклад, — французамі дзевятнаццатага стагоддзя, як твой сябра Дзюпер’е!
— Фашыстка! — бадзёра адгункнуўся я.
— Ад рускага шавініста чую! «Шагал — вялікі рускі мастак»!
— Ну з Расеяй у мяне сапраўды ёсць пэўная эмацыйная сувязь. Справа ў тым, што я амерыканец толькі ў другім калене. Мой дзед быў эмігрантам.
— Адкуль? З Расеі?
— Так, з Расеі. Так, але не зусім так. Ён сам заўсёды казаў, што ён родам з Польшчы, а бабуля, якая пажыла больш за яго, нават вывучылася балбатаць па-ангельску, сцвярджала, што яны з Расеі. Карацей, я заўсёды лічыў, што Расея гэта такая маленькая, утульная частка Польшчы (бабця вельмі цёпла казала пра Расею, усё ўзгадвала нейкую Выру, сугучную твайму «выраю»). My school не надта намагалася растлумачыць мне, што я памыляюся, бо быў USSR, які на ўсіх нашых мапах пазначаўся адным колерам. Ва універсітэце, дзе я нават нейкую гісторыю рэгіёна хапануў, было ўжо позна. Мае ўяўленні аб свеце збольшага ўжо склаліся ды былі на звышсэнсоўным узроўні нязменнымі.
– І ты не вельмі цікавіўся.
— Не вельмі. Гэта было не надта істотным. Для мяне перамога нашай team у футбол была значна больш істотнай, чым уся гэтая штука з утварэннем і знікненнем USSR.
– І чаму ж гісторыя мастацтва?
— Там, у гэтай Расеі-Польшчы, у дзеда застаўся маёнтак. Я разумею, ён там быў не апошнім чалавекам… А яго дзед ці прадзед ці прапрадзед нават яшчэ больш за яго не апошнім. Сябраваў з нейкім local oligarch, які ўзнагародзіў яго ў 17-м стагоддзі… Гэтым маёнткам… Італьянскі архітэктар праектаваў… Драўляныя калоны, два паверхі, элементы барока. Старадаўні маёнтак, які належаў спаконвек нашаму роду, які быў… Як жа ён гэтае слова… Ён нават бацьку майго вучыў прыметніку… Ён неяк мне казаў, аднак я забыўся.
— Успамінай, Джон! Якім быў ваш род?
— Не помню. Надта ж яно не па-ангельску гучала!
— Bagaty?
— No!
— Visakarodni?
— No!
— Aristokratichny?
— No!
— Zamozhni?
— Вось! Дакладна! «Заможны»! Род быў заможны ды з каранямі… Нават нейкая паперка была, з чымсьці кшталту геаграфічнага абазначэння рэк ды вытокаў, аднак на кожным вытоку — нейкае прозвішча…
— Радавод? Гэта быў радавод?
— Мабыць… Як бабця з жыцця пайшла, маці ў труну ёй паклала. Маёй маці ўся гэтая гісторыя не надта падабалася, яна хацела, каб я сябе адчуваў сапраўдным амерыканцам, без усёй гэтай эмігранцкай лухты, як яна гэта называла… А дзед… Ён надта быў стары, калі я нарадзіўся. Мы амаль з ім не размаўлялі… Амаль што… Але я памятаю, як ён плакаў над карцінай мастака рускага… Як яго звалі? Такое рускае прозвішча… Як у паэта… Жукоўскі! Успомніў! Жукоўскі!
— Зараз як трэсну табе! Станіслаў Юльян Жукоўскі быў рускім мастаком?
— А што? Ну так… Прозвішча… Але не… Я памятаю, дзед казаў, што не рускім, а польскім… Аднак дзед усё польскім называў. Яны заўсёды з бабкай сварыліся. Тая кажа, што бліны з бульбы — руская страва, а ён кажа — польская…
— Дурань ты бязродны, дранікі табе руская страва? Ці польская? Вось зараз дакладна трэсну!
— Ды што такое?